Лепельскі рэнесанс

ЖЫВЁЛАВОДЫ Лепельскага раёна прыбавілі ў новым годзе па вытворчасці малака. Сярэднясутачны надой ад каровы складае 11,2 кілаграма, або шэсцьсот грамаў да адпаведнага перыяду мінулага года. Але, як паведаміў начальнік райсельгасхарчу Васіль ЧАРАДНІК, прыбытак ёсць далёка не ва ўсіх. Калі ў СВФ «Заазер’е» ААТ «Лепельскі МКК» атрымліваюць ад каровы па 18,5 кілаграма малака ў суткі, што ажно на 3,3 кілаграма больш, чым у мінулагоднім студзені, то ў КУП СГП «Баброва» на малочна-таварным комплексе ўсяго па 6,7 кілаграма, але і гэты мізэр на паўкілаграма ніжэйшы, чым год назад.

Дакуль у раёне даяркі будуць даіць у вёдры і рабіць за сімвалічную зарплату

ЖЫВЁЛАВОДЫ Лепельскага раёна прыбавілі ў новым годзе па вытворчасці малака. Сярэднясутачны надой ад каровы складае 11,2 кілаграма, або шэсцьсот грамаў да адпаведнага перыяду мінулага года. Але, як паведаміў начальнік райсельгасхарчу Васіль ЧАРАДНІК, прыбытак ёсць далёка не ва ўсіх. Калі ў СВФ «Заазер’е» ААТ «Лепельскі МКК» атрымліваюць ад каровы па 18,5 кілаграма малака ў суткі, што ажно на 3,3 кілаграма больш, чым у мінулагоднім студзені, то ў КУП СГП «Баброва» на малочна-таварным комплексе ўсяго па 6,7 кілаграма, але і гэты мізэр на паўкілаграма ніжэйшы, чым год назад.

Хто хоча ўбачыць заўтрашні дзень жывёлагадоўлі, трэба пабываць у СВФ «Заазер’е» ААТ «Лепельскі малочна-кансервавы камбінат». Тут, не пабаюся гэтага выразу, працуе сапраўдная фабрыка малака, аснашчаная па апошняму слову тэхнікі. Кідаецца ў вочы вонкавы выгляд прыгожых і акуратных памяшканняў, ідэальная чысціня на тэрыторыі вакол іх. Парадак і амаль бязлюдна ўнутры, бо замест аператараў кароў дояць робаты.

На першым, так званым «тысячніку», — іх дванаццаць. Надой ад каровы ў суткі цяпер там складае 23 кілаграмы малака. У кастрычніку мінулага года запусцілі ў строй яшчэ адну рабатызаваную малочна-таварную ферму на чатырыста галоў. Тут механічных памочнікаў шэсць. За два месяцы надой ад каровы ў суткі вырас з 14 кілаграмаў да 18. І, як зазначае загадчык фермы Святлана Ляйко, гэта толькі пачатак. Усё малако ідзе сортам «экстра».

Аблегчылася праца і саміх жывёлаводаў.

— Усё выконваюць робаты, — дзеліцца ўражаннямі аператар Ларыса Ісаковіч. — Мне даводзіцца толькі сачыць па маніторы за ходам працэсу ды падганяць да робатаў кароў, якія «праспалі». Цяпер проста не верыцца, што яшчэ не так даўно даіла малако ў бачок, цягала ў руках пудовыя флягі. Не параўнаць і зарплату. Сёння яна ў мяне за шэсць мільёнаў рублёў у месяц.

З першага погляду на малочна-таварным комплексе «Баброва» аднайменнага сельгаспрадпрыемства ўсё выдатна: чысціня ў вытворчых памяшканнях, дастаткова кармоў. Вось толькі няма галоўнага — прадукцыі: усяго 6,7 кілаграма ад каровы, або амаль удвая менш сярэднераённага паказчыка.

У Лепельскім райсельгасхарчы сітуацыю патлумачылі няважнай дысцыплінай у калектыве. Ну што ж, як кажуць, бліжэй — відней. Але адкуль быць той дысцыпліне, калі за год на комплексе памяняліся... чатыры загадчыкі, у гаспадарцы няма галоўнага заатэхніка?!

Перад дзённай дойкай давялося пагутарыць з аператарамі машыннага даення. Настрой у большасці з іх не асабліва добры. Якраз раздалі лісткі з зарплатай за снежань мінулага года. Радавацца не было чаму. Лепшай даярцы Наташы Лоскай налічана 2 мільёны 567 тысяч рублёў. Пасля ўсіх вылікаў заставалася атрымаць усяго 1,5 мільёна. У іншых і таго менш. Мяне зацікавіла адна лічба: у кожнага з аператараў машыннага даення з зарплаты было ўтрымана па сто сорак тысяч рублёў за урон, які яны нанеслі гаспадарцы.

— У чым жа яны правініліся? — спрабую высветліць у загадчыцы комплексу Людмілы Гаўрылавай.

— Аднойчы малако пайшло другім сортам, — патлумачыла Людміла.

Падумалася, што работнікі будуць абвяргаць суму штрафу. Але якраз ніхто пра гэта не заікнуўся. Размова пайшла зусім пра іншае — умовы працы. На дабротным комплексу на чатырыста кароў малако дояць у... бачкі.

У кожнага аператара — па паўсотні галоў. Вось і паспрабуй пацягаць тыя бачкі тры разы на дзень і амаль без выхадных, як было летась. З новага года іх сталі даваць. Наташы Лоскай выхадны дала яе маці, Таццяна Лебедзева, якая знаходзілася ўжо на заслужаным адпачынку.

Гэту «бачковую» праблему дружна абмяркоўваюць усе аператары. Маўляў, і трубы даўно для малакаправода зманціраваны, і іншае абсталяванне закуплена, а воз па-ранейшаму на месцы. Праз некаторы час на ферме зноў загрымелі вёдры, у якія разлівалі патаку для кароў, сыпалі камбікорм. Пасля пачалася дойка. У тыя самыя славутыя «дагістарычныя» бачкі!..

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Фота аўтара

Р.S. Калі рыхтаваўся матэрыял да друку, з Лепельскага райсельгасхарчу паведамілі, што на адной палове комплексу «Баброва» малакаправод запушчаны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter