Обзор книг «Дзiцячы атлас Беларусi. Легенды i паданнi» и Саламона Маймана «Аўтабiяграфiя»

Легенды кнiжнай зiмы

Дзiцячы атлас Беларусi. Легенды i паданнi. 
Мiнск, Мастацкая лiтаратура, 2018.

Гартаючы атлас, юныя чытачы патрапяць у дзiвосны свет беларускай мiфалогii i па‑новаму адкрыюць для сябе нават вядомыя мясцiны. Напрыклад, даведаюцца пра волата‑чараўнiка Менеска, якi пабудаваў на рацэ Свiслач вялiкi вадзяны млын, на якiм малоў камянi. А хiба не запомнiцца гiсторыя пра Цара‑змея, якi шыў на замову вопратку i абутак, седзячы ў сваiм каменным доме там, дзе цяпер горад Камянец? Персанажамi легенды робяцца князь Дзвiн, ягоная жонка княгiня Друя i iх дачка Дрыва — у гэтых iмёнах адразу можна пазнаць назвы беларускiх рэчак. Полацк запомнiцца гiсторыяй пра зачараваны скарб, якi ахоўвае асiлак з жалезным мячом у руцэ, Добруш — паданнем пра млынара Добруша, якога загубiў злы чараўнiк. На кожным развароце, прысвечаным аднаму з беларускiх гарадоў i ягонай легендзе, можна ўбачыць адметныя архiтэктурныя помнiкi. Маляўнiчае выданне, якое выклiча цiкавасць да беларускай гiсторыi i культуры, абавязкова трэба мець у кожным доме.

Саламон Майман. Аўтабiяграфiя. 
Мiнск, Эканомпрэс, 2018

«Мой дзед Ёзаф Гайман быў арандатарам некалькiх вёсак паблiзу горада Мiр ва ўладаннях князя Радзiвiла. Для свайго месца жыхарства ён выбраў адну з гэтых вёсак ля ракi Нёман з назваю Жукаў Барок, дзе, акрамя некаторых шматлiкiх сялянскiх двароў, былi яшчэ вадзяны млын, невялiчкая прыстань i складская пляцоўка для тавараў, што прывозiлi караблi з Кёнiгсберга, з Прусii». Так пачынаюцца ўспамiны сусветна вядомага нямецкага фiлосафа габрэйскага паходжання Саламона Маймана. Ягоная аўтабiяграфiя была ўпершыню выдадзеная ў 1792 годзе на нямецкай мове ў Германii. I вось упершыню пабачыла свет на беларускай мове, тым самым дорачы нам магчымасць лепей даведацца пра гiсторыю Беларусi. Вёска Жукаў Барок, дзе нарадзiўся Саламон Майман, адметная: у ёй правёў дзяцiнства паэт Адам Плуг, жылi Уладзiслаў Сыракомля i Вiнцэсь Каратынскi, псiхолаг i педагог Юзэфа Кодыс. У мемуарах Саламона Маймана мы сустрэнем i ягоную перапiску з Кантам, i ўспамiны пра непрадказальнага магната Пане Каханку, вясёлыя i трагiчныя анекдоты з жыцця беларускага мястэчка i фiласофскiя роздумы... Быў Саламон такi разумны, што ўжо ў адзiнаццаць гадоў зрабiўся выгадным жанiхом. Майман з гумарам, праўда горкiм, апiсвае спаборнiцтва памiж бацькамi нявест, у якiм перамагла ўладальнiца карчмы мадам Рыся. Так што Саламон ажанiўся ў адзiнаццаць, у чатырнаццаць стаў бацькам. А праз некалькi гадоў уцёк з дому — да ведаў i сусветнай славы. Шлях ягоны быў пакручасты, слава ягоная, як зазвычай, узляцела пасля ягонай смерцi. А нам засталiся яскравыя малюнкi жыцця. Вось, напрыклад, у карчму цешчы прынеслi непрытомнага князя Радзiвiла, якi ў дарозе перапiў вянгерскага вiна. «Я мусiў, як заўсёды, даць драла. А мае амазонкi, мая цешча i мая жонка, спадзеючыся на сваё геройства, засталiся адны дома. Усю ноч напралёт стаяў гвалт; у тым самым пакоi, дзе ляжаў Яго светласць, калолi дровы, варылi i смажылi. Ужо ведалi, што калi Яго княжацкая светласць спаў, то пабудзiць яго не здолела б нiшто, акрамя хiба што трубы страшнага суда». А назаўтра князь, прачнуўшыся, палуднаваў у тым самым месцы, дзе начаваў: «У мiзэрнай карчме, сцены якое ад куродыму i сажы былi чорныя, бы вугаль, бэлькi якое былi падпёртыя няўклюднымi круглымi бярвёнамi... — у гэтым доме сядзелi князi на брудных лаўках за яшчэ болей брудным сталом у бляску сваёй велiчы i спажывалi найдалiкатнейшыя стравы i цудоўныя вiны з залатога посуду».

Издания для обзора предоставлены книжным магазином «Академическая книга», Минск, пр-т Независимости, 72.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter