Калі ў Мінску канчаткова знікнуць камунальныя кватэры?

Легенды і міфы агульнай кухні

Доўгія чэргі ў ванны пакой, бялізна, развешаная на вяроўках уздоўж сцяны ў калідоры, паасобныя электралічыльнікі, агульная кухня і шкодныя часам суседзі... Гэты каларытны вобраз камунальнай кватэры, сфарміраваны савецкімі кінастужкамі, ужо безнадзейна састарэў. Ну, ці амаль безнадзейна. Таму што агульныя кухні ў нас засталіся дагэтуль. Даведацца пра старыя і новыя камунальныя кватэры, а заадно і ўдакладніць іх цяперашні статус і перспектывы вырашыла карэспандэнт «Р».


Класічныя камуналкі адыходзяць у нябыт.

На асабовым рахунку


Сапраўдныя камунальныя кватэры ў Мінску ёсць. Праўда, дакладную іх колькасць не падлічаць нават спецыялісты. Пра самы, бадай, вядомы дом № 15 на вуліцы Гая і пра лёсы яго насельнікаў мы ўжо пісалі раней. Яшчэ адзін артэфакт — дом 23 на вуліцы Акадэмічнай. У асноўным нешматлікія будынкі сканцэнтраваны ў раёнах малапавярховай забудовы. У Мінску такія звычайна чакаюць, калі іх разбураць. Бо, знаходзячыся ў зоне перспектыўнага зносу, пад праграму капрамонту яны не трапляюць. Але такія ўжо аджываюць свой век. Сучасная камуналка выглядае прыблізна так: тыпавая кватэра ў некалькі пакояў з агульнай кухняй. Толькі ў РДЦ    № 4 у мікрараёне Каменная Горка такіх 230 штук.


Пад адным дахам часта збіраюцца людзі розных прафесій і інтарэсаў.

Начальнік разлікова-даведачнага цэнтра Юлія Агеева ўдакладняе: гэта кватэры з паасобнымі асабовымі рахункамі. І наўрад ці іх можна называць камунальнымі ў прамым сэнсе. Таму што іх жыхары часцей за ўсё сваякі, якія па нейкіх прычынах не жадаюць весці агульную гаспадарку. Тыповы партрэт — муж і жонка, якія скасавалі шлюб, альбо радня, якая не можа дамовіцца наконт падзелу спадчыны.


Агульную кухню і пральню зараз яшчэ можна знайсці.

Спецыяліст прыводзіць прыклад: у чатырохпакаёвай кватэры на вуліцы Каменнагорскай чатыры ўласнікі. Два свае долі прыватызавалі, нерухомасць яшчэ двух — камерцыйнага выкарыстання. Нагадаю, пасля 1 ліпеня 2016 года ўсё непрыватызаванае жыллё стала так званым арэндным. Прычым перайшло яно ў разрад камерцыйнага незалежна ад сваіх спажывецкіх якасцей і метражу. Нюанс: зараз падзяліць асабовыя рахункі ў кватэрах камерцыйнага выкарыстання не атрымаецца. Закон не дазваляе.

Аплата збольшага


Вернемся да кватэры з нетыповай гісторыяй. Чым не камуналка? Адзін ванны пакой, санвузел, кухня і калідор. І чатыры жанчыны. Напэўна, ёсць пра што пагаварыць. Няма пра што, адсякае Алена, адна з гаспадынь. Дамы (а гэта дзве родныя сястры, іх нявестка і пляменніца) паміж сабой не сябруюць, адносіны паміж імі больш чым нацягнутыя. Камунальныя паслугі кожная аплачвае прапарцыянальна вылучаным долям і занятым квадратным метрам. І ў агульным калідоры няма нават паасобных электралічыльнікаў.

Наведваюся яшчэ па некалькіх адрасах на суседніх вуліцах — Кунцаўшчыне і Нёманскай. Карціна прыблізна аднолькавая: двух- або трохпакаёвыя кватэры, у якіх пражываюць дзве ці тры сям'і. Па законе яны сваякі, але па факце такімі сябе не лічаць. Так, у кухні два халадзільнікі, два абедзенныя сталы, дзве навясныя шафы. У астатнім усё, як ва ўсіх.

Усё, ды не ўсё. Адно адрозненне прычыняе нямала праблем спецыялістам разлікова-даведачнага цэнтра. Гэта метады ўздзеяння на даўжнікоў, якія не жадаюць аплачваць жыллёва-камунальныя паслугі. Дарэчы, у РДЦ № 4 такіх 236 асабовых рахункаў.

— Жыллёвы кодэкс дазваляе высяляць даўжнiка ў жылое памяшканне меншай плошчы, — тлумачыць Юлія Агеева. — На практыцы перасяленне даўжнiка, які пражывае ў кватэры з агульнай кухняй, не вырашае праблему аплаты жыллёва-камунальных паслуг. Таму што чалавека пераселяць з аднаго пакоя з агульнай кухняй у іншы пакой і таксама з агульнай кухняй. Жыхару ўсё роўна, за які з пакояў не плаціць. Гэта ўладальніка ўласнай кватэры можна прыстрашыць адчужэннем жылога памяшкання.

Па лепшую долю


Дык колькі ж так званых камунальных кватэр? У Адзіным разлікова-даведачным цэнтры Мінска даведваюся: у горадзе амаль 18 тысяч падзеленых асабовых рахункаў.

І наўрад ці кватэры з агульнай кухняй у бліжэйшы час знікнуць. Попыт на асобныя пакоі і долі ў кватэрах зараз даволі высокі, расказвае намеснік дырэктара па продажы на другасным рынку жылля агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Святлана Кудзелка. Цяпер на рынку нерухомасці з'явілася шмат жылля, пабудаванага ў 1950—1970-я гады мінулага стагоддзя. Такія кватэры звычайна застаюцца ў спадчыну, а таму часта ідуць з малатка долямі (прасцей кажучы, пакоямі).


Вялікі і доўгі калідор — адметная рыса камунальнай кватэры.

Хто іх асноўныя пакупнікі? Яны розныя. Ахвотна бяруць пакоі для іншагародніх студэнтаў, для мужа і жонкі, якія раз'язджаюцца. Тыя, каму ад продажу адной кватэры не хапае на дзве асобныя. Хтосьці набывае нерухомасць для пражывання, іншыя робяць такім чынам інвестыцыі. Бывае, купляюць адзін пакой у двушцы, а пазней у ёй жа яшчэ адзін. Цэлая кватэра, набытая долямі, будзе прыкладна на трэць танней, чым калі б яна выстаўлялася адразу ўся. І цяпер пакупніцкі попыт на іх узрос, удакладняе спецыяліст.

А калі ёсць попыт, значыць, будуць і прапановы. І, здаецца, пра камунальныя кватэры ў іх сучасным выкананні мы яшчэ доўга будзем гаварыць.

   misnik@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter