Легенды i былi старажытнай Дукоры

У маёй роднай вёсцы Дукора, што на Пухаўшчыне, бадай што ў кожнай сям’i малым дзеткам расказваюць перш-наперш не казку, а старую мясцовую легенду. Яна перадаецца з пакалення ў пакаленне ўжо не адно стагоддзе. Мне расказала яе дукорская старажылка Усцiння Рак, 1911 года нараджэння. Дукорская сялянка-прыгажуня надзвычай спадабалася пану, ён загадаў прывесцi яе ў свой палац, але адмовiлася дзяўчына стаць панскай каханкай, ледзь не зарэзала нахабнага гаспадара. Гэтага пан не мог дараваць. Жывой замуравалi дзяўчыну ў сцяну панскай канюшнi...

Цi было тое на самай справе? Хутчэй за ўсё — так, легенда мае пад сабой строга дакументальную аснову. Легенду звязваюць з iмем пана Оштарпа. Ён, былы радавы шведскi салдат, быў упраўляючым дукорскага маёнтка, а пасля, у 1791 годзе, набыў яго. Панскi палац тады вызначаўся неверагоднай раскошай, прыслугi было каля ста чалавек, а панская лютасць — нечалавечай. Дукорская легенда заканчваецца тым, што жанiх гордай сялянкi адпомсцiў ненавiснаму пану. Ён з сябрамi падпiлаваў мост праз Свiслач — i панская карэта ўпала ў раку... Краязнаўца Алесь Карлюкевiч удакладняе: пра тое, што Оштарп патануў у Свiслачы, пiша вядомы даследчык Беларусi ХIХ ст. Павел Шпiлеўскi.
Гiсторыя Дукоры iдзе ў сiвую даўнiну. Вёсцы каля пяцiсот гадоў. Нiхто дакладна не бярэцца сцвярджаць, адкуль пайшла назва старажытнай Дукоры. Некаторыя даследчыкi расшыфроўваюць назву як “дачка князя”, паколькi ў балцкiх мовах слова “дукра” азначае “дачка”. А iншыя лiчаць, што назва паходзiць ад лацiнскага слова decoro — “упрыгожваю”. У розныя часы Дукора належала Сапегам, Завiшам, Агiнскiм, Манюшкам, Оштарпам, Гартынчам.
Дукорскi палац вызначаўся неверагоднай раскошай. Там была багатая бiблiятэка, вялiкая калекцыя  карцiн. У пачатку ХIХ ст. працавалi прыгонны цырк, аркестр, а потым i тэатр. Дукорскi палац-прыгажун занатаваў на адной з работ вядомы мастак Напалеон Орда (1807—1883).
Пасля рэвалюцыi ў палацы размясцiлася школа. Мая прабабка Антанiна Аляксандраўна, якой у гэтым годзе споўнiцца 93, расказвае:
— Я хадзiла ў школу, калi яна знаходзiлася ў былым панскiм доме. Гэта быў сапраўдны двухпавярховы палац. Вельмi прыгожы, ва ўсiх пакоях столь была распiсана неяк незвычайна. У склепе стаялi грабнiцы, побач — выкаваныя з жалеза кветкi...
Панскi палац у час Вялiкай Айчыннай вайны ўзарвалi партызаны. Адзiн з арганiзатараў партызанскага руху на Мiншчыне, былы дырэктар Дукорскай школы, гiсторык Мiкалай Пятровiч Страх расказваў, што немцы ператварылi панскi палац у свой штаб, а ў падвале зрабiлi турму, дзе катавалi патрыётаў.
Мая родная Дукора, па сутнасцi, паўтарыла лёс усёй Беларусi: у 1918-м акупiравана кайзераўскiмi войскамi, а ў 1919—1920 гг. — палякамi. Менавiта гэтая старонка дукорскай гiсторыi адметная для ўсёй Беларусi. Яна знайшла ўвасабленне i ў нацыянальнай лiтаратуры. У Дукоры дзейнiчаў партызанскi атрад пад кiраўнiцтвам Андрэя Блажко. Атрад аб’ядноўваў не толькi жыхароў Дукоры, але i шэрагу суседнiх i больш аддаленых вёсак.
Андрэй Блажко нарадзiўся ў 1895 годзе ў вёсцы Харавiчы (цяпер гэта частка Дукоры) у беднай сялянскай сям’i. У 1915 годзе стаў матросам Балтыйскага флоту. Удзельнiчаў у Кастрычнiцкай рэвалюцыi. У 1919-м прыехаў на радзiму, там яго i застала польская iнтэрвенцыя. У доме Блажко размяшчаўся штаб атрада.
Як сведчаць дакументы, атрад аб’ядноўваў каля 600 чалавек. Партызаны вялi агiтработу сярод сялян, псавалi лiнii сувязi, выконвалi заданнi камандавання Чырвонай Армii. Падпольны камiтэт сiламi партызан i падпольшчыкаў рыхтаваў на май 1920 года адначасовы ўдар па ворагу ў некалькiх месцах. Але польская дэфензiва натрапiла на iх след. Па даносу правакатара польскiя карнiкi ў канцы красавiка 1920 года арыштавалi многiх партызан. 11 найбольш актыўных змагароў акупанты расстралялi ва ўрочышчы Пушча.
Маёй прабабцы Алене Пятроўне Шлапак (на жаль, яна ўжо нябожчыца) тады было 11 гадоў, яна добра памятала, як партызан вялi ў пушчу на расстрэл: “Гэта было цёплым сонечным ранкам, калi цвiлi сады, i птушкi так спявалi-залiвалiся — нiбы галасiлi. А яны, маладыя прыгожыя хлопцы, праходзiлi збiтыя-знясiленыя свой апошнi шлях”. Палякi не падпускалi нiкога блiзка да партызан, але падлеткi, якiя пасвiлi коней, залезлi на дрэвы, усё бачылi. I расказалi ўсiм...
У вёсцы ведалi, што Андрэй Блажко збiраўся ажанiцца з вясковай прыгажуняй Надзейкай. Яе папярэдзiлi, каб сышла з вёскi. Ёй цудам удалося выратавацца. Палякi хадзiлi па хатах, паказвалi Надзейчыну картачку, але ўсе адказвалi: “Не ведаем, незнаёмая...”. Палякi ўшчэнт абрабавалi вёску, кожную хату.
...30 партызан былi сасланы ў польскiя турмы, дзе пяцёра з iх загiнулi.
Дукорскiм партызанам прысвечана п’еса мясцовага настаўнiка, аднаго з пачынальнiкаў сучаснай беларускай драматургii Васiля Гарбацэвiча “Чырвоныя кветкi Беларусi”. Менавiта дзейнасць дукорскiх партызан стала асновай вядомай п’есы Кандрата Крапiвы “Партызаны”. Старажылы расказваюць, што ў канцы 30-х драматург прыязджаў у Дукору, чытаў мясцовым жыхарам сваю п’есу.
На працягу многiх дзесяцiгоддзяў мясцовы калгас насiў iмя 16 партызан. Але чамусьцi адмовiлiся ад той назвы — зараз гэта СВК “Дукора”.
Я правёў апытанне сярод мясцовых жыхароў. Усе выказвалiся аднагалосна: было б добра дзеля гiстарычнай памяцi i патрыятычнага выхавання насельнiцтва ўдакладнiць назву — СВК “Дукора” iмя 16 партызан.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter