
Незвычайны выгляд
Некаторыя машыны вы не заўважыце на кадрах фільмаў аб вайне, яны не падобныя да звыклых танкаў і маюць незвычайны сілуэт. Да такіх можна аднесці БА-11 — цяжкі савецкі бронеаўтамабіль, узброены 45-міліметровай гарматай і двума танкавымі кулямётамі Дзегцярова. Гэта вельмі рэдкая машына — было выпушчана толькі 17 экзэмпляраў, серыйнаму іх выпуску перашкодзіла вайна, ды і перавагу аддалі гусенічнай тэхніцы. Пабудова хадавой копіі БА-11 нядаўна завяршылася на «Лініі Сталіна».
— Першыя машыны рабілі на базе армейскага грузавога аўтамабіля павышанай праходнасці ЗІС-6, а мы выкарысталі шасі ЗІЛ-157, — расказвае Аляксандр Мятла, выканаўчы дырэктар гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна». — Раму ўкарацілі, паставілі «родны», але карацейшы карданны вал і замянілі калёсы на тыя, якія больш адпавядаюць арыгінальнаму знешняму выгляду машыны. Затым пачалося стварэнне аўтамабіля па чарцяжах. Гэта быў самы прагрэсіўны на той час бронеаўтамабіль: з рацыянальнымі вугламі, якія вымушалі кулі рыкашэціць, з сур'ёзным узбраеннем.

Машына мае шэраг цікавых канструктыўных асаблівасцей. Так, калёсы, прымацаваныя на баках, з'яўляюцца «запаскамі», але адначасова могуць выкарыстоўвацца для пераадольвання перашкод. На корпусе мацуюцца аверолы — гусенічныя стужкі, якія можна хутка зняць ці надзець. Машына мае два камплекты руля і педалей: пры неабходнасці вадзіцель мог перасесці назад і ехаць нібы задам наперад. Экіпаж, які адстрэльваўся, прыкрывала браніраваная «морда», ды і рухавік аўто. Выкарыстоўвалі гэты трохвосны аўтамабіль у асноўным разведчыкі — вядома, што адзін БА-11 служыў у разведцы аж да 1945 года.

Сведкі слаўных баёў
Аматары ваеннай тэхнікі памятаюць у экспазіцыі «Лініі Сталіна» лёгкі савецкі танк БТ-7. Сёння гэты экзэмпляр узору 1935 года — адзіны ў свеце на хаду. Танк, падняты з балота пад Сянном і адноўлены, прымаў удзел у шматлікіх рэканструкцыях баёў, аднойчы адкрываў парад Перамогі ў Маскве і тройчы — у Мінску. Гэтай зімой майстры правялі яго капітальны рамонт: перабралі ўсе вінцікі і дэталі, замянілі рухавік, аднавілі ўнутраны інтэр'ер, антэну, выканалі «даваенную» афарбоўку. Для натуральнасці створаны макеты бранябойных, аскепкава-фугасных снарадаў і выраблены спецыяльныя касеты для іх укладкі. «Родны» ж рухавік танка заняў годнае месца ў экспазіцыі побач з ім.
— Арыгінальныя авіяцыйныя рухавікі выпускалі ў СССР у 1930-х гадах, — тлумачыць Аляксандр Аляксандравіч. — Спачатку на іх 100 гадзін лёталі самалёты, а пасля капітальнага рамонту яшчэ 300 гадзін ездзілі танкі.
Зараз майстры гісторыка-культурнага комплексу Аляксандр Мікалуцкі, Уладзімір Якушаў з сынамі Аляксеем і Максімам распачалі стварэнне дакладнай копіі савецкага двухмеснага лёгкага бронеаўтамабіля БА-64.
— Аўтамабілі гэтыя актыўна выкарыстоўваліся з канца 1942 года, у першую чаргу для вядзення разведкі. Выпушчана іх было каля 7000, але да нашых дзён захавалася толькі адна, у Цэнтральным музеі Узброеных сіл РФ, — расказвае Сяргей Апейкін, малодшы навуковы супрацоўнік гісторыка-культурнага комплексу. — Машына па сутнасці легендарная, прымала ўдзел у вызваленні многіх савецкіх і еўрапейскіх гарадоў. Зручная пры вядзенні ваенных дзеянняў, яна мела вельмі малы задзел для мадэрнізацыі і не знайшла прымянення ў мірным жыцці. Тут мы па чарцяжах робім дакладную копію. Адзінае адрозненне — прымяняем канструкцыйную сталь, а не бранявую. У якасці базы выкарыстаны поўнапрывадны ГАЗ-69, рухавік таксама яго.
Корпус з рацыянальнымі вугламі нахілу брані, які лепш абараняе ад куль і аскепкаў, ужо амаль гатовы. Засталося паставіць на месца вежу для кулямёта, зрабіць накрыўку на маторны адсек і бакавыя дзверцы. Большасць часу стварэння БА-64 зоймуць работы па аднаўленні інтэр'ера, вырабе люкаў, турэлі, пагонаў вежы і іншых важных дробязей. Потым застанецца загрунтаваць і пафарбаваць яго.

Пасля завяршэння работы над БА-64 майстры плануюць на базе аўстрыйскага грузавічка зрабіць нямецкі трохвосны бронеаўтамабіль.
— Трэба ж нам з некім ваяваць падчас ваенна-гістарычных рэканструкцый, — жартуюць яны.

nevmer@sb.by