Легендарны пан Быкоўскі

Народны артыст Беларусі Арнольд Памазан святкуе 75-годдзе

Народны артыст Беларусі Арнольд Памазан — адзін з тых выканаўцаў, чые ролі заўсёды ўпрыгожваюць сцэну Купалаўскага тэатра.

Яго «візітнай карткай» назаўсёды застанецца легендарная «Паўлінка». Першай вялікай яго работай пасля заканчэння тэатральнага інстытута стала каларытная роля жаніха-франта Адольфа Быкоўскага. І з гэтай роляй акцёр прайшоў па жыцці. У 1995 годзе адбыўся своеасаблівы юбілей — Арнольд Памазан у тысячны раз выйшаў на сцэну ў якасці Быкоўскага!

— Пан Быкоўскі хоць і адмоўны тып, але якая палітра фарбаў у яго настроях, характары! — захапляўся ў адным з інтэрв’ю Арнольд Кандратавіч. — У мяне заўсёды было адчуванне, што Янка Купала, калі пісаў «Паўлiнку», палову сэрца аддаў ёй, а палову — Быкоўскаму.

А яшчэ Памазан не раз казаў, што напоўніць сваю самую знакамітую ролю асаблівым каларытам, дадаць у яе форсу дапамагала яму стыляжнае мінулае. Уявіце сабе, у 1960-я сённяшні мэтр насіў кок, кары — чаравікі на тоўстай падэшве, клятчасты пінжак-кліфт і штаны-дудачкі. Між іншым, у такім выглядзе яны разгульвалі па Львову з будучым народным артыстам СССР Багданам Ступкам, з якім на ўсё жыццё пасябравалі яшчэ са студэнцкай пары. Разам яны пачыналі спасцігаць азы сцэнічнага майстэрства ў Львоўскім тэатры-студыі імя Марыі Занькавецкай.

14 чэрвеня народны артыст Беларусі Арнольд Памазан святкуе 75-годдзе. У гэты дзень у 11.35 з нагоды юбілею тэлеканал «Беларусь 3» прадставіць гледачам праграму «Плошча мастацтваў». Перадача раскажа, як пачынаўся творчы шлях народнага артыста, як ураджэнэц Камсамольска-на-Амуры апынуўся ў Мінску. А ў 12.00 на экран выйдзе тэлеспектакль «Калі мамы няма дома» па п’есе Ніла Саймана, дзе Арнольд Памазан выконвае галоўную ролю.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter