Легенда пра вялікую мару Жураўліка

Гэта было вельмі-вельмі даўно, калі на Зямлі яшчэ панавалі дыназаўры.

Тады сталі з’яўляцца і першыя птушкі. Яны былі вельмі вялікія і не лёталі, бо ўсё, што ім патрэбна, было навокал, у лясах і саванах. І толькі некаторыя з іх ужо сталі ўглядацца ў нябёсы і цікавіцца блакітнымі прасторамі. Тады крылы такой птушкі, невялікія і нязграбныя, злёгку прыўздымаліся, а іншыя асобіны гаварылі адно аднаму: “Глядзі, глядзі, які дзівак!” — і смяяліся. Сярод такіх дзівакоў быў Жураўлік, элегантны танцор, аматар прыгод. Многа птушыных самачак марыла пра яго, але ён сябраваў толькі з Журавушкай. Разам яны гулялі, разам шукалі ежу. Жураўлік частаваў Журавашку смачнымі жучкамі і ягадкамі, і яна з задавальненнем прымала падарункі. А яшчэ яна захоплена слухала яго аповед пра Вялікую Мару: аднойчы ўзняцца ў неба, адчуць чароўнасць палёту, лёгкасць паветра, распасцерці крылы і наблізіцца да сонейка.
І вось ён надышоў, той дзень, калі Жураўлік сказаў сабе: “Пара!” Ён запрасіў Журавушку быць з ім побач, на зямлі, і сачыць за ўзлётам і лунаннем. “А ты ўпэўнены, што здужаеш?” — занепакоілася Журавушка. “Так. Я адчуваю гэта”, — адказаў сябар. І яны пайшлі на ўзгорак. Жураўлік разагнаўся, узмахнуў крыламі і адарваўся ад зямлі. “Ён узляцеў, ён ляціць!” — ускліквала Журавушка і бегла ўслед.
Але ж час для палётаў яшчэ не настаў. Невялікія крылы нядоўга трымалі Жураўліка ў небе. Яны аслабелі, і адважная птушка, сумна ўскрыкнуўшы, упала на зямлю і разбілася. Завохалі, заквахталі суседзі: “Чаго ён палез у нябёсы? Чаго яму не хапала на зямлі?”
А няшчасная Журавушка ўпала побач з сябрам і горка-горка заплакала. Ніякія ўгаворы родных, сяброў, бацькоў не змаглі зварухнуць яе з месца. Яна ляжала і плакала, пакуль з яе слёз не ўзнікла возера. А сама Журавушка стала востравам, помнікам Каханню.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter