
— Музыка Яўгена Глебава гучыць у сэрцах многіх пакаленняў, яе выконваюць сімфанічныя аркестры і ў многіх оперных тэатрах былога Савецкага Саюза. Мы ўсе ўдзячныя кампазітару за яго выдатныя музычныя творы, — адзначае генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Уладзімір Грыдзюшка. — Мы збіраемся і далей падтрымліваць творчасць Глебава. Думаю, што ў рэпертуары Вялікага тэатра можа зноў з'явіцца «Альпійская балада».

На выставе, якая будзе экспанавацца да канца верасня, прадстаўлены партрэты Яўгена Глебава, здымкі вядомых дзеячаў мастацтва, з якімі ён працаваў і сябраваў, арыгінальныя афішы спектакляў, пастаўленых на музыку кампазітара, прэм'еры якіх у розныя гады адбыліся ў Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы і іншых краінах. Экспанаты прадстаўлены архівам тэатра і ўдавой кампазітара Ларысай Глебавай.