Мамонт в подарок: из Якутии в БГУ привезут скелет древнего животного

Ледзяны госць

Шкілет маманта сёлета стане жамчужынай Музея землязнаўства БДУ — гэта самае маштабнае ў краіне сховішча экспанатаў ледніковага перыяду, адзіная ў нас калекцыя экспанатаў мамантавай фаўны. Неўзабаве музей папоўняць і іншыя вельмі каштоўныя знаходкі. Сярод іх — першажыхары планеты трылабіты, якія насялялі планету каля 400 мільёнаў гадоў таму, вялікі аманіт — малюск, які жыў у эпоху дыназаўраў і знік каля 70 мільёнаў гадоў таму.

У музеі не хаваюць захаплення: для Беларусі гэта вельмі рэдкія знаходкі.

Такія неверагодна каштоўныя падарункі нашай краіне паднясуць не ўпершыню. Нядаўна ў дар музею перадалі 33 унікальныя экспанаты ледніковага перыяду. Сярод іх — чарапы маманта, шарсцістага насарога і аўцабыка, бівень мастадонта, сківіца пячорнага мядзведзя, косткі дзікіх коней, бізона і іншае. Ёсць і фрагмент ніжняй сківіцы маленькага маманта, які, верагодна, пражыў толькі каля тыдня. Значная частка гэтых жывёл вымерла 10—15 тысяч гадоў таму.

Пераступаю парог музея зем­ля­знаўства, што размешчаны ў геаграфічным корпусе БДУ, і трапляю ў сапраўдны старажытны свет. Палеанталагічны аддзел налічвае больш за 10 тысяч экспанатаў, якія ствараюць поўную карціну эвалюцыі на нашай планеце. Загадчыца музея Валянціна Смалякова праводзіць невялікую экскурсію, каб увесці ў курс справы:

— Некаторым прадстаўленым тут пародам з арганікай больш за мільярд гадоў. А вось, напрыклад, унікальная дрэвападобная папараць, знойдзеная ў нашай краіне. Ёй, як мяркуецца, 360 мільёнаў гадоў. Што тычыцца мамантавай фаўны, то яе прадстаўнікі насялялі планету ад 100 да 10 тысяч гадоў таму.

Пераходзім да навінак калекцыі ледніковага перыяду — усе каштоў­ныя знаходкі размясціліся ў цэнтры музея, на самым бачным і ганаровым месцы. Нездарма: такіх экспанатаў у краіне больш няма нідзе. Сапраўдныя ўзоры мамантавай фаўны бясплатна перадала ВНУ беларуская кампанія па пошуку і рэалізацыі рэдкіх экспанатаў.

Валянціна Смалякова ўспамі­нае, як у нас аказаліся такія рэдкія знаходкі:

— Калі даведаліся, што атрымаем дарагія падарункі, не паверылі. Думалі, жарт. Але не: каштоўныя экспанаты нам усё ж такі прывезлі. Зрабіў гэта наш суайчыннік Анатоль Чабан. Ён родам з Бабруйска, але зараз працуе ў Расіі. У Год малой радзімы вырашыў зрабіць роднай краіне прыемнае — падрыхтаваў такі маштабны прэзент. Дзякуй вялікі!

На фоне чэрапа дарослага маманта — фрагмент ніжняй сківіцы маленькага, які, верагодна, пражыў толькі каля тыдня.

Загадчыца музея не хавае захаплення: для Беларусі гэта вельмі рэдкія знаходкі. Краіна размешчана ў рэгіёне ледніковай акумуляцыі, астанкі перакрытыя магутным пластом ледніковых адкладаў — сёння іх практычна немагчыма здабыць.

Больш за 30 навінак калекцыі прыехалі да нас з далёкай Яна-Індзігіра-Калымскай нізіны, дзе астанкі захаваліся дзякуючы шматгадовай мерзлаце. Жывёлы ў мінулым засялялі тэрыторыю ад Паўднёвай Еўропы да расійскага вострава Урангеля, які размешчаны ў Паўночным Ледавітым акіяне. Млекакормячыя жылі ў тундрастэпе, дзе для іх былі найбольш спрыяльныя ўмовы асяроддзя. Іх знікненне звязана са змяненнем клімату і імкліва ўзрастаючым уздзеяннем старажытнага чалавека на дзікую прыроду.

Млекакормячыя засялялі і тэрыторыю нашай краіны, але ў нас пакуль знаходзяць толькі іх дробныя фрагменты. Загадчыца музея з гонарам дэманструе мне «міленькі зубок маманта»: працягвае экспанат памерам з чалавечую галаву. Знаходцы больш за 12 тысяч гадоў.

Да нядаўняга часу такой цэласнай палеанталагічнай калекцыі ў беларускіх музеях не было! Цікава, што ўсяго ў нас вядома каля 200 раскопак мамантаў, пяць з іх у Мінску. Валянціна Смалякова расказвае пра адзін характэрны выпадак:

— Амаль цэлы шкілет раскапалі больш за 10 гадоў таму, калі будавалі станцыю метро «Уручча». Неверагодная знаходка, але аказалася, што гэта не мамант, а паўднёвы слон.

Перад магістрантам локцевая костка маманта — вывярае кожны міліметр, усе даныя запісвае ў сшытак.

Шкілет маманта нам вельмі неабходны: такому рэдкаму экспанату будуць вельмі рады наведвальнікі музея землязнаўства. Знаходка будзе карысная і для адукацыйнага працэсу — будучыя палеантолагі змогуць дэталёва вывучыць акамянеласці.

— Несуцяшальны факт: ад усяго жывога з часам захоўваецца толькі адзін працэнт. Любая знаходка, якая захавалася з гадамі, — абсалютна неацэнная рэч, — магістрант БДУ Іван Ярмольчык дэталёва вывучае новыя экспанаты. Перад суразмоўцам локцевая костка маманта — вывярае кожны міліметр, усе даныя запісвае ў сшытак.

— Наш дарыльшчык абяцае цалкам сабраць маманта, костачка да костачкі. Для цэласнай карціны злучым яго з чэрапам, які ўжо знаходзіцца ў нашым музеі, — Валянціна Смалякова паказвае на велізарную акамянеласць у сярэдзіне залы. Дазваляе дакрануцца: адчуванні неверагодныя! Цяжка ўявіць, што гэтай знаходцы тысячы гадоў...

ypopko@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter