Лебедзь выбiрае свой лёс, не ўмешвайцеся

Ранняя зіма прагнала раней звычайнага часу лебедзяў, прыкормленых турыстамі, з возера Нарач
Ранняя зіма гэтага года — вялікая радасць для аматараў зімовых відаў спорту і рыбакоў, якія ўжо хутка зоймуць упадабаныя месцы на вадаёмах каля лунак. Астатнія ж  хутаюцца ў цёплыя курткі і шалікі — мароз мацнее. І ўсё тая ж ранняя зіма, кажа намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце нацпарку «Нарачанскі» Валерый Люштык, прагнала раней звычайнага часу лебедзяў, прыкормленых турыстамі, з возера Нарач. «Магчыма, яны перамясціліся на незамярзаючыя тэхнічныя вадаёмы, — разважае спецыяліст, — але з турыстычнага цэнтра, нягледзячы на павышаную ўвагу турыстаў, яны зніклі. Звязана гэта з тым, што ўпершыню за многія гады лёд скаваў возера ўжо ў лістападзе. Звычайна гэта адбываецца толькі ў снежні, а то і ў другой палове студзеня!»


Вядома, калі б усе без выключэння гэтыя птушкі ляцелі, як гаворыцца, куды ім належыць на зімоўку — а гэта берагi далёкай Афрыкі, — усім было б спакайней. Але як ім гэта растлумачыць? Тым больш што і зімы сталі цяплей, і людзі дабрэй — не-не ды і падкормяць небараку. Таму прычын пакідаць абжытыя тэрыторыі ў іх быццам бы і няма. У выніку сігналы аб зазімавалым пакутніку паступаюць кожную зіму практычна з усіх куткоў.

У 2010-м, напрыклад, сотні лебедзяў зазімавалі каля плаціны Каўнаскай электрастанцыі, у 2012-м на латвійскай Даўгаве ў раёне Рыгі адзначалася 120 зімуючых птушак. У мінулым годзе для чарады, якая ляцела з Кольскага паўвострава, месцам зімоўкі стала перавалачная база — Севастопаль, дзе звычайна птушкі застаюцца толькі на тыдзень, так бы мовіць, на перадышку. Гэтай жа восенню яны аблюбавалі Астану і Алтайскі край Расіі, дзе толькі на адным з азёраў — Светлым — асела паўтысячы клікуноў. Кожны год тысячы крылатых не абдзяляюць сваёй увагай і Беларусь. Брэст, Кобрын, Мінск, Гродна — іх, мабыць, упадабаныя месцы. Вось і ў гэтым годзе ў мінскім парку імя Паўлава прапісаўся адзін такі «морж», якога чуллівыя грамадзяне ратавалі ўсёй грамадой. А аказалася, што ўсё ў яго добра: вадаплаўная не параненая, з добрым апетытам.

Наогул, клопат пра гэтых птушак — асобная тэма для размовы. З аднаго боку, гэта цудоўна, што ёсць істота, якая натхняе нас на добрыя справы, такія дэфіцытныя ў гэтым жорсткім свеце. 

З другога — часцяком дапамога чалавека становіцца для лебедзя мядзведжай паслугай, птушка, якая прывыкла да татальнага клопату, спадзяецца толькі на чалавека і чакае яго. А той у лютыя маразы пра яе забудзецца і застанецца дома. 

І, уласна, што мы ведаем пра рацыён вадаплаўных? Так, лебедзь будзе есцi і батон, і печыва, бо мала хто здагадаецца прынесці яму, скажам, прарослае зерне — жыта, аўса, пшаніцы. Але ж нават і гэты корм для вадаплаўных ненатуральны, а таму не заўсёды добра адбіваецца на страваванні і абмене яго рэчываў, кажуць спецыялісты. Вось так пакарміў птушачку — быццам бы дапамог, а ў яе потым гастраэнтэрыт. «Усе вадаплаўныя птушкі ў восеньскі перыяд запасаюць значныя тлушчавыя рэзервы — да 25—30% ад масы цела, — кажа вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Казулін, — і дзякуючы гэтаму могуць доўгі час у пачатку зімы наогул абыходзіцца без корму. Калі ж вадаём замёрз, птушка можа разагнацца па лёдзе і паляцець на іншы. Не пад сілу гэта толькі хворым».

Амаль заўсёды чалавечы клопат мяжуе з перагібамі. Напрыклад, лебедзяў, якія зазімавалі ў Астрахані, перавезлі ў спецыяльна абсталяванае памяшканне цяпліцы муніцыпальнай установы «Зялёны горад», дзе да вясны яны будуць пражываць пад апекай супрацоўнікаў прадпрыемства. І адбываюцца такія перасяленні вось ужо шосты год! А часам на птушках нават зарабляюць грошы. Напрыклад, тая ж згаданая раней алтайская зімоўка перарасла ў свята, якое ў тых краях намечана на 12—14 снежня і збярэ каля пяці тысяч гасцей. Да гэтай працы плануюць падключыць шэраг тураператараў. Паназіраць за птушкамі, якія тут зазімавалі, удзельнікі свята змогуць з адмыслова пабудаванага павільёна на беразе возера.

Вядома, сітуацыі бываюць розныя, напрыклад, як кажа Валерый Люштык, калі ў маразы возера, як гэта было на Нарачы гадоў пяць таму, нібы пастка, утрымлівае аслабелую або хворую птушку. Вось калі яна сама не можа вырвацца з ледзянога палону, у сітуацыю ў нацпарку ўмешваюцца эколагі. Тады супрацоўнік аддзела аховы апранае спецыяльны камбінезон і ідзе на дапамогу. Здаралася, што тонкі лёд не толькі не вытрымліваў чалавека, але і пашкоджваў спецвопратку, ставячы пад пагрозу яго жыццё і здароўе.

Арнітолагі кажуць пра тое, што ўмешвацца ў лёс дзікай птушкі варта толькі ў крайняй сітуацыі, напрыклад у моцныя маразы, а гэта ўжо -15 градусаў і ніжэй. Або пры наяўнасці ў птушак відавочных фізічных пашкоджанняў. У астатніх выпадках лебедзі, якія зазімавалі на суседняй незамярзаючай сажалцы, могуць справіцца самі. Жылі ж яны да гэтага часу без дапамогі чалавека! Ды і ежа ім нават у зімовую пару на тым жа вадаёме заўсёды знойдзецца. Іх рацыён — падводныя часткі раслін, а таксама дробныя рачкі і лічынкі.

Вядома, карміць ці не — асабістае рашэнне кожнага. Толькі вось, прывучаючы дзікіх птушак да падачкі, мы іх практычна прыручаем, робячы безабароннымі перад ударамі прыроды і самім чалавекам. А вандалы на галаву даверлівых птушак заўсёды знойдуцца.

Вера АРТЭАГА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter