Леў Лешчанка: аб юбілеі, жанчынах і любові да Беларусі

Леў — цар эстрады

«Команда молодости нашей», «День Победы», «Где же ты была», «Татьянин день», «Напиши мне письмо», «Городские цветы», «Родная земля», «Прощай», «Родительский дом» і, вядома ж, знакамітыя «Соловьиная роща» і «Ни минуты покоя»… Песні Льва Лешчанкі ведаюць на памяць мільёны слухачоў, а яго канцэрты збіраюць аншлагі ўжо многія гады ў любым горадзе на постсавецкай прасторы. 1 лютага народны артыст Расіі адсвяткаваў 75-годдзе. Мэтра эстрады павіншаваў Аляксандр Лукашэнка.


Як кажа сам Леў Валяр’янавіч, уласны юбілей ён адзначыў па даўняй завядзёнцы — на сцэне і з размахам.

— 25 гадоў таму я адсвяткаваў 50-годдзе ў канцэртнай зале «Расія» і ўкараніў на нашай эстрадзе традыцыю адзначаць дні нараджэння на сцэне. З тых часоў не здраджваю сабе — у гэты раз выступаў у Крамлі. З Колем Баскавым праспявалі «Городские цветы», з Алсу — «До свиданья, Москва!», а Лёша Вараб'ёў увасобіў мяне ў маладосці. (Тэлеверсію канцэрта 5 лютага пакажа канал АНТ. — Заўв. рэд.) Пасля з сябрамі адправіліся ў рэстаран «Метраполь» — запрасіў 250 чалавек. Задавальненне нятаннае, улічваючы, што я ніколі не бяру спонсарскіх — за ўсё плачу са сваёй кішэні. Ведаю, што цяпер шмат якіх зорак за рэкламу бясплатна кормяць, апранаюць і нават дораць аўтамабілі, але я чалавек іншай загартоўкі.

— Нягледзячы на ўзрост, у вас выдатная фігура. Як сочыце за сабой?

— Часам станаўлюся на бегавую дарожку, хоць цярпець яе не магу — лепш вакол дома прагуляцца. Не пагарджаю фізічнымі практыкаваннямі на свежым паветры, да прыкладу, люблю чысціць снег. Калі начую ў маскоўскай кватэры, трэніруюся — адцісканні, прысяданні, практыкаванні на прэс. Імкнуся абмяжоўваць сябе ў харчаванні, не ўжываю занадта шмат салодкага і тлустага. А вось не есці пасля шостай не атрымліваецца — часам так запрацуюся, што да вечара не паспяваю перакусіць, і прыходзіцца дома на ноч наядацца. Бывае, так свежага хлеба захочацца, што прапаную жонцы — давай спячом! Яна кіруе  працэсам, я дапамагаю, магу, напрыклад, яйка разбіць. Люблю смачна паесці. Нядаўна ехалі з Ірай па Камсамольскім праспекце, і я ўспомніў, што ў адной краме там прадаюць цудоўныя сасіскі. Кажу вадзіцелю: «Стоп, машына!» Зайшлі, купілі.

— Леў Лешчанка сам па сасіскі ходзіць?

— Здараецца. Калі застаюся ў кватэры, заходжу ў краму непадалёк, каб купіць на раніцу тварог і кефір. Прадаўцы ведаюць: калі прыйшоў Лешчанка, трэба адкрываць стэнды з дарагім каньяком. Купляю адразу некалькі бутэлек на падарункі сябрам.

— А самі ўжываеце?

— Апошнія тры гады п'ю каньяк, трохі разведзены вадой. Прачытаў пра такі метад у рамане Франсуазы Саган «Крыху сонца ў халоднай вадзе». Паспрабаваў, і спадабалася. Кайф ад каньяку такі ж, затое мацунак менш. Магу дазволіць сабе 50—100 грамаў за вечар.

— Акрамя як пры дапамозе моцных напояў як яшчэ расслабляецеся?

— З юнацтва люблю мора, пры першай магчымасці еду да яго. Летам у мінулым годзе адпачывалі ў Грэцыі, я шмат часу праводзіў у вадзе і ў адзін з заплываў згубіў пярсцёнак Cartier — сябар сям'і падарыў нам з Ірай пару пярсцёнкаў на гадавіну вяселля. Сталі з жонкай шукаць, ныралі да тлуму і, на шчасце, знайшлі.

— Дарэчы, пра гадавіну. З Ірынай Паўлаўнай вы разам 40 гадоў. У чым, на ваш погляд, сакрэт шчаслівага сямейнага жыцця?

— Трэба карэктна ставіцца адзін да аднаго. Я не цярплю сварак, ніколі не павышаю голас. Калі пара пачынае лаяцца, а яшчэ і з ужываннем нецэнзуршчыны, — гэта ўсё, канец. Сёння модна высвятляць адносіны на публіцы, хадзіць са сваімі праблемамі па перадачах... Напэўна, так людзі жадаюць праславіцца, калі іншых талентаў няма. Я такой публічнасці не разумею. Не люблю, як цяпер кажуць, «свяціцца», цярпець не магу ўсе гэтыя сэлфі. Але калі просяць са мной сфатаграфавацца, не адмаўляю, асабліва калі справа адбываецца пасля канцэрта, — гэта ж мае гледачы хочуць кадр на памяць.

Пяць гадоў таму імянная зорка Льва ЛЕШЧАНКІ ўпрыгожыла Алею лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення» ў Віцебску

— Пры вашай занятасці з сябрамі сустракацца паспяваеце?

— Абавязкова! У мяне ёсць таварышы па спорце — такія як Слава Дабрынін. Мы абодва хварэем за «Дынама», час ад часу збіраемся ў якім-небудзь бары паглядзець футбол. Таварышы па мастацтве — гэта Вова Вінакур, Ігар Крутой, з імі мы ўжо 40 гадоў праводзім разам святы, часта сустракаемся сем'ямі. Ёсць і сябры па бізнесе — тыя, з кім я ўжо шмат гадоў вяду лесаперапрацоўчыя справы.

— У вас ёсць пляменнік Андрэй і пляменніца Лера — часта з імі бачыцеся?

— Дачцэ маёй сястры Валі — Леры — 28 гадоў. Яна дырэктар буйной кампаніі па вытворчасці шакаладу. Андрэю, сыну другой сястры Юлі, 52 гады, ён добры эканаміст, разам са мной вядзе бізнес, кіруе нашым Уладзімірскім лесаперапрацоўчым камбінатам. У яго ёсць дачка Маша, у якой, у сваю чаргу, дзве дзяўчынкі — 4-гадовая Кіра і 7-гадовая Міра. Мы бачымся па святах — яны прыходзяць і расказваюць, як справы ў школе, дзіцячым садку. Шкада, што сустракаемся нячаста. Калі мой тата быў жывы, сямейныя зборышчы праводзіліся амаль кожны месяц. Але я стараюся дапамагаць па магчымасці — каго на працу ўладкую, каму грошай на машыну дабаўлю.

— Шкадуеце, што няма сваіх дзяцей?

— Ведаеце, я ніколі на гэтым не зацыкліваўся. У любым выпадку гэты факт не перашкаджае мне адчуваць сябе шчаслівым, і гэта галоўнае.

У тэму


У нашай краіне Леў Лешчанка бываў з канцэртамі часта. Да выступленняў тут народны артыст Расіі ставіцца з асаблівым піетэтам: «Мінск — горад дзіўнага настрою! Езджу сюды ўжо больш за сорак гадоў, і, вядома, у мяне маса прыемных успамінаў, звязаных з ім, тут жывуць мае сябры. У цэлым з задавальненнем успамінаю ўсе беларускія гарады, дзе бываў. У кожным з іх прыцягвае нешта сваё. Не магу не сказаць пра Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», які наведваў шмат разоў. А спецыяльная ўзнагарода Прэзідэнта «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення» для мяне як званне народнага артыста». 

Гэтую пачэсную адзнаку Леў Лешчанка атрымаў у 2012-м, тады ж яго імянная зорка з’явілася на Алеі лаўрэатаў побач з Летнім амфітэатрам у Віцебску. А сам артыст у той год стаў самым папулярным спеваком на фестывалі. Білеты на яго начны бенефісны канцэрт былі раскуплены яшчэ за месяц да пачатку форуму. У 6-тысячным Летнім амфітэатры быў супераншлаг. Тыя, каму не хапіла месцаў у зале, стаялі ўздоўж сцен. Да таго ж велізарны натоўп прыхільнікаў таленту мэтра эстрады сабраўся проста на вуліцы, дзе было добра чутна ўсё, што адбывалася на сцэне. Ці варта казаць, што разам з артыстам яго шлягеры спявалі ўсе.

Святлана ЮРАШОВА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter