Лазовая навука

КАЛІ я сустрэлася з гэтым чалавекам, прыгадалася некалі пачутая прытча. Адна маладая жанчына так гаравала аб памёршым маленькім сыне, што не давала пахаваць яго цела. З надзеяй не раставацца з ім, яна адправілася да Буды.

Пасля няшчасця Івану Васілевічу давялося вучыцца жыць па-новаму.

КАЛІ я сустрэлася з гэтым чалавекам, прыгадалася некалі пачутая прытча. Адна маладая жанчына так гаравала аб памёршым маленькім сыне, што не давала пахаваць яго цела. З надзеяй не раставацца з ім, яна адправілася да Буды.

“Добра, — згадзіўся мудрэц. — Але толькі пры адной умове. Схадзі ў бліжэйшую вёску і прынясі жменьку рысу з кожнага дому, які ніколі не ведаў гора”…

Жанчына вярнулася з пустымі рукамі. Яна зразумела, што гора — спадарожнік жыцця… Вадазварот горкіх пачуццяў захлынае людзей не толькі пасля таго, як яны губляюць блізкага чалавека: хваробы родных, дзяцей, скасаванне шлюбу, cтрата рабочага месца, дома, сяброў, здароўя выбіваюць глебу з-пад ног. Іван Васілевіч наогул застаўся без ног. У нейкім сэнсе яму давялося вучыцца жыць па-новаму.

Іван Васільевіч родам з Даўгалесся, што на Бярэзіншчыне. У школу штодзень хлапчук адпраўляўся ў суседнюю вёску Гарэнічы. Закончыў восем класаў, паступіў у Мінскае вучылішча № 43, дзе атрымаў дыплом абутніка. Потым была армія, служыў у Германіі, радыёмеханікам у авіяцыі. Пасля вяртання застаўся ў сталіцы, працаваў вадзіцелем у аўтобусным парку № 1.

Усё бы добра, але бацькі старэлі, часцей хварэлі, і Іван вырашыў вярнуцца дадому, каб быць бліжэй да родных людзей. Уладкаваўся слесарам у саўгас “Бярэзінскі”, працаваў на “тысячніку”… Першы раз трапіў у бальніцу ў 1998 годзе, спачатку аднялі адну нагу, потым — другую…

Іван Васільевіч сядзіць на канапе, лоўка здымае стружку з чарговага прутка лазы. Побач на падлозе такіх пруткоў яшчэ шмат. Першыя навыкі пляцення кошыкаў ён атрымаў ад свайго бацькі Васілія Якаўлевіча. Тады яшчэ і не ўяўляў, наколькі спатрэбіцца ў жыцці бацькава навука…

Шукаюць у лесе неабходны матэрыял і забяспечваюць ім майстра малодшы сын Дзмітрый і зяць Мікалай, а сустракаць новы дзень з усмешкай дапамагае Людміла Сцяпанаўна, з якой некалі сустрэліся на месцы працы, і ўжо 12 гадоў разам.

Кошыкі Іван Васільевіч пляце не толькі для гаспадаркі. Іх прывыклі бачыць амаль у кожнай вясковай хаце і выкарыстоўваць для бульбы ці яблыкаў. Ёсць і незвычайныя, зробленыя па ўзоры, які ўбачыў майстар у адным з польскіх часопісаў. Яны сплецены напалову і мацуюцца да сцяны ў якасці вазонаў для кветак, кухонных рэчаў.

Кошыкі Івана Васільевіча прыйшліся даспадобы не толькі на роднай Бярэзіншчыне. Многія “вандруюць” па ўсёй Беларусі і нават за яе межамі — на Украіне і ў Карэліі…

Алена ГРОМАВА

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter