Лаві ідэю

Дзіцячыя даследаванні сёння — гэта інавацыйныя адкрыцці заўтра

Гімназісты з Крупак ведаюць, як пабудаваць электрастанцыю, дабыць фарбы з раслін і захапіць цікавай экскурсіяй

Дзеці па самой сваёй прыродзе — даследчыкі. На што толькі не здольны іх дапытлівы розум!

А пры ўмелай дапамозе вопытнага і апантанага сваёй справай дарослага любыя, нават самыя неверагодныя ідэі з лёгкасцю ператвараюцца ў жыццё. У гэтым даўно і трывала ўпэўніліся ў Крупскай раённай гімназіі, дзе ўласныя даследаванні дзеці спрабуюць рабіць ужо ў пачатковай школе. Зразумела, што на сваім, дзіцячым узроўні. Яны не толькі вучацца арыгінальна мысліць, але і разбірацца ў дэталях, абагульняць, рабіць вывады і далей планаваць больш сур’ёзныя працы.

«Што толькі не даследуюць маленькія вучні: як разводзіць вінаградных улітак, як адаптуецца ў дамашніх умовах вавёрка, што за такія каменьчыкі сустракаюцца ў нашай глебе і пра што яны сведчаць? У дзяцей столькі арыгінальных ідэй! Шмат чаго для даследчай практыкі ім падказваюць настаўнікі і вядуць іх да канкрэтнага выніку», — расказвае намеснік дырэктара гімназіі Ірына Цюхлова.

Дзіцячыя даследаванні сёння — гэта інавацыйныя адкрыцці заўтра. Смелае, але небеспадстаўнае заключэнне. Каб упэўніцца ў гэтым, трэба пабыць на любым конкурсе дзіцячых даследчых работ, якіх, дарэчы, зараз нямала. У гімназістаў з Крупак ёсць у гэтай справе неблагі вопыт — яны выніковыя ўдзельнікі цэлага шэрагу конкурсаў. Асабліва хлопцы і дзяўчаты са старэйшых класаў: іх работы ўжо досыць сталыя і сур’ёзныя, не толькі цікавыя, але і з канкрэтным практычным напрамкам. Як кажуць, крыху адшліфуй дэталі — і бяры і ўкараняй.

Вось толькі некалькі прыкладаў, з якімі юныя крупчане і іх настаўнікі сапраўды бліснулі на III Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі «Навуковыя імкненні-2012», што прайшла не так даўно на базе Нацыянальнай акадэміі навук. Настаўнік Рыгор Мікалаевіч Паветка сам даўно захапляецца энергетыкай, асабліва альтэрнатыўнымі ўзнаўляльнымі энергакрыніцамі. Ён шмат часу праводзіць у Нацыянальнай бібліятэцы. І вось аднойчы трапіліся на вочы чарцяжы міні-ГЭС, якія былі зроблены аж у 1945 годзе ў Маскве для тагачасных калгасаў і саўгасаў. «Я вывучыў, вельмі цікава і нічога складанага. А галоўнае — рэальна пабудаваць на нашай рацэ, якая працякае праз горад», — гаворыць Рыгор Мікалаевіч. Падкінуў ідэю вучням, і праца закіпела. Часткова была ўжо зроблена, але па пэўных абставінах завяршалі яе іншыя хлопцы. У выніку вучні 10-га класа Мікалай Крышталь і Уладзіслаў Мезян пад кіраўніцтвам настаўніка зрабілі сапраўдную мадэль міні-ГЭС.

«Спачатку была проста ідэя стварэння падобнага механізма. Мы зрабілі мадэль. Гэта захапіла, і тады пачалі пралічваць эканоміку. Аказалася, што электрастанцыя здольна вырабляць танную электраэнергію і ў хуткім часе акупіць затраты. Па нашых падліках, па цэнах на вясну на будаўніцтва трэба каля 117 мільёнаў рублёў. Выдаткі невялікія, бо амаль усе дэталі можна зрабіць уласнымі рукамі з даступных матэрыялаў. ГЭС вырабляе 250 тысяч кілават-гадзін таннай электраэнергіі. Яе магутнасці хопіць на тое, каб забяспечыць як мінімум тры такія будынкі, як наша гімназія», — расказвае Рыгор Мікалаевіч. Але разам з тым адзначае, што ёсць адзін момант, які ўплывае на тое, каб праект хутка стаў рэальнасцю: нехта дасведчаны павінен кантраляваць стан на плаціне і ўзяць на сябе поўную адказнасць.

Юныя даследчыкі працавалі з захапленнем, давялося крыху адаптаваць мадэль, правесці шмат вымярэнняў і вылічэнняў, вывучыць нарматыўную дакументацыю. Гадзіны ў майстэрні, на рацэ, за літаратурай ляцелі незаўважна. Усё гэта, як кажуць, прайшло праз іх рукі і праз сэрцы. А вынік — выступленне на міжнароднай канферэнцыі было ўпэўненым, доказным і яркім. І ацэнка аўтарытэтнага журы — дыплом першай ступені ў адпаведнай секцыі. Пра такіх настаўнікаў, як Рыгор Мікалаевіч Паветка, гавораць: апантаны, ён увесь час у пошуку, у яго заўсёды ёсць ідэя. І ўжо зараз настаўнік і вучні працуюць над новым праектам.

Трэба сказаць, што назва Крупскай раённай гімназіі гучала на міжнароднай даследчай канферэнцыі не адзін раз. Дыплома другой ступені ўдастоена работа Сяргея Казадоева пад кіраўніцтвам Ірыны Мікалаеўны Цюхловай. Яны не толькі распрацавалі дакладны, інфармацыйна насычаны маршрут падарожжа па праваслаўных святынях Крупскага раёна, але і зрабілі яго інтэрнэт-версію. А вось Андрэй Марковіч і яго настаўніца Наталля Вячаславаўна Глушчанка паказалі, як з раслін можна здабываць натуральныя, экалагічныя, якасныя фарбавальнікі і выкарыстоўваць іх для розных мэт. Вынік — дыплом трэцяй ступені.

У гімназіі ўпэўнены, што ўласная даследчая практыка — адзін с самых эфектыўных шляхоў раскрыцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу дзяцей. А найбольш каштоўныя веды тыя, што здабытыя самастойна, праз уласныя творчыя пошукі. Да таго ж і вынікі абсалютна рэальныя, відавочны сэнс у тым, каб імі зацікавіліся тыя, хто зможа надаць ім практычны накірунак.

І тут першыя крокі ўжо зроблены. «Мы распрацавалі бізнес-праект, які называецца «Зялёны востраў». Плануем на ўчастку ля гімназіі вырошчваць сартавыя пладовыя, ягадныя і дэкаратыўныя расліны. Пралічваем так, каб прадукцыі хапіла не толькі на патрэбы гімназіі, але і на продаж. Да таго ж пасадкі будуць зроблены так, каб яны былі сапраўдным упрыгожваннем, а тэрыторыя набыла арыгінальны выгляд», — дзеліцца планамі дырэктар навучальнай установы Ірына Шамашова.

Адметна, што бізнес-праектам зацікавіўся адзін з мясцовых прадпрымальнікаў, які гатовы ўкласці ў яго фінансавыя сродкі.

На здымку: Мікалай КРЫШТАЛЬ, Рыгор Мікалаевіч ПАВЕТКА, Уладзіслаў МЕЗЯН з макетам міні-ГЭС.

Фота: Аляксандр ВАЛЯНЮК

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter