Як нашы аўтааматары скарысталi часовае аслабленне расiйскага рубля

Ластаўкi прыляцелi

Пасля ўвядзення супраць Расіі эканамічных санкцый з-за «справы Скрыпалёў» курс расійскага рубля ў адносінах да долара заўважна знізіўся. Выкарыстаўшы гэта, некаторыя нашы грамадзяне накіраваліся да суседзяў за таварамі, якія патаннелі, у тым ліку за машынамі. Карэспандэнт «Р» разбіралася ў сітуацыі.

За першае паўгоддзе ў краіне прададзена 23 тысячы машын.

Спецыяльных падлікаў па колькасці машын, набытых аўтааматарамі нашай краіны менавіта ў Расіі, не вядзецца. Каб зарыентавацца ў сітуацыі, мы скарысталіся ўскоснай інфармацыяй розных ведамстваў.

Пры ўвозе аўтамабіля з-за мяжы абавязкова патрэбна плаціць так званы ўтылізацыйны збор: атрыманыя сродкі паступаюць у дзяржаўны бюджэт і накіроўваюцца на ўтылізацыю аўтамабіляў, якія не эксплуатуюцца. Як стала вядома з кампетэнтнай крыніцы, толькі ў Мінскім рэгіёне ў жніўні заплацілі на 40 працэнтаў больш утыльзбору, чым у ліпені, што можа сведчыць пра павелічэнне імпарту аўтамабіляў у краіну.

Эксперты не адзначаюць павелічэння колькасці аўтамабіляў, у якіх выклікаў бы сумненне VIN-код або нумар кузава.

Пацвярджаюць гэта і аўтадылеры. Менеджар кампаніі, якая займаецца пошукам, падборам і арганізацыяй дастаўкі новых аўто з Расіі, а таксама з прабегам – пад заказ, у прыватнасці, распавёў:

— У параўнанні з ліпенем попыт на машыны ад суседзяў у жніўні павя-лічыўся ў два разы. Нашы аўтааматары выбіралі самыя розныя маркі. Дарагія машыны прэміум-класа за кошт паніжэння курса рубля сталі таннейшымі на 10—15 працэнтаў. На новых «бюджэтніках» у цанавым дыяпазоне ад 10 да 13 тысяч долараў можна было сэканоміць 1000 долараў.

Ігар Свірыдчук, кіраўнік праекта Autotrader.by, таксама падлічыў, што попыт на аўто з Расіі ў апошні месяц падвоіўся, але ў асноўным — на люксавыя Mercedes, BMW, Lexus, якія каштуюць звыш 80 тысяч долараў за новыя. Лёгка падлічыць, што 12 працэнтаў ад іх цаны складаюць значную суму. А вось прыгнаць машыны эканом-класа просяць мала: розніца ў кошце атрымліваецца неістотная.

У зале рэгістрацыі транспарту мнагалюдна.

Што думаюць з гэтай нагоды эксперты?

— Не зусім правільна праводзіць паралелі з 2014 годам, калі беларускі рубель аслабеў у адносінах да долара і паралельна расійскага рубля. Зараз курс нашых грошай больш устойлівы ў дачыненні да апошняга. Да таго ж курсы валют – не самы важны аргумент, – лічыць Сяргей Міхневіч, старшыня праўлення аўтамабільнай асацыяцыі БАА. — Больш за 60 працэнтаў продажу новых аўтамабіляў фізічным асобам ажыццяўляецца ў крэдыт. Гэта сапраўды выгадна, калі на руках няма ўсёй патрэбнай сумы. А ў Расіі ўзяць яго нельга. Гэта другі фактар, які перашкаджае ўвозу адтуль аўто. Ёсць і трэці: ва ўсходніх суседзяў застаецца шмат махлярскіх схем, калі рызыкуеш купіць машыну, ужо закладзеную ў банку або ўвогуле з крымінальным мінулым. Прычым гэта датычыцца як аўто з прабегам, так і новых. Апошнія гады паказалі, што нашы грамадзяне асцерагаюцца гэтых здзелак. Мяркую, тры гэтыя акалічнасці будуць стрымліваць увоз. Да таго ж аўтадылеры Беларусі зараз актыўна прапануюць дадатковыя зніжкі, якія дазваляюць і пры курсавых хістаннях утрымліваць кліентаў ад набыцця машын у суседзяў. З улікам усіх гэтых фактараў, думаю, што глабальны ўвоз фізічнымі асобамі аўтамабіляў з Расіі наўрад ці адбудзецца.

Дарэчы, за першыя шэсць месяцаў бягучага года ў краіне прададзена каля 23 тысяч аўтамабіляў, чатыры пятыя гэтай колькасці прыходзяцца на імпарт або рээкспарт з Расіі. Попытам карыстаюцца ў першую чаргу больш за дзясятак марак новых бюджэтных аўто расійскай зборкі: Nissan, Toyota, Hyundai, Kia, Chevrolet, Opel, Ford, Renault, Skoda, Volkswagen, Audi, Peugeot, Citroen і інш.

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter