Рост за январь – 230 процентов: станции технического осмотра по-прежнему работают с высокой степенью загрузки

«Ластаўкі» хочуць лятаць

Вось ужо месяц, як тэхагляд і так званы дарожны збор не звязаны адзін з адным: замест дзяржпошліны за выдачу дазволу на допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху ўведзены транспартны падатак. Аўтаўладальнікі адрэагавалі на новаўвядзенне ўмомант і тут жа выстраіліся ў чэргі на станцыі тэхагляду. Відавочна, што тэхнічны стан «ластавак» хвалюе многіх, ды і не хочацца ім няўдачлівымі школьнікамі чырванець перад супрацоўнікамі ДАІ пры праверцы дазволу. На адной са станцый УП «Белтэхагляд» карэспандэнт «Р» паспрабавала разабрацца, з’яўляецца гатоўнасць да праходжання тэхагляду кароткачасовым усплёскам або ўстойлівай тэндэнцыяй.

Час знаходжання на дыягнастычнай лініі для легкавушак складае каля 15–20 хвілін.

Станьце ў чаргу

Мароз зусім не жартаўліва пакусвае нос і шчокі, але, падобна, надвор’е аўтаўладальнікаў не палохае: ля ўезда на дыягнастычную лінію станцыі тэхагляду на вуліцы Сацыялістычнай ужо выстраілася чарга з некалькіх машын.

– За студзень гэтага года выдадзена 188 025 дазволаў на допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху, што на 237,1 працэнта перавышае гэты паказчык за аналагічны перыяд 2020 года, калі было выдадзена 55 782 дазволаў, і на 99,5 працэнта – за студзень 2013-га. Апошні год выбраны для параўнання як да гэтага часу самы эфектыўны, на працягу якога выдадзена найбольшая колькасць дазволаў – 1 869 723, – расказаў Міхаіл Міхалоўскі, начальнік упраўлення арганізацыі дзяржтэх-агляду УП «Белтэхагляд».

Зараз для праходжання тэхагляду трэба аплаціць яго кошт, які вар’іруецца на розных станцыях, але ў сярэднім складае каля 25–30 рублёў за дыягнастычную лінію і 8,7 рубля – за афармленне дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху.

Час знаходжання на дыягнастычнай лініі для легкавушак складае каля 15–20 хвілін, а вось седлавы цягач з паўпрычэпам, якому патрабуюцца дакументы міжнароднага ўзору, можа затрымацца і на 40 хвілін. У дзень на гэтай станцыі інжынеры праводзяць дыягностыку прыблізна 60 аўто.

Ля ўезда на дыягнастычную лінію станцыі тэхагляду ужо выстраілася чарга з некалькіх машын.

Існуе шэраг патрабаванняў, выкананне якіх спросціць і паскорыць тэхагляд. Так, накіроўваючыся на лінію, машыну абавязкова належыць вымыць, а пасажыраў – высадзіць. Акрамя таго, трэба прагрэць рухавік да рабочай тэмпературы, зняць дэкаратыўныя каўпакі з колаў для доступу да элементаў мацаванняў, пакласці на пасажырскае сядзенне побач знак аварыйнага прыпынку, аптэчку і вогнетушыцель, забяспечыць наяўнасць вадкасці ў бачку абмывальніка, ну і, вядома, падрыхтаваць дакументы: пасведчанне вадзіцеля і пасведчанне аб рэгістрацыі аўто.

Хутка і зручна

На дыягнастычнай лініі – прыгажун «Фальксваген Пола». Яму трэба будзе прайсці тры пасты. На першым правераць знешні выгляд, працу гукавых і светлавых сігналаў, экалагічныя параметры, гэта значыць колькасць шкодных рэчываў у выхлапных газах, а таксама звераць нумары кузава. Другі стэнд прызначаны для праверкі тармазной сістэмы аўто. Трэці пост выявіць праблемныя моманты ў падвесцы, недахопы ў рэгуляванні знешніх светлавых прыбораў.

– У сярэднім прызнаюцца не адпаведнымі ўстаноўленым патрабаванням і накіроўваюцца для ліквідацыі выяўленых непаладак каля 20 працэнтаў аўтамабіляў. Каля трэці ад іх колькасці не праходзяць тэхагляд з-за праблем з тармазной сістэмай, – Міхаіл Міхалоўскі малюе топ-3 папулярных няспраўнасцей. – На другім месцы – заўвагі, звязаныя са знешнімі светлавымі прыборамі. Замыкаюць тройку пытанні па камплектацыі транспартных сродкаў аптэчкай, вогнетушыцелем, знакам аварыйнага прыпынку, а таксама па стане кузава – увагнутасці, пашкоджанні лакафарбавага пакрыцця, скразныя каразійныя ці механічныя пашкоджанні.

У дзень на гэтай станцыі інжынеры праводзяць дыягностыку прыблізна 60 аўто.

Дарэчы, паўторны візіт на станцыю тэхагляду пасля выпраўлення непаладак цалкам аплачваць не трэба – толькі праверку той сістэмы, дзе была выяўлена неадпаведнасць.

Тым часам Андрэй, гаспадар «Фальксвагена», прыходзіць па дыягнастычную карту і дазвол:

– Тэхагляд праходжу ўпершыню, паколькі два гады таму машына была новая і я атрымаў дакумент без праходжання лініі. Уражанні? Хутка і зручна. Увядзенне транспартнага падатку замест дарожнага збору мяне, вядома, парадавала. Я лічу, машыны павінны праходзіць тэхагляд для бяспекі – сваёй і навакольных.

– УП «Белтэхагляд» збіраецца рэалізаваць пілотны праект па электроннай дыягнастычнай карце, – дапаўняе Міхаіл Вікенцьевіч. – Яна ж прад’яўляецца толькі пры атрыманні дазволу на допуск. Сістэма дазваляе інжынеру атрымліваць у электронным выглядзе даныя вынікаў праверкі, якія застаюцца ў базе даных. Пры патоку машын, які зараз ідзе на станцыях, атрымаецца значная эканомія часу.

ДАРЭЧЫ

Большасць аўто, якiя атрымалi ў студзенi дазвол на допуск да ўдзелу ў дарожным руху, даволi дарослыя: 41 872 — старэйшыя за 20 гадоў, 45 749 — ад 15 да 20 гадоў, 38 619 — ад 10 да 15 гадоў.

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter