Директор одного хозяйства в Верхнедвинском районе рассказал, как добываются средства

Ласкавая карова двух цялятак дае

СВАБОДНЫХ грошай у КУП СГП «Дрысенскі» Верхнядзвінскага раёна не надта багата, але ўсё ж рубель заўсёды ёсць: і на своечасовую выплату зарплаты, і на іншыя выдаткі. Дырэктар гаспадаркі Васіль ГУБАНАЎ не робіць тайны:  «Прадаём малако ў Расію. Адтуль і сродкі».

Загадчык комплексу «Сар’я» Раіса КАЧАНАВА і тэхнік-асемянатар
Таццяна КАНАШОНАК сочаць па камп’ютары за дойкай

У гаспадарцы 900 кароў. За мінулы год удой ад каровы склаў 6119 кілаграмаў малака. Цяпер штодзённа на малаказавод паступае да 14 тон малака. Прычым пераважна сортам «экстра». Таварнасць — 92 працэнты. У студзені за малако атрымана 2 з паловай мільярда рублёў. Рэнтабельнасць прадукцыі перавысіла 30 працэнтаў. На змяншэнне яе сабекошту паўплывалі якасныя кармы, якіх нарыхтавана 28 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву, а таксама прадуманая работа з камбікармамі. Іх вырабляюць на месцы на мабільнай устаноўцы з Полацкага КХП.

Стратэгічным аб’ектам па выпрацоўцы малака ў «Дрысенскім» па праву называюць жывёлагадоўчы комплекс «Сар’я». Яго ўзначальвае галоўны заатэхнік, малады, але вопытны спецыяліст Раіса Качанава. На комплексе ўтрымліваецца паўтысячны дойны статак, ад каровы атрымліваюць па 17 кілаграмаў малака ў суткі, што амаль на кілаграм больш, чым у такі ж час летась.

Малочны статак раздзелены на чатырнаццаць секцый. Рацыён кармлення кожнай каровы залежыць ад яе прадуктыўнасці. Прычым жывёлаводы-даглядчыкі Максім Зарыцкі, Руслан Боеў, Ігар Берасцевіч, Аляксандр Аўдзін атрымліваюць такую ж зарплату, як аператары машыннага даення. Разлік тут просты і лагічны: ад таго, як першыя накормяць жывёлу, які будзе санітарны стан у памяшканнях, напрамую залежыць колькасць і якасць малака.

Там стала нормай атрымліваць не адно, а два цяляці ад каровы за год. Для гэтага распрацавана цэлая сістэма, выкананне якой пад кантролем маладога спецыяліста, выпускніцы Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Таццяны Канашонак.

І яшчэ адзін немалаважны факт: работнікі комплексу маюць у месяц 15 выхадных. Графік работы такі: два дні працуюць, а два адпачываюць.

Дырэктар гаспадаркі Васіль Губанаў разлічвае ў бліжэйшым будучым павялічыць малочны статак на 120 галоў. Для гэтага знойдзена адпаведнае памяшканне, дзе пасля рэканструкцыі, якая не патрабуе значных страт, будзе ўстаноўлены малакапровад. А гэта дадатковыя «малочныя мільёны»!

У малочна-таварны комплекс «Вужыцы-Агра», на якім увесь дойны статак абслугоўваюць робаты, укладзены, наадварот, немалыя сродкі, але яны пакрысе даюць аддачу. Тут дояць сёння ад буронкі 21 кілаграм малака. Усё ідзе сортам «экстра». Таварнасць — 99 працэнтаў.

Лідарам жа ў малочнай галіне раёна па-ранейшаму з’яўляецца ААТ «Шайцерава». У гэтай гаспадарцы летась атрымалі ў сярэднім ад каровы па 7134 кілаграмы малака, а аператары Ала Сырэвіч, Алена Дрыжова і Святлана Грыгор’ева перасягнулі 8-тысячны рубеж.

saulich@bk.ru 

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter