Лапухі пад акном

Кветкі — гэта не проста радасць, уцеха, а нешта больш

Пра тое, ад каго залежыць наш дабрабыт…

У раён Даманскі горада Бабруйска мы пераехалі два гады таму. Кватэра на першым паверсе, лапухі пад вокнамі, адзервянелая зямля… Пачалі рабіць палісаднік: завезлі тарфакрошку, пасадзілі кветкі, устанавілі агароджу. А яшчэ на бярозе, якая ўзвышалася непадалёк, прыладзілі шпакоўню: хай да ўсяго і птушыныя галасы чуюцца — прыемна і сабе, і людзям.

Ля крайняга пад’езда цётка Каця разбіла кветнік. І хоць жыве яна на пятым паверсе, але любіць працаваць на зямлі. Кветкі ў яе мо лепшыя ў наваколлі. Ні на каго не спадзяецца, толькі на сябе, нават ваду для палівання раслін носіць са сваёй кватэры. Тым больш заслугоўвае павагі.

Заўжды, калі праходжу, любуюся кветнікам, які з тыльнага боку дома, што па вуліцы 50 год ВЛКСМ.

— А чаму не з параднага? — пытаюся ў яго гаспадыні, немаладых гадоў жанчыны, Ніны.

— Месца мала, — смяецца яна, — а калі па-сур’ёзнаму, дык і там пасадзіла, і тут. Праўда, давялося ў зямельцы пакапацца, вызваліць яе ад дзярноўя, затое цяпер якая прыгажосць.

«Вось каб усе так, — думаю, — быў бы наш раён раёнам кветак!» Аднак кветнікі пакуль трымаюцца вось на такіх энтузіястах, як гэтыя жанчыны. «А навошта мне тыя клумбы, — кажуць некаторыя, — абыдуся і без іх…» А ў выніку прыдамавыя тэрыторыі болей дагледжаны ля дарог, скрыжаванняў вуліц, дзе сваю руку прыклалі камунгасаўскія работнікі. А ледзь у глыбіню двара — ужо не той пейзаж… Вось і ля нашага дома, што па вуліцы Лынькова, можа, палова прыдамавых тэрыторый эстэтычна аформлена. Ля інтэрнатаў вытворчага аб’яднання «Белшына», будтрэста № 13, у сценах якіх, дарэчы, размяшчаецца дзіцячая паліклініка, шэраг гандлёвых аб’ектаў, я бачыў, як кажуць, тры кветкі…

Ды кажу не толькі пра наш раён ці пра горад, у іншых тое ж: у цэнтры адшліфавана, усё патанае ў кветках, а адыдзеш убок — і дзе тая прыгажосць падзелася…

Дык хто ж павінен задаваць тон на гэтым, так бы мовiць, полі? Вядома ж, камунгасаўскія работнікі. Трэба сказаць, яны нямала робяць: не пазнаць тэрыторый вакол плошчы Леніна, спартыўнага комплексу «Бабруйск Арэна», Георгіеўскага праспекта і іншых месцаў. І конкурсы праводзяцца на лепшае добраўпарадкаванне прыдамавых тэрыторый.Аднак сёння гэтага мала, трэба ісці ў масы. Тым больш мы да гэтага падаспелі. Людзі хочуць прыгажосці. Кветкі — гэта не проста радасць, уцеха, а нешта больш, звязанае з нашай культурай, выхаваннем, духоўным абуджэннем. Дзе чалавек, там павін-ны быць і кветкі, дзе кветкі, там і чалавек. Толькі тады мы можам казаць аб нашай высокай культуры.

Толькі з кім ні размаўляеш быццам пра кветкi, нашу з вамі вонкавую прыгажосць, а як даходзіць да справы — убок… Вось тут і хочацца запытаць: а дзе тыя суботнікі па добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый, дзе арганізатары, якія ўздымалі б людзей на агульную карысную справу? Чаму не праяўляюць належнай актыўнасці дамавыя камітэты, іншыя грамадскія фарміраванні? Бо ніхто не прыйдзе і за нас нічога не зробіць. Аб сабе мы павінны клапаціцца самі.

І яшчэ хацелася б сказаць вось аб чым. Нярэдка мы руйнуем тое, што з такой цяжкасцю здабывалі… Спа-шлюся вось на які прыклад. Два гады добраўпарадкоўвалі тэрыторыю на скрыжаванні бабруйскіх вуліц Лынькова і 50 год ВЛКСМ: высадзілі кветкі, траву засеялі. Цяперашняй вясной па ўсім гэтым добраўпарадкаванні «правялі» траншэю метраў дзвесце — вялі сілавы кабель да аднаго прыватнага магазіна. Ды не выбралі іншага часу, на майскія святы… І хоць тую траншэю неўзабаве закапалі, «шрамы» ад яе засталіся не толькі на зямлі…

Ніколі не позна, бо добрая справа не спазняецца, узяцца за кветнікі, добраўпарадкаванне.

…Бачу, тэхнічка нашага дома звычайнай літоўкай акошвае прыдамавую тэрыторыю. Стаялі мужыкі, стаялі ды давай ёй дапамагаць. А мне гэта падалося добрым знакам: можа, агульнымі намаганнямі ў барацьбе за прыгажосць, культуру прыйдзем да разумення, што гэта наш агульны дом, наша агульная справа.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter