Лахва: современные производственные комплексы и самобытные традиции

Лахва: сучасныя вытворчыя комплексы і самабытныя традыцыі

Побач з лунінецкай вёскай Лахвай захаваліся рэшткі паселішча жалезнага веку. Археолагі вызначылі, што першабытныя людзі тут жылі дзве з паловай — паўтары тысячы гадоў таму. 

Упершыню пісьмова паселішча ўзгадваецца ў 1493 годзе як уласнасць ваяводы трокскага і маршалка Вялікага Княства Літоўскага Пятра Яновіча Монцігердавіча Белага. Потым маёнткам валодалі магнаты Кішкі і Радзівілы. У ХVІІ стагоддзі Лахва мела статус мястэчка, у якім пяць вуліц разыходзіліся ад базарнай плошчы. Праз стагоддзе побач з паселішчам паўсталі замак і мураваны касцёл.



У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай маёнтак стаў уласнасцю заможнага роду Вітгенштэйнаў у Мазырскім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі. Мясцовыя майстры выраблялі плеценую мэблю. 

Бурнае развіццё мястэчка пачалося ў канцы ХІХ стагоддзя пасля адкрыцця руху цягнікоў на лініі Лунінец—Гомель. На чыгуначнай станцыі Лахва таварныя саставы загружаліся збожжам, лесам. 

У 1912 годзе пасля стварэння Балотнай камісіі Мінскага губернскага земства за ваколіцай Лахвы на прыпяцкім пойменным масіве Кукуцёлка адкрылася доследная гаспадарка — вучоныя вырошчвалі сельгаскультуры на тарфяніках.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года, Лахва стала цэнтрам гміны Лунінецкага павета Палескага ваяводства буржуазнай Польшчы. Тут размясціўся польскі штаб брыгады корпуса аховы памежжа «Палессе».



Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР мястэчка атрымлівае статус вёскі — цэнтра сельсавета Лунінецкага раёна.

Нямецка-фашысцкія акупанты стварылі ў Лахве гета. У верасні 1942 года там выбухнула адно з першых паўстанняў вязняў. Гітлераўцы зверскі расправіліся з нескаронымі, спалілі 168 сялянскіх сядзіб. Мемарыялам ушанавана памяць ахвяр вайны. 

У Лахве дзейнічаюць рыбгас, установы адукацыі, аховы здароўя, сацыяльныя службы. Вёска ўключана ў турыстычную праграму «Экатурызм Беларусі».

Чарговая вандроўка прывяла мяне ў глыбінную палескую вёску Лахва, выцягнутую ўздоўж рачулкі Смердзь, што ўпадае ў паўнаводную Прыпяць. Нягледзячы на тое, што паселішча аддалена ад вялікіх гарадоў, дабірацца сюды зручна. Вясковыя ваколіцы падступаюць да чыгункі. Праз станцыю Лахва пасажырскія цягнікі курсіруюць на Маскву, Віцебск, Гомель, Гродна, Брэст. Да восені Беларуская чыгунка плануе запусціць хуткасны экспрэс Мінск — Пінск з прыпынкам у Лунінцы, ад якога да Лахвы рукой падаць.

Намеснік старшыні сельскага Савета дэпутатаў Канстанцін ПІЛІПЦЭВІЧ.

Кіраўнік мясцовай улады Людміла Пашкевіч, з якою сустрэліся ў сельвыканкаме, адзначыла, што многія жыхары прылягаючых да чыгункі вёсак працуюць у райцэнтры і на вядомым рэспубліканскім унітарным вытворчым прадпрыемстве «Граніт». 

З-за таго што моладзь імкнецца ў гарады, меншае насельніцтва ў сельсавеце. Але ў апошнія гады тэндэнцыя зніжэння колькасці жыхароў прыпыняецца. Новымі катэджамі забудавана вуліца ў аграгарадку Любань. Рыхтуецца адзначыць наваселле ў вёсцы Лахва маладая сям’я Васіля Сыцэвіча. 

Дырэктар рыбгаса «Лахва» Валерый НІКАЛАЕВІЧ і рыбавод Ілля ГУЦАЛА.

Мясціны тут цудоўныя. У некалькіх кіламетрах ад Лахвы павольна нясе свае воды шырокая Прыпяць. Летам берагі застаўлены палаткамі турыстаў. Вабіць гэты чароўны куточак не толькі жыхароў нашай рэспублікі, але і замежных гасцей. Загадзя браніруюцца аграсядзібы. На тэрыторыі сельсавета іх некалькі. Настаўнікі Любанскай сярэдняй школы Анатоль Нефідовіч і яго жонка Ірына Анатольеўна арганізавалі байдарачны турызм па палескіх рэках. Іх аграсядзіба размешчана ў вёсцы Лахаўка. Анатоль Сцяпанавіч — сябра рэспубліканскага таварыства «Ахова птушак Бацькаўшчыны». З юнымі краяведамі ён вывучае шляхі міграцыі птушак, выяўляе мясціны гнездавання рэдкіх іх відаў, акальцоўвае іх.

Старшыня сельвыканкама Людміла ПАШКЕВІЧ і вядучы спецыяліст Таццяна ТРУСЕВІЧ. 

Арыгінальную маўраўскую назву «Палескія рабінзоны» апраўдвае аграсядзіба Паўла Канановіча. Ён распрацаваў цікавы турыстычны маршрут па прыпяцкай пойме, багатай на флору і фаўну.

А гаспадар агра­сядзібы «У Пятровіча» Леанід Чырэц на пачатку ліпеня прымаў удзельнікаў міжнароднага байк-фэсту, які праходзіў на беразе маляўнічага возера Шалёнае. З’ехаліся мотааматары з дзясятка еўрапейскіх краін.

Участковы міліцыянер Міхаіл НАСКОВІЧ.

У сельвыканкаме падтрым­ліваюць кемлівых землякоў, дапамагаюць ім. Невыпадкова, што праз Лахвенскі сельсавет праходзіць рэспубліканскі турыстычны маршрут. Кіраўнік мясцовай улады Людміла Пашкевіч пасля атрымання дыплома педагога настаўнічала ў Мінску. Трэба было бачыць, як загарэліся яе вочы, калі ўзгадвала пра вяртанне са сталіцы ў родныя мясціны. Выйшла замуж за земляка. Завялі сваю гаспадарку. Выхавалі дачку Ангеліну. Яна студэнтка Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. На кані­кулах дапамагае ўпраў­ляцца на агародзе, бабуль наведвае. 

Кабінет старшыні сельвыканкама аздоб­лены граматамі, дып­ломамі, падзякамі, суве­нірамі. Сельвыканкам прызнаны пераможцам абласнога конкурсу сярод сельсаветаў па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. У Людмілы Аляксандраўны цудоўныя па­мочнікі — калегі па працы Таццяна Трусевіч, Вольга Шэўчык, дэпутаты сельсавета, старасты вёсак, грамадскія актывісты. Сярод іх педагог Канстанцін Піліпцэвіч, з якім сустрэліся ля школьнага двара. Амаль 30 гадоў выкладаў ён геаграфію, цяпер на заслужаным адпачынку.

Дырэктар сельскага Дома культуры Ніна ДЗЕМІДОВІЧ.

Узгадаў Канстанцін Міка­лаевіч, як раней дзяўчаты-старшакласніцы авалодвалі ў школе прафесіямі швачкі і малодшага медработніка, а юнакі — трактарыста-машыніста. Летась у школе адноўлена прафесійнае навучанне. Вопытны педагог не сядзіць склаўшы рукі. Займаецца рэпецітарствам. Яго выхаванец Дзмітрый Каратыш стаў студэнтам Белдзяржсельгасакадэміі. Скончыць вучобу і вернецца дамоў спецыялістам сельскай гаспадаркі. 

З былых выпускнікоў школы Канстанцін Мікалаевіч узгадаў Аляксея Трусевіча. Сялянскі сын скончыў Ваенную інжынерна-касмічную акадэмію імя А. Ф. Мажайскага ў Санкт-Пецярбургу. Працаваў у Расійскім цэнтры касмічнай сувязі. Быў апантаным радыёаматарам. Не забываў сваю школу, настаўнікаў. Рана яго не стала.

Манцёр чыгункі Аляксей ГУСЦІНОВІЧ.

Так усталявалася, што летам вясковая моладзь дапамагае бацькам на палях і фермах. На пачатку чэрвеня ў Лахве і навакольных вёсках ад мала да вяліка — усе шчыравалі на клубнічных плантацыях. Тут амаль кожны агарод засаджаны гэтай ягадай. Многія сталі вырошчваць буякі. Ураджай іх даспявае і на агародзе старшыні сельвыканкама Людмілы Пашкевіч. Дзясяты год кіруе яна мясцовай уладай. За гэты час заўважна змяніўся ўклад жыцця палешукоў. 

Пяць гадоў таму на сялянскіх падворках сельсавета ўтрымлівалася амаль паўтысячы кароў. Многія гаспадары трымалі коней, авечак, свіней, хатніх птушак. На палову паменшала кароў у жыхароў аграгарадка Любань, вёсак Лахва і Лахаўка. Маладзейшыя пераважна заняты на прамысловых прадпрыемствах. Заробкі дазваляюць ім набываць прадукты харчавання ў магазінах. Сямейныя бюджэты ў аддаленых вёсках Перунова і Барсукова папаўняе выручка ад продажу малака. Так склалася, што там большасць сядзіб хутарскога тыпу. На падворках каровы, коні, козы, авечкі, свінні. На тэрыторыі сельсавета звыш 4000 коз. Ёсць і прыватныя міні-фермы. У гаспадыні перуноўскага хутара Вольгі Лушчык 8 дойных кароў. Крыху меншыя статкі ў гаспадароў Дзмітрыя Дзяка і Васіля Емельяновіча.

Вучаніцы 11-га класа Святлана ПАЎЛУСЕВІЧ і Дар’я ДЗЕМІДОВІЧ.

На лахвенскай вуліцы сустрэлі ўсхваляванага дырэктара сельскага Дома культуры Ніну Дземідовіч. Заклапочаная гаспадыня паведаміла, што адна з дзвюх яе кароў аступілася і зламала хрыбет. Нічога не застаецца, як здаць на мясакамбінат. 

У найбольш буйных населеных пунктах сельсавета кароў пасуць па чарзе, а на хутарскіх выганах іх выпасаюць на прывязі. Там падворкі акружаюць лугі і сенажаці. Зараз няма праблем з нарыхтоўкай кармоў на стойлавы перыяд. Малако вяскоўцы прадаюць індывідуальным прадпрымальнікам Сцяпану Соцу і Ніне Канановіч. Перапрацоўваецца яно на Лунінецкім малочным заводзе. Прыёмшчыкі спецыяльнымі прыстасаваннямі адразу вызначаюць яго тлустасць і кіслотнасць.

Святар Валерый СКРАБЕЦ.

Да нядаўняга часу вёска Лахва была цэнтрам гаспадаркі, якую далучылі да дзяржпрадпрыемства «Гарадоцкі». Высокімі вытворчымі па­казчыкамі славіўся суседні калгас «Новае Палессе». Цэнтральная сядзіба яго — вёска Любань — атрымала статус аграгарадка. Узначальваў гаспадарку Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Сцепчанка. У дакументальным альбоме сельсавета адзначана, што амаль паўсотні калгаснікаў за высокія вытворчыя паказчыкі адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі. Перадавыя жывёлаводы і хлебаробы прадстаўлялі гаспадарку на ВДНГ. На Доме культуры ў Любані ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар былога старшыні. Яго прозвішчам названа адна з вуліц аграгарадка. Сёння гаспадарка — вытворчае падраздзяленне ўзбуйненага дзяржпрадпрыемства «Сінкевіцкі».

Актыўна развіваецца на тэрыторыі сельсавета фермерства. Найбольш буйныя гаспадаркі ў Міхаіла Грыневіча і Золтана Турчыновіча. Спецыялізуюцца яны на вырошчванні морквы, сталовых буракоў, капусты, бульбы. Акрамя раслінаводства, фермер Міхаіл Грыневіч зай­маецца і жывёлагадоўляй. Побач з аграгарадком Любань пабудаваў сучасную малочна-таварную ферму на паўтысячы кароў. Буйны жывёлагадоўчы комплекс узводзіць і дзяржпрадпрыемства «Сінкевіцкі». Вытворчасць малака дае гаспадаркам прыбытак. Высокія заробкі ў жывёлаводаў. Амаль паўсотні вяскоўцаў атрымалі працу ў фермера. На перыяд уборкі ўраджаю дадаткова наймаюцца людзі.

Загадчыца аптэкі Надзея КАВАЛЕВІЧ.

На тэрыторыі сельсавета дзейнічаюць Чырвонавольскае лясніцтва, рыбгас «Лахва», Брэсцкі абласны дзіцячы цэнтр медыцынскай рэабілітацыі, установы адукацыі, сацыяльныя службы. Маладыя спецыялісты папаўняюць вытворчыя калектывы. Пасля вучобы ў Беларускай дзяржсельгасакадэміі майстрам нагульных сажалак працуе ў рыбгасе Ілля Гуцала. Дзяцінства яго прайшло на далёкім Сахаліне. Пра Беларусь, адкуль карані продкаў, чуў ад бацькоў. У савецкія часы дзядулю Сяргея Гуцалы з жыткавіцкай вёскі Браніслаў рамантыка паклікала на Далёкі Усход. У адпачынак лятаў на роднае Палессе. Цяпер яго ўнук атабарыўся ў вёсцы Лахаўка. З Горак прывёз маладую жонку Марыю Аляксандраўну. Яна таксама выпускніца Белдзяржсельгасакадэміі. Купілі дом. Выхоўваюць двух дзяцей. 

Пасля заканчэння Магі­лёўскага медкаледжа ўзначаліла аптэку На­дзея Кавалевіч. Муж Міхаіл Іванавіч працуе майстрам на чыгунцы. Сям’я жыве ў суседнім Кажан-Гарадку. З арміі вярнуўся сын Ягор і паступіў вучыцца на праграміста ў Брэсцкі дзяржпалітэхуніверсітэт.

Выпускнік Мазырскага дзяржпедуніверсітэта Міхаіл Насковіч — участковы інспектар. Завочна вучыцца ў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Яго ўчастак ахоплівае і суседні Кажан-Гарадоцкі сельсавет. Міхаіл Уладзіміравіч пільна сочыць за парадкам. Вяскоўцы паважаюць яго. Вандроўку па Лахве дапоўніла паездка з участковым па вясковых вуліцах і вулачках. 

Завіталі да настаяцеля храма ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы Валерыя Скрабца. Інакш вясковую святыню і не назавеш. Белакаменны мур свечкаю красуецца сярод пышна-зялёнага вянка векавых дрэў. У перыяд масавага атэізму будынак пуставаў. Айцец Валерый заўзята ўзяўся за яго аднаўленне. Талакою вычышчалі памяшканне, аднавілі дах, купалы, пабялілі сцены. Адшукалі і ўсталявалі званы. У святы меладычны перазвон іх чуваць у суседніх вёс­ках. Захоўваецца ў храме часцінка мошчаў прападобнага Манефы Гомельскага. 

Праз месяц, на праваслаўнае свята Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, у Лахве адбудзецца фэст. Вяскоўцы рыхтуюцца да яго. Карані свята, як і іншыя самабытныя традыцыі, — у далёкім мінулым Палескага краю. 

Лунінецкі раён.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter