Забег з перашкодамi: чаму дачнiкi лiчаць сябе бессмяротнымi

Лакаматыў б'е наводмаш

Чыгунка стала для нас настолькі звыклай, што многія перасталі ўспрымаць яе як крыніцу сур’ёзнай небяспекі. Людзі гуляюць уздоўж пуцей, перабягаюць рэйкі там, дзе лічаць патрэбным, узбіраюцца на грузавыя вагоны і нават спрабуюць катацца на счэпках. Але такога панібрацтва чыгунка не даруе. Штогод на рэйках гінуць і атрымліваюць траўмы дзясяткі чалавек. Карэспандэнт «Рэспублікі» разам з супрацоўнікамі міліцыі адправілася на чыгуначны прыпынак, каб паглядзець, хто і чаму сябе не шкадуе.

Уцячы ад цягніка з веласіпедам — вельмі рызыкоўная гульня

— Пацяплела, пачаўся дачны сезон, павялічылася колькасць пасажыраў, таму з 21 па 25 мая праводзіцца спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Бяспека», — па дарозе ўводзіць у курс справы Андрэй Барцэвіч, інспектар прафілактыкі Мінскага АУС на транспарце. — Асноўная мэта — папярэджанне гібелі і траўматызму людзей на чыгунцы і дарожна-транспартных здарэнняў на чыгуначных пераездах. Міліцыі дапамагаюць супрацоўнікі ваенізаванай аховы і дружыннікі. 

Станцыя Мінск-Усходні знаходзіцца ў ажыўленым месцы: недалёка метро «Пралетарская», побач прадпрыемствы, гандлёвыя кропкі і жылыя кварталы. Нічога дзіўнага, што многія пасажыры электрацягнікоў з Оршы і Барысава сыходзяць менавіта тут. Для іх бяспекі на станцыі пабудаваны аж два пераходы — і падземны, і наземны. Але дарэмна: хто-небудзь абавязкова сігае цераз рэйкі!

Разам з Андрэем Барцэвічам і двума супрацоўнікамі АМАП займаем назіральны пост непадалёку. Не хаваемся — і нас здалёк відаць, і мы наваколле азіраем. 

— Зусім нядаўна на станцыі Сцяпянка сур’ёзна пацярпеў малады чалавек, — успамінае Андрэй Барцэвіч. — З сябрамі на дачы адпачывалі, зразумела, што і выпівалі. На станцыі стаяў грузавы цягнік, хлопец забраўся на адзін з вагонаў, падняў руку — сябрам пазіраваў, каб яго сфатаграфавалі... Ад электрычнай дугі атрымаў апёк, ударам току скінула з вагона на зямлю. Траўмы сур’ёзныя, апёк 42 працэнтаў цела, але жыць будзе. 

Дзмітрый усё ж прыйшоў да высновы, што лепш карыстацца падземным пераходам

Тым часам проста да нас крочыць праз рэйкі першы парушальнік, які да таго ж прыкладваецца да бутэлькі з півам. Заўважыўшы міліцыянераў, крыху бянтэжыцца. Віну прызнае, каецца, гатовы заплаціць штраф. Пакуль міліцыянеры правяраюць, ці не знаходзіцца ў вышуку высокі хударлявы мужчына па імені Дзмітрый, і пішуць пастанаўленне аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці, пытаюся:

— Што ж вы сябе не беражэце? 

— Я паглядзеў у розныя бакі, паяздоў не было!

— А каб не заўважылі? — не адстаю. — Вунь у «Штадлера» колер светлы, незаўважны, бегае ён ціха і вельмі хутка. А ў вас навушнікі... 

— Я толькі ў электрычцы слухаю! — сцвярджае Дзмітрый і тут жа згадвае: — Я бачыў аднойчы, як адну жанчыну цягніком раскаўбасіла, парэзала. Ой як страшна!

Разам мы прыходзім да высновы, што трэба карыстацца падземным пераходам: хоць і даўжэй на дзве хвіліны, але ж бяспечней, ды і танней. 

Спыняецца электрычка з Оршы, і хутка амапаўцы прыводзяць яшчэ аднаго парушальніка. Высокі 70-гадовы мужчына, як высветлілася, пераходзіў пуці... з веласіпедам, да якога прычэплена немалая сумка.

— Дык спазняўся я! — тлумачыць пенсіянер прычыны парушэння. 

— А каб цягнік? А вы з веласіпедам — ні кінуць, ні ўцячы! 

— Пасля праходу цягніка наступны толькі праз 7 хвілін можа ісці! Я ведаю! — мужчына дэманструе дасведчанасць у справах чыгуначных. 

Аказваецца, грамадзяне нашы настолькі баяцца спазніцца, што часам нават спрабуюць пад’язджаць ад прыпынку да прыпынку на счэпках грузавых вагонаў, задняй кабіны электрацягніка або на падножках. Апошні такі выпадак скончыўся дрэнна: адзін з двух зайцоў разняў рукі, упаў і трапіў пад колы, застаўся без нагі.

Яшчэ адна электрычка — і каля нашай машыны выстройваецца за штрафамі і папярэджаннямі сапраўдная чарга з чатырох парушальнікаў. 

— Мы першыя былі злоўлены! — літаральна кідаецца да інспектара мужчына з сімпатычнай спадарожніцай.

Апраўданні ва ўсіх аднолькавыя: вельмі спяшаліся, у падземны пешаходны пераход спускацца паленаваліся, ва ўсе бакі ўважліва паглядзелі... 

— Незалежна ад таго, ёсць паблізу поезд ці не, праход па чыгуначных пуцях або знаходжанне на іх у неўстаноўленым месцы, калі толькі вы не супрацоўнік чыгункі ў форменнай камізэльцы, з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем і караецца папярэджаннем або штрафам да дзвюх базавых велічынь, — напамінае Генадзь Завадскі, намеснік начальніка Мінскага АУС на транспарце, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі. — Толькі за адзін дзень на тэрыторыі абслугоўвання Мінскага АУСТ да адміністрацыйнай адказнасці быў прыцягнуты 41 чалавек. 

СТАТЫСТЫКА

• У 2016 годзе на чыгунцы пацярпелі 124 чалавекі, 82 з іх загінулі. 52 знаходзіліся ў нецвярозым стане, 13 сталі ахвярамі ДТЗ на пераездах. 

• У 2017 годзе пацярпелі 122, загінулі 77: 57 нецвярозых, 19 у ДТЗ.

• За чатыры месяцы гэтага года пацярпеў ужо 31 чалавек, з іх загінулі 19: 9 былі нецвярозымі, 4 сталі ахвярамі ДТЗ.

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter