На споведзі шмат людской сквапнасці і бездухоўнасці адчувае протаіерэй Андрэй Лемяшонак

Лагодзiць сэрца слязамi пакаяння

УНУК генерала савецкай авіяцыі Івана Марунова, сын доктара гістарычных навук Уладзіміра Лемяшонка, які выкладаў у мінскай Вышэйшай партыйнай школе, Андрэй ЛЕМЯШОНАК прайшоў шлях ад вартаўніка мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора да мітрафоннага протаіерэя, духоўніка Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра і сястрыцтва. Больш за дзесяць гадоў ён служыў у Свята-Петра-Паўлаўскім саборы акафіст за п’ючых перад вобразам Маці Божай “Неўпівальная чаша”. На працягу пятнаццаці гадоў святар пастаянна праводзіць гутаркі з вернікамі, да якіх ён загадзя не рыхтуецца, а пасля кароткай малітвы даносіць прысутным тое, што “Гасподзь на сэрца пакладзе”. Як здзіўлена прызнаюцца многія ўдзельнікі гэтых сустрэч з айцом Андрэем, што ў няхітрых словах святара яны знайшлі адказы на хвалюючыя іх пытанні. За пастырскую дзейнасць протаіерэй Андрэй Лемяшонак адзначаны прэзідэнцкай прэміяй “За духоўнае адраджэнне”. 


СЯМЕЙНЫЯ карані святара Андрэя Лемяшонка вядуць на беларускае Палессе і ў расійскую цвярскую глыбінку. Дзядуля па мацярынскай лініі Іван Маруноў ваенную службу пачынаў у конніцы Будзённага і завяршыў генералам савецкай авіяцыі. У пасляваенныя гады з сям’ёю жыў у Мінску. Вясковая радня бацькі з Піншчыны, адкуль Уладзімір Іосіфавіч прыехаў вучыцца ў сталіцу. Пазнаёміўся з мілавіднай дзяўчынай Галінай Маруновай і стаў зяцем генерала авіяцыі. Абараніў кандыдацкую, а потым і доктарскую дысертацыю, прысвечаную вызваленчай барацьбе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Прафесар Уладзімір Лемяшонак выкладаў у мінскай Вышэйшай партыйнай школе. Радаваўся разам з жонкай Галінай Іванаўнай паступленню сына Андрэя на рэжысёрскі факультэт Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута. Пасля заканчэння першага курса юнак катэгарычна адмовіўся працягваць вучобу. Гэты ўчынак прывёў у шок бацькоў, на вачах якіх сын пакутліва шукаў сябе ў жыцці. Кідаўся ў крайнасці. Разам з сябрамі захапляўся хіпаваннем, але не надоўга. Знаёміўся з усходняй філасофіяй, зачытваўся творамі класікаў рускай літаратуры. Нечаканым для сям’і было яго ўладкаванне вартаўніком у Свята-Духаў кафедральны сабор беларускай сталіцы. Такі крок сына каштаваў пасады бацьку ў Вышэйшай партыйнай школе.

— Настаў час, і на генным узроўні я адчуў духоўны покліч да веры, — шчыра дзеліцца святар Андрэй Лемяшонак. – Як і многія мае равеснікі, выхоўваўся бязбожнікам. У сям’і калі і гаварылі пра рэлігію, то толькі з асуджэннем. Не даводзілася ў дзяцінстве бываць у царкве. Праходзячы каля сталічнага сабора, што ўзвышаецца каля Нямігі, скоса пазіраў на яго велічныя сцены. 

Па расказах родных ведаў, што мае продкі былі вернікамі. Бабуля Кацярына жыла на Піншчыне, а другая, таксама Кацярына, з Цвярской губерніі. Мяне вельмі ўразіла, калі даведаўся, што на пахаванне глыбока веруючай маці дзядуля-генерал Іван Маруноў не паехаў, каб не сапсаваць кар’еру. Пэўна, глыбокая вера продкаў абудзілася ў маім сэрцы, і гэта прывяло мяне ў праваслаўны храм.

— Ці запала ў душу першае наведванне галоўнай праваслаўнай святыні Мінска?

— Назаўсёда засталося пачуццё, быццам нарадзіўся нанава. Адчуў, што магу любіць і гэтую любоў ніхто ў мяне не адыме. Трынаццаць гадоў аддаў служэнню ў Свята-Духавым кафедральным саборы: вартаваў, спяваў на клірасе, авалодаў майстэрствам званара. Яшчэ больш пераканалі ў правільнасці жыццёвага выбару размовы са старцам Мікалаем Гур’янавым, якому дапамагаў у час цяжкай хваробы. Айцец Мікалай блаславіў мяне прыняць свяшчэнны сан. Пачынаў служэнне ў Свята-Петра-Паўлаўскім саборы  і ў Пакроўскай царкве прысталічнай вёскі Крупцы. Разам з іншымі святарамі выязджаў у бальніцы на споведзь і прычашчэнне хворых, якім патрэбна была дапамога. Асабліва часта наведвалі Рэспубліканскую клінічную псіхіятрычную бальніцу ў Навінках. Заклікаў да гэтай справы добраахвотнікаў з Свята-Петра-Паўлаўскага сабора. Узнікла сястрыцтва. А калі некаторыя сёстры вырашылі прысвяціць сябе манашаству, мітрапаліт Філарэт падтрымаў маю ідэю і блаславіў будаваць у Навінках манастыр, і прызначыў мяне яго духоўнікам.

— Кажуць, што перад адыходам у вечнасць амаль усе веруюць. А ў вашай сям’і як? 

— Бацька жыў ідэаламі пабудовы камунізму. У апошнія гады яго жыцця мы з ім наведвалі магілы продкаў на пагостах Бабруйскага раёна, і пасля вандроўкі я пахрысціў яго. Ён хварэў на анкалогію і вельмі пакутаваў. Перад хрышчэннем я спытаў: на гэта ён пайшоў дзеля мяне? — і пачуў у адказ, што па сваёй волі прымае хрысціянства. Кватэру асвяцілі абразы, і жыццё па-іншаму пайшло. Бацька перад адыходам не баяўся смерці, а чакаў сустрэчы з вечнасцю. 

Маці, калі я служыў у Свята-Духавым кафедральным саборы, прыхіляла да веры мая жонка, Людміла Іванаўна, з якою мы абвенчаныя. Наш супольны з жонкаю шлях склаўся так, што выхавалі сына Дзмітрыя і дачку Сафію, якая абвянчалася з зяцем Раманам, і яны падарылі нам дзвюх унучак — Фёклу і Ніну. Дачка і зяць у манастыры пішуць іконы. І сын пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта кіруе каменнай майстэрняй манастыра, дзе вырабляюць помнікі. Ён пакуль што халасцяк.

Цяпер Свята-Елісавецінскі манастыр аб’ядноўвае не толькі храмы і жылыя пабудовы, але і два падворкі каля сталічнай Лысай гары. Там пражывае амаль дзвесці чалавек, якія па розных прычынах засталіся без прытулку. І другі падворак — каля вёскі Нелідавічы. 

Непадалёк ад прысталічнай вёскі Вішнёўка ствараецца жаночы падворак для бяздомных. Да нас звяртаюцца асобы з рознымі лёсамі. Уявіце, што чалавек дваццаць гадоў адсядзеў у турме і няма куды вяртацца. Ён не прыстасаваны да грамадства і звычайна зноў трапляе за краты. На нашым падворку такія асобы маюць магчымасць рэалізаваць сябе ў працы на лесапільні, у сталярным цэху, кузні, майстэрні па вырабе царкоўнага адзення, свечак, ікон, каменных помнікаў, у майстэрнях — мастацкай, каляровых металаў, дызайнерскай, аб’ёмнага лаку, роспісу па дрэве, валюшным, рамачна-ківотным цэхах, займацца рэстаўрацыяй храмавых рэчаў. Маем сваё выдавецтва і рэдакцыю камп’ютарнага партала, аўдыястудыю. 

Завялі жывёлагадоўчую ферму, дзе ўтрымліваюцца каровы, авечкі, козы і наладжаны выраб сыроў. На зямельных угоддзях вырошчваем кармы для жывёл. Змайстравалі цяпліцы, адкрылі сабакарню, дзе ўтрымліваем бяздомных і разводзім пародзістых сабак. Адкрылі звярынец.

Плануем пабудаваць дамы сястрыцтва і паломнікаў, званіцу, дзіцячую вёску і хоспіс. 

На трэцяй сядзміцы Вялікага посту на храме Свяціцеля Іаана Шанхайскага ўсталявалі пазалочаны купал з крыжам. Гэтай важнай падзеяй адзначылі чарговы этап узвядзення храма на тэрыторыі Рэспубліканскага цэнтра псіхічнага здароўя ў Навінках.

— Кіраваць усім гэтым і весці набажэнствы патрэбны час і фізічны моц. Як вы спраўляецеся?

— На ўсё воля Божая. Вынік будзе паспяховы, калі справу выконваць з радасцю ў сэрцы. Як і ўсе людзі, часам адчуваю стомленасць, але Бог дорыць новы дзень і сілы для здзяйснення задуманага. 

Нядаўна адкрылі школу і дзіцячы садзік пры манастыры. У першы клас летась прыйшло 16 школьнікаў. У верасні плануем набраць некалькі першых класаў. Папаўняецца і дзіцячы садзік. Прывіваем выхаванцам любоў да нашай культуры, народных традыцый, вучым шанаваць спадчыну. Імкнёмся выхаваць дзяцей сумленнымі грамадзянамі краіны. Мяне як у садзіку, так і ў школе добра ведаюць.

У наш манастыр едуць не толькі з Беларусі, а і з-за мяжы. Па аўторках увечары які год запар праводжу ў храме размовы-сустрэчы з вернікамі. Там яблыку няма дзе ўпасці. Людзі да мяне звяртаюцца з рознымі жыццёвымі пытаннямі.

— Распазнаяце сярод паломнікаў вяскоўцаў?

— Іх выдае непасрэднасць і шчырасць. А ўвогуле, рады сустрэчы з усімі. У дні Вялікага посту да нас едуць ачышчаць душу. Бо без Бога і не да парога. Шмат клопатаў людзям прынесла разбурэнне вялікай краіны, дзе ўсім было ўтульна, ладна жыць. Ніякіх расавых дыскрымінацый не ведалі, парадак і спакой панаваў ад Брэста да Уладзівастока, і раптам, як землятрус прайшоў. Для мяне асабіста гэта трагедыя. Дзякуй Богу, што праваслаўная царква ўтрымалася. Яна была, ёсць і будзе адзіная. 

Атэістычная прапаганда бязлітасна імкнулася знішчыць веру, але яна выстаяла. Моц Божы не парушны. Сіла Гасподня ў немачы адбіваецца. І калі мы будзем верыць і думаць не толькі пра сваё цела, але і душу, не імкнуцца займець паболей багацця, а любіць адзін аднаго, каб мець паразуменне, тады можам спадзявацца на добры вынік. Без гэтага пераўтворымся ў калонію. Апошнія падзеі ў свеце і ў нашых суседзяў у Еўропе, дзе аднаполыя шлюбы і поўнае маральнае апусташэнне, выраджэнне ўстояў, знішчаюць чалавечую годнасць. Таму і наступаюць на Еўропу мусульмане, бо рушацца ідэалы, па якіх вякамі жыло чалавецтва. 

Наша рэспубліка застаецца ў гэтым хаосе астраўком духоўнасці. Хочацца верыць у перамогу чысціны чалавечых адносін.

— Вашы пажаданні чытачам “Сельской газеты”, якія жывуць у розных рэгіёнах Беларусі?

— Вясна абуджае прыроду, прачынаецца пасля зімовага спачыну маці-зямелька. Пасля Дабравешчання ў сейбітаў надыходзяць самыя адказныя дні года, калі трэба паспець апрацаваную глебу засеяць, каб вырас добры ўраджай. Вясновае абуджэнне спакон вякоў выклікае ў хлебароба вялікую радасць і спадзяванне на Божую міласць. Зелянее рунь, з’яўляюцца першыя ўсходы, ажываюць дрэвы. 

Жадаю хлебаробам, каб іх сэрцы былі напоўнены мірам і дабрынёю, любоўю і ўдзячнасцю, каб не пераставалі змагацца з грахамі. На вялікі жаль, яшчэ ў вёсках пануе п’янства, зло. 

Кожнаму варта шукаць сваю сцяжынку да веры, да храма, шукаць тое апірышча, што дапамагае ў любых абставінах. Не адзіным хлебам жывём. Хацелася б, каб разам з тым як людзі здабываюць на збожжавых нівах ураджай, якім мы падтрымліваем сваё цела, дбалі і пра духоўныя справы, каб іх сэрцы амываліся слязамі пакаяння, даравалі крыўды. Не адварочвацца, а дапамагаць адзін аднаму. Больш любові чалавечай, света Божага і спакою, каб было што духоўна пакінуць нашчадкам. 

Новае тысячагоддзе прынесла незвычайную спакусу чалавецтву, і важна, каб маладое пакаленне не заблыталася ў інтэрнэтнай павуціне. Калі ў дзіцяці не будзе прыкладу бацькоў з Божай прыгажосцю, страшна ўявіць, што іх чакае.

— Айцец Андрэй, Вялікі пост не ўсе вытрымліваюць, і як быць?

— Хто імкнецца пахудзець, знаходзіць магчымасць вытрымаць. Няцяжка, а карысна на некалькі тыдняў забыць пра тлустую ежу. Існуе шмат варыянтаў устрымаць сябе і ўмацаваць здароўе. Можна пачынаць з аднаго тыдня, а ў наступны раз павялічыць тэрмін. 

Адмовіцца ад гордасці, ад шкодных звычак, незадаволенасці значна больш складана, чым абмяжоўваць сябе ў ежы. Але і гэта магчыма з Божай ласкай. У малітве лечыцца душа, становіцца мяккай, цёплай, пачынае адчуваць боль іншага чалавека, лепш разумець яго. 

Бывае, што родныя людзі і не спачуваюць адзін аднаму, сварацца за кватэры, непадзеленыя грошы і шлюць праклёны. Гэта адчуваю на споведзі вернікаў, і як важна пазбавіцца ўсяго гэтага ў пост.

Чалавек створаны для служэння любові, для служэння ангельскага. Зямля адарвала яго ад Неба, зрабіла цяжкім, і ён прырос да яе і сумуе, шукае прыгажосць і радасць. Але калі зірне на неба, асэнсуе сябе чадам Божым, вобразам і падабенствам Творцы, і ў такі момант душа адчуе дзівосную волю. 

Няхай вясновы настрой агортвае вашы сэрцы, шчасце і радасць усяляецца ў кожную сям’ю і мацнее наша цудоўная Беларусь.

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter