Гарпасёлак Лагішын на Піншчыне імкнецца вярнуць сабе некалі страчаны статус горада

Лагішын: уже не горад, але і не вёска

ПАМІЖ ракой Ясельдай і Агінскім каналам пяты век адлічвае палескае мястэчка Лагішын. Упершыню пісьмова ўзгадваецца ў ХVI стагоддзі ў “Пісцовай кнізе Пінскага княства” як “востраў на Лагішыншчыне”. Уладарылі ім магнаты Радзівілы, Агінскія, князі Друцкія-Любецкія. 


Граматай польскага караля Уладзіслава IV мястэчка займела герб і атрымала Магдэбургскае права. Па нядзелях і чацвяргах ладзіўся гандаль, і штогадова летам на свята Пятра і Паўла і зімою на Каляды па два тыдні гудзелі кірмашы.

На пачатку ХVII стагоддзя на сродкі пінскага старасты Альбрэхта Радзівіла паўстаў драўляны касцёл, пры якім дзейнічалі місія езуітаў і шпіталь. Адкрылася парафіяльная школа.

Пасля ўваходу ў склад Расійскай імперыі мястэчка становіцца цэнтрам воласці Пінскага павета. Пераважна жыхары працавалі на зямлі. На некалькіх млынах малолі зерне на муку і крупы. Працавалі маслабойня і скураны завод.

Старшыня Пінскага райвыканкама Валерый РЭБКАВЕЦ.

Амаль два вякі таму Лагішын атрымаў статус горада. Цэнтр упрыгожылі мураваныя Праабражэнская царква і касцёл Святых Пятра і Паўла, яўрэйская малітоўная школа.

У Першую сусветную вайну амаль два з паловай гады побач праходзіла лінія фронту. Воінскую службу тут праходзіў рускі паэт Мікалай Гумілёў.

Пры буржуазнай Польшчы Лагішын быў цэнтрам гміны, а пасля аб’яднання з Беларуссю атрымаў статус раённага цэнтра і быў ім да снежня 1962 года.

Кіраўнік справамі сельвыканкама Ірына ПЕТРУКОВІЧ.

За гады нямецка-фашысцкай акупацыі ў былым Лагішынскім раёне загінулі каля 2 тысяч чалавек. Пасля вайны аднавілі дзейнасць калгас, прадпрыемствы, дзяржаўныя ўстановы.

У былым райцэнтры сёння базіруюцца ААТ “Пінскрайаграсэрвіс”, ААТ “Лагішын”, дарожныя, меліярацыйныя службы, хлебапякарня і іншыя арганізацыі і ўстановы. Сёлета Лагішыну спаўняецца 465 гадоў.

ПРАЗ старажытны Лагішын, дзе перасякаецца некалькі аўтамагістраляў, часта даводзіцца праязджаць. Колішнія муры з ажурнымі балконамі, палісаднікі з пярэстымі кветнікамі, гатычны касцёл з чырвонай цэглы і побач белакаменная царква, кварталы сучаснай забудовы і непаўторны водар свежаспечанага хлеба. Вокны пякарні выходзяць на ажыўленую вуліцу. З сустрэчы з хлебапёкамі пачалася вандроўка па мястэчку. Калісьці яно славілася рамеснікамі. Выраблялі бочачкі, барыльцы, цэбрыкі, кавалі жалезныя вырабы, ткалі льняныя палотны. За ваколіцай багатае радовішча мелу. Уручную яго здабывалі. Вялікім попытам карыстаўся ён у палескіх вёсках. У апошнія гады чамусьці заціх промысел. Давалі славу Лагішыну вэнджаныя па асаблівых рэцэптах мясныя прысмакі. Далікатэсы дастаўлялі ў Варшаву і Вільнюс.

Святар Уладзімір АГІЕВІЧ.

Пэўна, колішнія рэцэпты захавалі хлебапёкі. Майстар участка Ганна Гладун чвэрць стагоддзя таму пасля заканчэння Баранавіцкага тэхналагічнага тэхнікума прыйшла ў калектыў. Ад старэйшых пераняла ўменне прыгатавання цеста. Шэсць аўтамашын штодзённа развозяць па населеных пунктах раёна больш як пяць тон хлебабулачнай прадукцыі трыццаці відаў. Паўсотні рабочых у калектыве, які мае філіял у вёсцы Пагост. Брэнд лагішынскіх хлебапёкаў – булка “Васілёк”. Дзве тысячы штук выпякаецца штосутачна.

— Пасля рэканструкцыі выпякаем хлебабулачныя вырабы па сертыфікаванай сістэме, — расказвае майстар участка Ганна Гладун. — Наша прадукцыя адпавядае сусветным стандартам якасці і можа рэалізоўвацца на экспарт. 

Пекар Нэлі ШЭЛЕСЦЮКОВІЧ.

ЧАГО не скажаш пра выраб мясных прысмакаў. Чамусьці закрыўся каўбасны цэх. Далікатэсамі паласавацца можна толькі ў прыватных гаспадароў, тых, хто гадуе жыўнасць. У магазінах у асноўным стандартная мясная прадукцыя.

— Людзі трымалі кароў, свіней, хатнюю птушку, — узгадвае васьмідзесяцішасцігадовая Яніна Багдановіч. – Кормнікаў здавалі на бойню. Свежаніну перапрацоўвалі ў каўбасным цэху. Смак тых вырабаў забыць нельга.

Старшая птушніца Аксана СЦЕПАНОВІЧ.

Яніна Аляксандраўна да выхаду на пенсію працавала ў калгасе “Беларусь”. Пяты год жыве ў Доме міласэрнасці, у якім утрымліваецца сорак састарэлых жыхароў. Сродкі на будаўніцтва ўстановы сацыяльнай дапамогі недзяржаўнай формы ўласнасці ахвяравалі жыхары Беларусі. Дапамаглі і замежныя спонсары. Часта бываюць тут праваслаўны святар айцец Уладзімір Агіевіч і ксёндз Тадэвуш Шэшка. Хрысціянскія храмы ўзведзены побач больш як стагод- дзе таму. Вернікі дзвюх канфесій жывуць у згодзе.

У праваслаўным Праабражэнскім храме вянчаліся каталічка Алена і праваслаўны Валерый Рэбкавец. Пабудавалі дом у Лагішыне. Выхавалі дачок Наталлю і Кацярыну. Унучка Варвара падрастае.

Кіраўнік ансамбля народнай музыкі «Лагішынскія музыкі» Раман ПІСКУНОВІЧ з юнымі артыстамі-братамі Юрай,Алегам і Раманам СТАСЮКЕВІЧАМІ.

ВОСЬМЫ год Пінскі райвыканкам узначальвае Валерый Рэбкавец.

— Раён па плошчы самы большы на Брэстчыне, — адзначае Валерый Васільевіч. — Па насельніцтве ўступае толькі суседзям – столінцам. На вачах мяняецца аблічча аднаго з найбольшых населеных пунктаў раёна – гарпасёлка Лагішын. На новых вуліцах — Садовай, Ціхай, Паўночнай — жыллё атрымалі ў асноўным маладыя сем’і працаўнікоў сельгаспрадпрыемства “Лагішын”, педагогі, медыкі. Пасля ліквідацыі Лагішынскага раёна засталіся незапатрабаваныя будынкі, якія выстаўляем на аўкцыён, аддаём у арэнду з мэтай стварэння рабочых месцаў. Пакуль сур’ёзнай вытворчасці не ўдалося наладзіць. Выпускнікі школы ірвуцца ў горад. Гэта тычыцца не толькі Лагішына. У аграгарадку Парахонск маладым прапануем добра аплачваемую працу, сучаснае жыллё — і ўсё роўна не ўтрымаць. Пасля гарадскіх інтэрнатаў, здымных кватэр некаторыя вяртаюцца. У Лагішыне моладзь працаўладкоўваецца ў філіялах раённых арганізацый і служб. Імкнёмся заахвочваць інвестараў для больш актыўнага развіцця сферы турызму. Вакол багатая прырода: некранутыя палескія балоты, векавыя бары. Ёсць жадаючыя павандраваць на Беларускім Палессі. Арганізацыя польскіх юрыстаў звярнулася з прапановай наладзіць тур на Піншчыну.

Больш як паўвека сямейнаму саюзу Лявонція і Яўгеніі КАХАЎЦОЎ.

ЗАВІТВАЮЦЬ турысты ў Лагішын. Пілігрымы наведваюць стагадовыя капліцу, Праабражэнскую царкву, Петрапаўлаўскі касцёл, дзе захоўваецца адзін з найбольш шанаваных абразоў Беларусі — Маці Божай, які атрымаў назву “Каралева Палесся”.

Прыемна прайсціся гасцям па добраўпарадкаваных вуліцах. Капітальна адрамантаваны маладзёжны цэнтр, сярэдняя школа, стадыён.

Кветкі настаўнікам Ларысе ВАСІЛЬЧУК і Вользе ЛЯВОШКА дораць вучні Максім КАРОЛЬ і Марыя КАСТЭНКА.

Сельвыканкаму выдзелены новы легкавік. Асвойвае яго кіраўнік спраў Ірына Петруковіч. Перад тым як сесці за руль, Ірына Вітальеўна мяняе туфлі-лодачкі на высокім абцасе на зручны абутак. Мы разам кіруемся да ветэрана вайны і працы Лявонція Кахаўца. Даведваюся, што Ірына Вітальеўна выкладала матэматыку ў школе. Захапляецца гісторыяй. Яе турбуе, як вярнуць Лагішыну статус горада, які ён меў два стагоддзі таму.

На абвітым вінаграднай лазою ганку вітаемся з Лявонціем Андрэевічам і яго жонкай Яўгеніяй Апанасаўнай. Дзяцінства іх выпала на ваеннае ліхалецце. Бацька Андрэй Іосіфавіч прывёў дзесяцігадовага сына Лявонція да народных мсціўцаў. Падлетак стаў сувязным партызанскага атрада імя Арджанікідзэ брыгады імя Куйбышава. Сям’я Кахаўцоў жыла ў лясной вёсцы Новы Двор. Аднойчы падлетак ледзьве не трапіў у рукі акупантаў. На коннай павозцы са збажыной ехаў па лясной дарозе. Гітлераўцы спынілі. Сказаў, што вязе зерне на млын. Абшукалі вазніцу, мяхі перавярнулі і нічога не знайшлі. А ў зерні ляжалі скруткі сакрэтных дакументаў... Шмат іншых рызыкоўных момантаў давялося перажыць юнаму партызану. Пасля вайны закончыў школу, працаваў прарабам дарожна-будаўнічай арганізацыі. Справу бацькі працягвае сын Валерый. Яўгенія Апанасаўна да выхаду на пенсію загадвала ваенна-ўліковым сталом у гарпасялковым выканкаме. Сёлета 55 гадоў іх сямейнаму саюзу.

Дырэктар падсобнай гаспадаркі ААТ «Пінскрайаграсэрвіс» Мікалай ГАРБАЦЭВІЧ і намеснік Яўген КАРВАЦКІ.

ТОЛЬКІ пачынаецца сямейнае жыццё ў маладога дырэктара падсобнай гаспадаркі ААТ “Пінскрайаграсэрвіс” Мікалая Гарбацэвіча. Мінулай восенню ўзначаліў вытворчы калектыў. За работу машынна-трактарнага парка адказвае выпускнік сталічнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта Яўген Карвацкі — прызёр рэспубліканскай алімпіяды па супрамаце. Прадпрыемства не толькі тэхнічна абслугоўвае гаспадаркі, але і займаецца вытворчасцю. Да яго далучылі птушнік і сельгаспрадпрыемства “Калаўравічы”, што ў 80 кіламетрах. Штораніцы двума аўтобусамі дастаўляюць з Лагішына механізатараў на аддалены ўчастак.

— Пэўна, хутка і жывёлаводаў будзем вазіць, — занепакоены Мікалай Гарбацэвіч. – Пенсіянеры засталіся ў вёсках. Вышукваем варыянты для заахвочвання моладзі. Шмат нявырашаных пытанняў на птушніку, які патрабуе мадэрнізацыі.

Галоўны інжынер ААТ «Лагішын» Васіль АСТАПОВІЧ і механізатар Віктар БАРТАШЭВІЧ.

Стаўка на маладых спецыялістаў і ў ААТ “Лагішын”. Эканамічную службу ўзначаліла выпускніца Палескага дзяржуніверсітэта Марына Гутнік. Пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржуніверсітэта бухгалтарам па жывёлагадоўлі працуе Таццяна Дубнавіцкая. Гаспадарка забяспечыла іх жыллём. Напярэдадні жніва пасаду галоўнага інжынера атрымаў выпускнік БДАТУ Васіль Астаповіч. Калектыў паспяхова справіўся з уборкай збожжавых. Намалацілі каля чатырох тысяч тон зерня. На 600 гектарах неабходна ўбраць кукурузу. Лепшыя камбайнеры Сяргей Юматаеў, Віктар Барташэвіч, Аляксандр Жуковіч атрымалі права ўдзельнічаць у абласным свяце-кірмашы “Дажынкі”. Праз старажытны Лагішын пралягае шлях у тысячагадовы Давыд-Гарадок, які сёння прымае гасцей. Багатым выдаўся хлебны каравай Брэстчыны: намалочана больш мільёна дзвесці тысяч тон збожжа. Сваю долю ўнеслі і хлебаробы лагішынскіх ніў.

Пінскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter