Скульптор Сергей Логвин: сколько в человеке доброты, столько в нем и жизни

Лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі скульптар Сяргей Логвін: «Колькі ў чалавеку дабрыні, столькі ў ім і жыцця»

Творчы шлях абраў нашчадак старадарожскіх сялян Сяргей ЛОГВІН. Дзяды яго касілі травы, займаліся лясной гаспадаркай і пчалярствам. Бацькі падаліся ў сталіцу і да выхаду на пенсію працавалі на маторным заводзе. Дзесяцігадовага сына аддалі ў модны на той час гурток фігурнага катання. Заняткі ладзіліся на дваровым катку. Праходзячы па калідоры будынка ў пакой для пераапранання, хлопчык зацікавіўся пахам масленых фарбаў, што даносіўся з прыадкрытых дзвярэй класа. Не ўтрымаўся, зазірнуў і ўбачыў за мальбертамі юных мастакоў. Успыхнула жаданне заняцца маляваннем. Бацькі даведаліся пра гэта і не сталі пярэчыць сыну. Так пачаўся яго творчы шлях.

Пасля сярэдняй школы скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава, атрымаў накіраванне на сталічны скульптурны камбінат. Працаваў меднікам-чаканшчыкам. Першая самастойная праца — скульптура музыкі са скрыпкай у руках — упрыгожвае будынак Нацыянальнага тэатра музычнай камедыі. Адслужыў два гады ў арміі і вярнуўся ў калектыў камбіната. Займеў сям'ю, нарадзілася дачка. Заробкі атрымліваў добрыя, праца была ў радасць. Жонка Таццяна Аркадзьеўна настаяла, каб паступаў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Падрыхтаваўся і паспяхова вытрымаў уступныя экзамены. Хутка праляцелі гады вучобы на аддзяленні скульптуры. Дыпломны праект Сяргея Логвіна «Помнік расстраляным ваеннапалонным» на конкурсе ў Ленінградзе адзначаны залатым медалём. Аўтар атрымаў права на стажыроўку ў Італіі, не аднойчы ўдзельнічаў у рэспубліканскіх і замежных творчых конкурсах. За барэльеф «Папараць-кветка», усталяваны ў фае Нацыянальнай бібліятэкі, атрымаў Дзяржаўную прэмію Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Творчая дзейнасць скульптара адзначана Падзякай Адміністрацыі Прэзідэнта, ганаровымі граматамі і нагрудным знакам Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».

Сяргей Анатольевіч таксама выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, займаецца грамадскай дзейнасцю. задзейнічаны ў савеце фонда Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва пры Міністэрстве культуры, у бюро скульптурнай секцыі саюза мастакоў і ў камісіі мастацка-экспертнага савета па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве сталічнай вобласці.

Са скульптарам Сяргеем Логвіным пазнаёміліся ў застаўленай бюстамі, барэлье­фамі, мемарыяльнымі дошкамі майстэрні народнага мастака Беларусі Івана Міско. Не адно дзесяцігоддзе яны не толькі сябруюць, але і сумесна працуюць. Вынік іх агульнай творчай дзейнасці — скульптуры вядомым асобам зямлі беларускай. Цэнтр горада Слоніма ўпрыгожыў створаны іх рукамі помнік дзяржаўнаму і ваеннаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага Льву Сапегу. Дапамагаў Сяргей Анатольевіч старэйшаму калеге Івану Акімавічу ў час працы над бюстамі лётчыкаў-касманаўтаў Уладзіміра Кавалёнка і Генадзя Навіцкага. Творчы тандэм папоўніў скульптар Уладзімір Піпін. Плён сумеснай дзейнасці трох скульптараў — помнік народнаму паэту Якубу Коласу, які ў дзень 140-гадовага юбілею Песняра бу­дзе ўрачыста адкрыты ў Стоўбцах.

— Сяргей Анатольевіч, раскажыце, калі ласка, пра пачатак гэтай значнай працы. Хто стаяў ля вытокаў ідэі?

— Калі быў аб'яўлены конкурс на помнік Песняру на яго радзіме ў Стоўбцах, народны скульптар Іван Акімавіч Міско прапанаваў мне і Уладзіміру Піпіну падрыхтаваць праекты. Збіраліся разам, абмяркоўвалі варыянты. Раней мне выпала ляпіць падгрудны бюст маладога Коласа для ганцавіцкага краязнаўчага музея. Як вядома, у гэтым кутку Палесся ён настаўнічаў на пачатку мінулага стагоддзя. Абмяркоўваючы з калегамі варыянт помніка Якубу Коласу ў Стоўбцах, сышліся ў думцы, што не павінна быць традыцыйных п'едэсталаў. Вопытны Іван Акімавіч выказаў прапанову адлюстраваць творцу, які сядзіць на валуне з аркушамі паперы ў руках. Такі варыянт прадставілі конкурснай камісіі і перамаглі. Нам далі дазвол на распрацоўку мемарыяла. Узнікла ідэя дапоўніць яго вясёлкай, на якой усталяваны камень, а на ім — Пясняр з аркушамі паперы ў руках. Вясёлка — адлюстраванне натхнення творчай асобы. Стаяла задача не паўтарыць скульптурны ансамбль на сталічнай плошчы Якуба Коласа, выкананы Заірам Азгурам і Леанідам Левіным. У нашым варыянце паэт значна мала­дзейшы. 

— На які здымак паэта арыентаваліся?

— Спачатку разам з навуковымі супрацоўнікамі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа перагледзелі шмат здымкаў. Выбар спынілі на тым, дзе ён сярэдніх гадоў, у афіцэрскай форме, з адпушчанай бародкай, стаіць побач з сям'ёю.  

— Са сваякамі Песняра свой выбар фотаздымка ўдакладнялі?

— Канешне. Дапамагалі нам яго ўнучка Марыя і праўнучка Васіліна. Пасля таго як савет мастакоў прыняў варыянт нашага эскіза, паказалі яго сваякам. Яны падтрымалі. Унучка Марыя папрасіла вылепіць надмагілле Міхаіла Канстанцінавіча, сына Коласа. Для мяне гэта быў вялікі гонар. Пліта ўсталявана на магіле сына побач з надмагільным помнікам Песняра. 

— А як выбіралі мясціну ў Стоўбцах для ўсталявання помніка Якубу Коласу?

— Кіраўніцтва Стаўбцоўскага раёна разам з супрацоўнікамі Дзяржаўнага літаратурна-мема­рыяль­нага музея Якуба Коласа вызначылі гэту пляцоўку на бульвары ў райцэнтры. Мы ездзілі аглядаць яе, каб дакладна прывязаць помнік да мясцовасці. Нават залазілі на дванаццаціпавярховыя гмахі і адтуль здымалі наваколле. Збіралі ўсе матэрыялы, каб не прамахнуцца з памерам помніка. Вырабілі фотабанеры ў натуральную велічыню кампазіцыі. Калі ўсталявалі іх на месцы, то адчулі, што задуманая вышыня помніка — 2 метры 30 санты­метраў — недастатковая. Дадалі яшчэ 30 сантыметраў і зноў паўтарылі ўстаноўку фотабанера. На гэты раз усё цудоўна атрымалася. Толькі тады ў майстэрні ўсталявалі рыштаванні і пачалі працу. Даводзілася іх круціць, каб максімальна дакладна вылепіць фігуру Якуба Коласа. Па чарзе ўзлазілі на рыштаванні, работа не спынялася. Да кожнай дэталі адносіліся з вялікай адказнасцю і за паўтара месяца справіліся. Дапамагаў мой таленавіты вучань Канстанцін Касцючэнка. 

— Звычайна на помніках аўтары пакідаюць свае про­звішчы. Вы так зрабілі?

— Парушылі традыцыю і вырашылі не пісаць. На вясёлцы выбіты радок з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля»: «Мой родны кут, як ты мне мілы…» Сэрца радуецца, што ў Год гістарычнай памяці нам выпаў гонар быць стваральнікамі помніка такой геніяльнай асобе.

— Што адчувалі ў час работы над ім?

— Калі працуеш над вобразам, ён стаіць перад вачамі. У студэнцкія гады пашчасціла вучыцца ў народных мастакоў Анатоля Аляксандравіча Анікейчыка і Уладзіміра Антонавіча Тоўсціка, атрымалі цудоўныя ўрокі прафесія­налізму. Педагогі выхоў­валі ў нас пачуццё любові да традыцыйнай беларускай культуры і літаратуры. Са школьных гадоў засталіся ў памяці трылогія «На ростанях», аповесць «Дрыгва», паэма «Новая зямля» і іншыя. Калі рыхтаваўся да працы над помнікам Якубу Коласу, многае з яго твораў перачытваў. І ўяўляў старадарожскую вёску Майсеевічы, дзе прайшло маё дзяцінства: ажыўленая траса, а побач нясе воды да Прыпяці рэчка Пціч. Дзядуля Піліп і бабуля Ганна трымалі карову, каня, свіней, курэй. Дзед працаваў лясніком. З ім травы касілі, па палескіх лясных гушчарах грыбы і ягады збіралі, бульбу на полі агортвалі. З маленства прызвычайваўся да сялянскага побыту. 

Запалі ў сэрца словы дзядулі: колькі ў чалавеку дабрыні, столькі ў ім і жыцця. Бацькі мае пераехалі жыць у сталіцу. Там пайшоў у школу, але на кожныя канікулы ляцеў у вёску. У дзеда было 14 вуллёў, восем дуплякоў на кладах і чатыры на дзялянцы. На высокія дрэвы за мёдам ён спрытна залазіў па вяровачнай плеці. Яна закідвалася на сучок высокага дрэва, і пры дапамозе драўляных ролікаў дзядуля сам сябе падымаў да самых калод з мёдам. Дымаром абдаваў калоду. Па загадзе падаваў яму з долу інструмент для выскрабання сот. Напоўненую мёдам пасудзіну ён павольна апускаў на зямлю. На ўсё жыццё запомніўся той непаўторны смак.

— Каму дасталася такая цудоўная спадчына?

— Калі дзеда і бабулі не стала, з дзядзькам Іванам Піліпавічам Са­шчэкам, які да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў пракурорам, падтрымлівалі сядзібу, глядзелі за садам. У сухі ветраны дзень у вёсцы здарыўся пажар, згарэла чатыры сядзібы. Агонь знішчыў і дзедавы пабудовы (потым аднавілі). Калі выдаецца вольны час, наведваюся ў Майсеевічы. Як пісаў Якуб Колас, «і там душою спачываю». За падворкам наглядае сусед, на агародзе і ў садзе выпасвае кароўку. У дзеда быў унікальны самагонны апарат. Нават з Ленінграда прыязджалі заказчыкі, а сам дзядуля не захапляўся гэтым напіткам.

— Сяргей Анатольевіч, што для вас значыць Год гістарычнай памяці?

— Важна ведаць сваё мінулае. З малых гадоў мяне цікавіла тое, што адбывалася на нашай зямлі. Праз Старыя Дарогі пралягае шлях, па якім наступалі і адступалі войскі. У першыя дні Вялікай Айчыннай дзядуля Піліп разам з іншымі навабранцамі чыгуначным эшалонам трымаў курс на Асіповічы, каб папоўніць дзеючую армію. Раптам ім наперарэз праз чыгунку пайшлі нямецкія танкі. Састаў спыніўся. Усе пусціліся наўцёкі. Фашысты сядзелі ў матацыклетных калясках і страчылі з кулямётаў. Шмат маладых палегла. Дзядулю акупанты схапілі, абшукалі і з іншымі вязнямі адправілі ў польскі канцлагер Асвенцым. Але яму пашчасціла выжыць: адбіралі маладых і дужых на прымусовыя работы. Дзядуля з двума юнакамі трапіў да чэшскага баўара. Там ім загадалі паказаць гаспадару, на што яны здатныя ў сялянскай працы. Па чарзе касілі. Шыракаплечы юнак-украінец спрытна 

клаў густыя пакосы, другі таксама аказаўся здатным працаўніком. Дзядуля ж, калі далі ў рукі касу, пальцам правёў па лязу і паказаў, што трэба вастрыць. З трох палонных толькі яго гаспадар пакінуў у сябе. Давялося працаваць там да прыходу савецкай арміі, а пасля вызвалення дзядулю адправілі ў штрафны батальён. Удзельнічаў у жывым шчыце ў час Одэрскай наступальнай аперацыі. Цудам застаўся ў жывых. Пасля вайны вярнуўся ў родную вёску і да выхаду на пенсію працаваў лясніком.

І ў лёсе дзядулі Аляксандра Логвіна Вялікая Айчынная пакінула глыбокі след. У перадваенныя гады яго прызвалі на службу ў армію. Скончыў на Урале курсы танкістаў. З першага дня вайны змагаўся з ворагам, прымаў удзел у гістарычнай бітве на Курскай дузе, дзе нават зямля гарэла пад нагамі. Камандаваў там батарэяй. Скупа ўзгадваючы пра франтавое мінулае, расказваў, як з баявымі таварышамі знішчылі восем варожых танкаў. Атрымаў скразное раненне лёгкіх, трапіў у ваенны шпіталь, пасля лячэння яго камісавалі. 

Кожнай беларускай сям'і ёсць што ўспомніць пра той цяжкі час. І зараз надзвычай важна ўратаваць мір і спакой. Гістарычная тэматыка заўжды мяне цікавіла, многія творчыя работы прысвечаны ёй. Разам з калегамі Канстанцінам Касцючэнкам, Уладзімірам Піпіным дапамагалі ствараць скульптурную кампазіцыю «Вароты памяці» ў мемарыяльным комплексе «Трасцянец». У студэнцкія гады сябры паказалі магілы расстраляных гітлераўцамі патрыётаў у сталічным парку Чалюскінцаў, што мяне вельмі кранула. З'явілася ідэя мемарыяльнага помніка. Увасобіў гэта ў сваю дыпломную працу. Пасля таго як скульптурная кампазіцыя была адзначана залатым медалём на конкурсе ў Ленінградзе, мяне запрасілі ў Мінскі гарвыканкам. Там прынялі рашэнне ўсталяваць адлітую ў бронзе мемарыяльную кампазіцыю ў парку Чалюскінцаў. Сродкі выдзелілі заводы імя Вавілава і гадзіннікавы, а таксама дырэкцыя парку. Насталі бурлівыя 90-я… Адлітыя ў бронзе скульптуры доўга ляжалі на нашым камбінаце, іх намерваліся пераплаўляць, але я запярэчыў. Адвёз на сваё лецішча за горад. Звярнуўся ў Першамайскі райвыканкам сталіцы і дабіўся, каб на скрыжаванні мінскіх вуліц Якуба Коласа і Калініна іх усталявалі. Прыкра, што паабапал скульптуры мясціна так і не добраўпарадкавана.

— Ведаю, што прымалі ўдзел у аздабленні сталічнага Палаца Незалежнасці. Што дакладна там ваша?

— Разам са скульптарамі Уладзімірам Піпіным і Канстанцінам Касцючэнкам вылепілі 14 барэльефаў чатырохмятровай вышыні. Праца­валі і над стварэннем дэкаратыўных ваз, што ўсталяваны ў вялікай зале перамоў. Разам з іншымі беларускімі творцамі па даручэнні ўрада Масквы прымаў удзел у аднаўленні шасці скульптурных кампазіцый, якія ў савецкія часы стварала для ВДНГ творчая група пад кіраўніцтвам народнага мастака Андрэя Бембеля. Дарэчы, з Андрэем Ануфрыевічам у мяне склаліся моцныя творчыя адносіны. Наш інстытуцкі выкладчык Анатоль Аляксандравіч Анікейчык адправіўся ў ЗША ўстанаўліваць помнік Янку Купалу. Замест яго кіраўніцтва акадэміі замацавала за нашым курсам Андрэя Ануфрыевіча. Яго мудрыя парады дапамагалі нам развівацца. З задавальненнем наведваў яго майстэрню. Ён быў сталага ўзросту, і трэба было ці то каркас разабраць або сабраць, ці гліну замясіць для лепкі новай скульптуры. Не думаў, што праз гады буду аднаўляць яго геніяльныя работы. Мне выпала працаваць над скульптурай агранома. Нам прывезлі разбітыя рэшткі ад фігур, па фотаздымках нанова ляпілі іх. Пры аднаўленні скульптуры агранома імкнуўся кожную дэталь выканаць бездакорна. Прыемна было, калі спецыяльная маскоўская камісія прыняла яе без заўваг.

— Ці ёсць за межамі Беларусі вашы арыгінальныя работы?

— Адна з найбольш яркіх скульптур, якую конкурсная камісія даверыла мне, упрыгожыла расійскі Екацярынбург. Што ўразіла: заставалася закончыць набіццё надпісу «народны артыст СССР Уладзімір Мулявін», а да помніка сталі пад'язджаць вясельныя картэжы. Маладажоны фатаграфаваліся тут з вялікім задавальненнем. 

З калегам Уладзімірам Касцючэнкам працавалі ў розных рэгіёнах Расіі. Разам з Андрэем Кавальчуком і Эльдарам Юсупавым выраблялі скульптуры мамантаў, мядзведзяў і іншых жывёл для музея Ханты-Мансійска. 

— Народны скульптар Леў Гумілеўскі казаў, што кожны яго твор нараджаўся ў сэрцы. А ў вас як?

— Мой інстытуцкі педагог Алег Вікенцьевіч Луцэвіч падкрэсліваў: у сапраўднага творцы павінна быць асабістае ўяўленне аўтарскай работы, без гэтага немагчыма брацца за справу. Кожны твор пачынаю з задумы, выношваю ідэю, а потым увасабляю яе ў рэальнасць. Шчаслівы ад таго, што жыццё прысвячаю творчасці, і для мяне гэта галоўнае.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter