О читательских вкусах, бульварной литературе и гражданской позиции — в разговоре с писателем Алесем Бадаком

Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Алесь Бадак: «Зарабляць грошы на бульварнай літаратуры ці трымаць марку?»

Добруш паволі вяртаецца ў звычайнае, размеранае жыццё. Але яму ніколі не забыць маштабнае і хвалюючае свята — Дзень беларускага пісьменства, якое тут сёлета адбылося. Лепшыя творцы атрымалі заслужаныя ўзнагароды — нацыянальныя літаратурныя прэміі. У галіне паэзіі за кнігу «Уладар ветру» ўшанаваны вядомы беларускі пісьменнік, паэт-песеннік, публіцыст, крытык Алесь Бадак. У анатацыі да зборніка сказана так: «Прадстаўленыя ўвазе чытача тэксты адлюстроўваюць розныя перыяды жыцця аўтара, дазваляючы зазірнуць у самыя патаемныя куткі паэтавай душы і падзяліць з ім горкую слодыч закаханасці, экзістэнцыяльны сум, узнёслыя летуценні і глыбокую, шчырую, неадольную любоў да Радзімы». Пагутарылі з Алесем Бадаком пра гэтую кнігу, айчынную літаратуру і працу аднаго з самых буйных дзяржаўных выдавецтваў «Мастацкая літаратура», якое ён узначальвае.


— Сапраўднае адчуванне, глыбокае асэнсаванне высокай узнагароды, думаю, прыйдзе да мяне пазней. Калі вярнуся дадому і сяду за стол, — выказаў свае першыя пачуцці пра Нацыянальную літаратурную прэмію на свяце пісьменства Алесь Бадак. — Любая адзнака стымулюе, і гэтая, безумоўна, з іх шэрага. Праўда, я адношуся ды тых аўтараў, хто многа чытае, але вельмі марудна піша, таму і не вельмі шмат. Затым напісанае павінна вылежацца, каб пасля паглядзець на яго свежым вокам і, хутчэй за ўсё, яшчэ раз тое-сёе паправіць. Прычым стараюся быць не толькі прыдзірлівым крытыкам у дачыненні да самога сябе, але і карэктарам. Бо вельмі непрыемна і прыкра, калі ў сваім надрукаваным вершы знаходзіш нейкія хібы ці проста апіскі. Відаць, паўплывала рэдактарская справа, да якой маю дачыненне шмат гадоў. У зборнік, за які атрымаў Нацыянальную літаратурную прэмію, увайшлі як некаторыя вершы з папярэдніх кніг, так і зусім новыя. А галоўная канцэпцыя маёй кнігі — чалавек і вялікі свет. У ёй развагі і спроба знайсці адказы на вечныя пытанні: якімі мы павінны быць у вялікім, складаным і нават вельмі жорсткім свеце і якімі каштоўнасцямі трэба кіравацца.

— Алесь Мікалаевіч, вы з 2015 года кіруеце адным з самых буйных дзяржаўных выдавецтваў. А значыць, можаце адказаць, якія кнігі больш за ўсё цікавяць чытачоў.

— Выдаём кнігі, асабліва класічную літаратуру, на аснове апытанняў і чытацкіх густаў. У праекце «Народная бібліятэка» звяртаемся да студэнтаў, бібліятэкараў, выкладчыкаў, увогуле людзей самых розных прафесій з просьбай назваць любімыя творы. Для нас важна праверыць, што з напісанага больш чым паўстагоддзя і нават сто гадоў назад хвалюе сённяшняга чытача. Асабліва маладога чытача. Радуе, што сучасная моладзь чытае класіку. Узяць таго ж Караткевіча. Ён пачаў пісаць і друкавацца ў канцы 1950-х, а па сённяшні дзень яго творы шмат перавыдаюцца, бо запатрабаваны. Як правіла, з тыражоў застаюцца адзінкавыя экзэмпляры. Ці, напрыклад, згадаю том выбраных твораў Максіма Багдановіча, які мы выдалі на пачатку 2021 года. Думалі, 1000 экзэмпляраў — аптымальны тыраж, але ён так хутка разышоўся, што восенню выдалі дадатковы — яшчэ 1000. І ад яго мала што засталося. Здавалася б, для сучаснікаў літаратура іншай эпохі не такая цікавая, ды на самай справе гэта не так. Чытаюць Шамякіна, Быкава, Мележа. Чаму — няхай паразважаюць крытыкі. Мне ж здаецца, што чытач пачынае стамляцца ад чорных трылераў, магічных фэнтэзі, фантастычных баевікоў і раманаў-жахаў: яму хочацца пачытаць і пра рэальнае жыццё — сённяшняе і тое, якім жылі нашы дзяды і прадзеды. У тым ліку даведацца пра тых, на чый лёс выпалі вельмі няпростыя выпрабаванні. Напрыклад, летась мы перавыдалі кнігу «Ніколі не забудзем» — успаміны дзяцей Вялікай Айчыннай вайны, першы выхад якой пабачыў свет у 1948 го­дзе. Як і ў выпадку са зборнікам Багдановіча, мусілі рабіць дадатковы тыраж — так хутка яна разышлася. На днях з друкарні павінна выйсці яшчэ адна кніга, складзеная з дакументальных запісаў тых, хто перажыў страшную трагедыю: спаленне беларускіх вёсак нацыстамі падчас Вялікай Айчыннай. Гэта кніга «Я з вогненнай вёскі…» Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка, якая ўпершыню выйшла ў 1975 годзе. І я не сумняваюся, што яна будзе вельмі запатрабаванай у сённяшніх чытачоў.

— Выдавецтву «Мастацкая літаратура» нядаўна споўнілася 50 гадоў. Чым яно жыве зараз?

— Любое выдавецтва — люстэрка, у якім адбіваецца сучасны літаратурны працэс і эпоха, а ў саміх кнігах — наша жыццё. Мы не проста глядзім у гэтае люстэрка, мы стараемся ўздзейнічаць на яго са свайго боку, каб у літаратурным працэсе развіваліся розныя жанры і кірункі. Стараемся падтрымліваць маладых аўтараў, бо разумеем: яны наша будучыня. Разам з тым зберагаем лепшае, што створана беларускімі класікамі. Усё гэта падмурак, на якім трымаецца культура ў цэлым. 50 гадоў для выдавецтва і літаратуры — гэта сапраўды многа, бо літаратура і яе рост ацэньваюцца дасягненнямі. Добра напісаная кніга не старэе. У выдавецтве за гэтыя гады выйшла больш за пяць тысяч найменняў кніг — вялікая лічба. У тым жа 1972-м, калі наша ўстанова ўтварылася, быў абазначаны прыярытэт: перавыданне беларускай класікі, новыя творы сучасных пісьменнікаў, серыйныя выданні, зборнікі твораў крытыкі і публіцыстыкі, дзіцячая літаратура і пераклады. Тады ж пачалі выпуск зборнікаў беларускіх пісьменнікаў — Якуба Коласа ў 14 тамах і Кузьмы Чорнага ў васьмі. Такім чынам, з першых гадоў існавання «Мастацкая літаратура» надзяляла ўвагу выбраным творам. Менавіта яны дазваляюць сканцэнтраваць увагу на тым, што можна перачытваць многа разоў.

— У параўнанні з мінулым часам тыражы сур'ёзных кніг ужо не выходзяць такімі вялікімі, і гэта сусветная тэндэнцыя.

— На першым годзе працы нашага выдавецтва раман Івана Чыгрынава «Плач перапёлкі» выйшаў тыражом 14 тысяч экзэмпляраў, раман Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — 10 тысяч, аповесці Васіля Быкава «Абеліск» і «Сотнікаў» у адным томе — 20 тысяч. Дзіцячая літаратура выдавалася колькасцю 75—80 тысяч. Зараз тыражы, сапраўды, зменшыліся ва ўсім свеце. Між тым стараемся трымаць пазіцыі, па-ранейшаму пад увагай класіка: працягваюць выходзіць творы Івана Шамякіна, Івана Навуменкі, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Брыля і іншых знакамітых землякоў. Вельмі запатрабавана адна з нашых адносна апошніх серый «100 вершаў», якой ужо некалькі гадоў. Гэта сумесны праект з Нацыянальным мастацкім музеем, дзякуючы якому чытач можа атрымаць задавальненне не толькі ад прыгожых паэтычных радкоў, але і ад змешчаных на старонках серыі рэпрадукцый карцін нашых славутых мастакоў. Выпусцілі ўжо каля 20 такіх зборнікаў, сярод іх як аўтарскія, так і тэматычныя калектыўныя. Напрыклад, пра Вялікую Айчынную вайну, малую радзіму, беларускія гарады і вёскі... У цэлым за год выходзіць каля 60 найменняў кніг, прадстаўляем больш чым 100 пісьменнікаў.

— Дзіцячая літаратура — адна з самых запатрабаваных, так было заўсёды.

— Тэндэнцыя захавалася і зараз. Выдаём як класікаў, так і сучасных аўтараў, маладых, хто пачынае сябе ў літаратуры і жыве не толькі ў Мінску. Напрыклад, сёлета выйшла кніжка Алесі Прыходзькі, якая піша цікавыя казкі, вершы. Спадзяёмся на супрацу і далей. У нашага выдавецтва добрае і надзейнае кола дзіцячых аўтараў з розным жыццёвым і творчым вопытам. І гэта правільна, бо выданне кнігі не заканчваецца яе выхадам з друкарні. Важна, каб мы, супрацоўнікі выдавецтва, разам з аўтарам праходзілі ўсе этапы ад рэдактуры да сустрэч з чытачамі.

— Як выдавецтва ставіцца да выпуску масавай літаратуры, якая можа добра прадавацца, прыносіць прыбытак, між тым жыве адзін дзень?

— У свеце кніжны рынак перанасычаны. Ідзе такі вялікі паток аўтараў масавай літаратуры, што за ўсімі не паспяваеш сачыць. Яны з'яўляюцца і хутка знікаюць, на гэтае месца прыходзяць іншыя. Стаўлюся з павагай да кожнага, чые кніжкі хутка разыходзяцца. Але калі сур'ёзна: ці многія з гэтых аўтараў застануцца ў гісторыі літаратуры? Адказ відавочны. Таму і выбар паміж двума пытаннямі адназначны: паступіцца аўтарытэтам выдавецтва, каб зарабіць грошы за бульварную літаратуру, ці трымаць марку. Выбіраем трымаць марку. Часам прыводжу ў прыклад словы аднаго з аўтараў, які прынёс да нас свой рукапіс. Пытаюся ў яго: «Чаму прыйшлі менавіта да нас?» — «Бо ў вас выдаць кніжку прэстыжна». Вось мы і стараемся зберагчы гэты знак якасці, захаваць гісторыю і лепшыя традыцыі, закладзеныя з самага заснавання выдавецтва.

— Як вы лічыце, пісьменніку патрэбна грамадзянская пазіцыя ці можна займацца творчасцю, друкавацца, выпускаць кнігі і без яе?

— Адно без іншага немагчыма. Калі ўзяць беларускую класіку, пачынаючы ад Янкі Купалы ці нават глыбей, усе творцы былі сапраўднымі грамадзянамі, не аддзялялі сябе ад жыцця Беларусі. Толькі яскравая, канкрэтная, відавочная грамадзянская пазіцыя робіць з пісьменніка асобу, патрыёта, якому не ўсё роўна, што адбываецца з краінай. Аўтары нашага выдавецтва падтрымліваюць сваю дзяржаву, жадаюць ёй дабрабыту — гэта чытаецца ў іх патрыятычных творах. А мы, выдаўцы, з задавальненнем выпускаем у свет іх кнігі — духоўную спадчыну беларусаў.

basikirskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter