Літоўцам не горш, калі беларусы жывуць лепей

ГЭТА… вучнёўскі стул. На першы погляд нічога дзіўнага ў ім няма — толькі надпіс звонку: “Мая Радзіма — Беларусь!” Хто і калі пакінуў яго — невядома. Але ўсё ж прыемна, што дзеці памятаюць пра свае карані! На гэтай зямлі беларусы жылі спрадвеку — мяняліся толькі межы дзяржаў. Калі казаць пра часы не такія далёкія, то пераломным момантам для беларускага адраджэнцкага руху на тэрыторыі Літвы стала атрыманне краінай незалежнасці. Аднак яго станаўленне адбывалася раней. Як не дзіўна, пачынальнікам гэтай справы быў літовец, аматар беларушчыны Валдас Банайціс. На чале другой адраджэнцкай хвалі стаяў ужо Валянцін Стэх. З Беларусі ён выпісваў газету “Літаратура і мастацтва” і падчас адной са сваіх паездак у Мінск дазнаўся, хто яшчэ выпісвае газету ў Літву. І запрасіў усіх літоўскіх чытачоў “ЛІМа”да сустрэчы. Так і з’явілася першая ў Літве грамадская арганізацыя — клуб аматараў беларускай народнай творчасці “Сябрына”. — Арганізацыя была зарэгістравана ў 1988 годзе — першае ў краіне нацыянальнае грамадскае аб’яднанне. Тады далося няпроста, улады насцярожана ставіліся да некаторых актывістаў “Сябрыны”. Але ў рэшце рэшт справа была зроблена, — расказвае кіраўнік “Сябрыны” і Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве, а таксама намеснік дырэктара адзінай у Літве беларускай школы імя Францыска Скарыны Раман ВАЙНІЦКІ (на здымку).

Незвычайны экспанат папоўніць калекцыю музея беларускай школы імя Францыска Скарыны ў Вільнюсе.

ГЭТА… вучнёўскі стул. На першы погляд нічога дзіўнага ў ім няма — толькі надпіс звонку: “Мая Радзіма — Беларусь!” Хто і калі пакінуў яго — невядома. Але ўсё ж прыемна, што дзеці памятаюць пра свае карані! На гэтай зямлі беларусы жылі спрадвеку — мяняліся толькі межы дзяржаў. Калі казаць пра часы не такія далёкія, то пераломным момантам для беларускага адраджэнцкага руху на тэрыторыі Літвы стала атрыманне краінай незалежнасці. Аднак яго станаўленне адбывалася раней. Як не дзіўна, пачынальнікам гэтай справы быў літовец, аматар беларушчыны Валдас Банайціс. На чале другой адраджэнцкай хвалі стаяў ужо Валянцін Стэх. З Беларусі ён выпісваў газету “Літаратура і мастацтва” і падчас адной са сваіх паездак у Мінск дазнаўся, хто яшчэ выпісвае газету ў Літву. І запрасіў усіх літоўскіх чытачоў “ЛІМа”да сустрэчы. Так і з’явілася першая ў Літве грамадская арганізацыя — клуб аматараў беларускай народнай творчасці “Сябрына”. — Арганізацыя была зарэгістравана ў 1988 годзе — першае ў краіне нацыянальнае грамадскае аб’яднанне. Тады далося няпроста, улады насцярожана ставіліся да некаторых актывістаў “Сябрыны”. Але ў рэшце рэшт справа была зроблена, — расказвае кіраўнік “Сябрыны” і Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве, а таксама намеснік дырэктара адзінай у Літве беларускай школы імя Францыска Скарыны Раман ВАЙНІЦКІ (на здымку).

— З’яўленне беларускага нацыянальнага грамадскага аб’яднання ў Вільнюсе дало штуршок да стварэння беларускіх суполак і ў іншых гарадах Літвы. Пачалі стварацца філіі “Сябрыны” ў Каўнасе, Паброддзі. Потым з’явіліся таварыствы беларускай культуры і беларускай мовы. Калі ў 1995 годзе я стаў кіраўніком “Сябрыны”, тады і нарадзілася ідэя неяк аб’яднаць гэтае мноства розных арганізацый, мэты якіх былі вельмі падобныя. Ды і мерапрыемствы мы ладзілі амаль аднолькавыя. Дык чаму было б не зрабіць нейкі інфармацыйны цэнтр, каб хоць штосьці рабіць разам?

Нягледзячы на тое, што гэтая ідэя знайшла падтрымку сярод усіх арганізацый, у Згуртаванне тады, у 1997-м, увайшлі толькі 10 аб’яднанняў. Цяпер іх ужо 19.

— Гэта ў асноўным рэгіянальныя суполкі, якія пераважна займаюцца адраджэннем, захаваннем і передачай маладому пакаленню беларусаў нацыянальных традыцый і мовы, — працягвае мой суразмоўца. — Але дзякуючы Згуртаванню нашыя мерапрыемствы сталі больш значнымі. Напрыклад, штогод мы ладзім свята беларускай песні, прычым штогод яно праходзіць у розных гарадах. Па-першае, каб падняць прэстыж мясцовай нацыянальнай суполкі. Па-другое, каб уголас заявіць беларускую прысутнасць у Літве.

— Спадар Раман, а колькі беларусаў пражывае цяпер у Літве?

— На гэтае пытанне адказаць не так проста. Апошні перапіс насельніцтва, які праходзіў у Літве ў 2001 годзе, — дарэчы, я казаў пра гэта і ў Еўрапарламенце — не можа даць дакладных звестак. Напрыклад, як да маёй хаты прыйшоў перапісчык і пабачыў, што нас у сям’і пяцёра беларусаў, — адразу ўзгадаў пра нейкія тэрміновыя справы! Праўда, паабяцаў вярнуцца, але чакаем мы яго і дагэтуль… На жаль, гэта быў не адзінкавы такі выпадак… Паводле апошняга перапісу насельніцтва, у Літве пражывае крыху больш за 42 тысячы беларусаў. Але мы лічым, не менш як 50 тысяч.

Продкі часткі беларусаў жылі на літоўскай зямлі спрадвеку. Хтосьці, як і Раман Вайніцкі, патрапіў сюды ўжо ў савецкі час. Напрыклад, спадар Раман паходзіць зусім не з Віленшчыны, а з Валожынскага краю, дзе працаваў Сымон Будны, пісьменнік Пётр Бітэль, адкуль родам і Канстанцыя Буйло. У маладосці ён працаваў у Калінінградзе, жонка — у Даўгаўпілсе. І вось ёй прапанавалі працаваць у Мінску. Раман звольніўся з флоту, хуценька вярнуўся з Афрыкі, дзе тады знаходзілася ягонае судна. Але апынулася ў выніку сям’я не ў Беларусі, а ў Вільнюсе…

— Спадар Раман, чым адрозніваюцца беларусы з Беларусі і з Літвы?

— У Беларусі, можа, менш, чым ў Літве, беларусы карыстаюцца роднай мовай.  Гэта цяжка зразумець. Напрыклад, я не ведаю ніводнай маці-літоўкі, якая б не навучыла сваіх дзяцей размаўляць па-літоўску. Можа, справа ў тым, што мы апынуліся за мяжой. Што на чужыне людзі хутчэй пачынаюць усведамляць, што значыць матчына мова. Хаця “моўнае” пытанне для нас ніколі не было галоўным. Беларусы ў Літве аднолькава лёгка карыстаюцца і беларускай, і рускай мовамі. У школе імя Францыска Скарыны выкладанне з першага класа ў асноўным вядзецца на беларускай і рускай мовах. Выкладаюцца літоўская мова, англійская. Выхаванцы   беларускай   школы   і нядзельных беларускамоўных класаў, што працуюць у Клайпедзе і Вісагінасе, цудоўна пішуць дыктоўку па-беларуску пры паступленні ў беларускія ВНУ.

…Дарэчы, аб адкрыцці школы з беларускамоўным навучаннем вільнюскія беларусы марылі даўно. І вось у 1994 годзе іх мара нарэшце здзейснілася. Пад сапраўдную школу — не асобны клас! — імя Францыска Скарыны гарадскія ўлады прапанавалі былы дзіцячы садок, які натуральна патрабаваў перабудовы і рамонту. Часу да 1 верасня заставалася няшмат, але акрыленыя беларусы здолелі зрабіць усё літаральна за два тыдні. На набыццё школьнай мэблі, дошак і перабудову санвузлоў грошы выдаткавалі літоўскія ўлады. Дзякуючы беларускаму Міністэрству адукацыі, а таксама першаму візіту Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Літву, школа імя Францыска Скарыны атрымала новы камп’ютарны клас, прылады для кабінетаў хіміі, фізікі, біялогіі і школьны аўтобус…

Як і спадзяваліся, 1 верасня ў новай беларускай школе прайшла ўрачыстая лінейка. І хаця заняткі тут затрымаліся на два тыдні з-за рамонтных работ, усе насамрэч былі шчаслівыя. Першым дырэктарам школы стала Галіна Сівалава. Тады вучыцца сюды прыйшлі 84 вучні. Сёння іх ужо 180. Сярод вучняў ёсць дзеці і ад сумесных шлюбаў беларусаў з чачэнцамі, рускімі, украінцамі, палякамі.

— Думаю, людзі ў Літве паверылі ў Беларусь, у нашу дыяспару, — працягвае мой суразмоўца. — Да таго ж, вучыцца ў нас стала прэстыжна. Школа ўваходзіць у сямёрку лепшых навучальных устаноў Вільнюса — і па колькасці выкладаемых моў, і па якасці навучання. Раскажу такую вось гісторыю. Вучыўся ў нас пяцікратны чэмпіён свету па бальных танцах Артур Баюр. Калі ён атрымаў першую ў сваім жыцці значную перамогу, то на пытанне журналістаў “Адкуль вы?” адказаў: “Я — былы вучань віленскай беларускай школы імя Ф. Скарыны”. Цяпер Артур настаўнічае ў нашай школе. Увогуле праблем з выкладчыкамі ў нас ніколі не было: гэта прафесійныя, адданыя сваёй справе людзі. У нас да кожнага вучня асабісты падыход. І зноў жа пацвярджэнне таму — узровень здачы дзяржаўных іспытаў нашымі гадаванцамі. Зрэшты, многія ў Літве сёння задаюць пытанне: а нашто патрэбны школы нацыянальных меншасцяў? Кіраўнік рады нацыянальных меншасцяў пры літоўскім Мінкультуры Махір Гамзаеў, на жаль, таксама лічыць, што гэта — адгалоскі савецкага часу. Я з гэтым не згодны. Дзеці павінны вучыцца на роднай мове. І гэта зусім не перашкаджае ім выдатна здаваць экзамены па-літоўску.

— Але ж выпускнікі вільнюскай школы імя Францыска Скарыны маюць магчымасць за бюджэтныя сродкі навучацца і ў Беларусі…

— Так, гэта быў сур’ёзны крок наперад, зроблены яшчэ ў 90-я гады мінулага стагоддзя, дзякуючы намаганням колішняга дарадчыка па адукацыі і навуцы беларускага пасольства ў Літве Васіля Жалудка. Мы атрымалі пяць бюджэтных месцаў. З цягам часу, дзякуючы Сяргею Лінгу, тады прэм’ер-міністру Рэспублікі Беларусь, беларусы Літвы набылі ў вузах краіны ўжо 20 месцаў. Так застаецца і дагэтуль. Згуртаванне само вырашае, каго накіраваць вучыцца на этнічную Радзіму — гэта нашыя самыя лепшыя выпускнікі. Нягледзячы на розную сістэму адукацыі, нашыя дзеці добра вучацца ў Беларусі. Многія вяртаюцца потым у Літву і тым самым робяць беларускім навучальным установам своеасаблівую рэкламу. Бо вышэйшая адукацыя ў Беларусі — вышэйшая насамрэч! Кагосьці з нашых выпускнікоў пасля вучобы запрашаюць застацца ў ВНУ ў якасці выкладчыкаў. Хтосьці застаецца сам, знаходзіць працу, стварае ўласны бізнес. Такія стасункі ў галіне адукацыі, мяркую, толькі на карысць абедзвюм нашым краінам. Гэта спрыяе развіццю агульначалавечых адносін, і разам з тым — пашырэнню кантактаў у палітычнай і эканамічнай сферах.

— А як вы, спадар Раман, ацэньваеце перспектывы нашых двухбаковых кантактаў?

— Неяк былы пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Гаркун сказаў: калі будуць жыць беларусы лепей, літоўцам ад гэтага горш не будзе. І — наадварот. Мы — дзве суседнія краіны з агульнай мінуўшчынай. І сёння маем шмат агульных інтарэсаў у эканоміцы. Колькі гадоў Літва лічыла, што Беларусь ідзе па няправільным шляху. Але цяпер і яна падышла да таго, што ў Беларусі існуе ўжо гадамі. Тут не магу не ўзняць адно пытанне: беларусы замежжа павінны мець бясплатныя візы ў Беларусь. Мы едзем на этнічную Радзіму, каб наведаць магілы сваіх родных, дапамагчы жывым сваякам і  проста адпачыць душой.

Наталля ШЧАСНАЯ, “БН”

Фота аўтара

Вільнюс — Мінск

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter