Літара на ўшанаванне, ці Правапіс вялікай і малой літар.

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ

Чалавек узвялічваецца талентам, подзвігам, высакароднасцю, добрымі справамі, часам яго ўзвышае пасада. Мы гаворым: пісьменнік (настаўнік, акцёр, сябра, майстар) з вялікай літары. Такім чынам выказваем сваё захапленне, хочам ушанаваць выдатнага чалавека. Зрабіць гэта нам дапамагае вялікая літара.
Сучасніку, можа, і няўцям, што нашы продкі да Францыска Скарыны не распазнавалі вялікую і малую літары, а значыць, не маглі вылучыць адзінку з мноства, надаць некаму ці нечаму асаблівую ўвагу. Вось адкуль захавалася традыцыя пісаць на старажытнай усходнеславянскай мове ўсе словы вялікімі літарамі.
Сёння ж пры дапамозе вялікай літары можна маніпуляваць, называючы не зусім вялікае вялікім, нават карэкціраваць масавую свядомасць. Вялікай літарай мы перадаём паважлівае стаўленне (ветлівы зварот Вы), падкрэсліваем гістарычную значнасць рэліквій ці знамянальнасць падзеі, свят (Востраў Слёз, Крычаўскае паўстанне, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь), індывідуальнасць (Уладзімір Караткевіч), унікальнасць (Дзявятая сімфонія Бетховена).
Далёка не ўсе мовы маюць вялікую літару. У большасці алфавітаў літары не падзяляюцца на малыя і вялікія. Да іх адносяцца арабскі, яўрэйскі, грузінскі, карэйскі, глаголіца, індыйскі, тайскі і шмат інш. Падзел на вялікія і малыя літары характэрны грэчаскаму алфавіту і ўзніклым на іх аснове лацініцы і кірыліцы, а таксама армянскаму пісьму.
У некаторых мовах вялікая літара больш распаўсюджана, чым у славянскіх. Напрыклад, у нямецкай мове ўсе назоўнікі пішуцца з вялікай літары, і паводле новага нямецкага правапісу (2007 г.) яе ўжыванне пашыраецца на субстантываваныя прыметнікі (якія перайшлі ў назоўнікі, напрыклад, у агульным і цэлым: старое напісанне — im gro  en und ganzen і новае напісанне — im Gro  en und Ganzen).
Вялікая літара — гэта часцінка менталітэту народа, у якой выражаецца вобраз мыслення, светаўспрыманне, духоўная наладкаванасць. Нам зусім не ўласціва падкрэсліваць сваё “я”, тады як у англійскай мове асабовы займеннік “I” (“я”) пішацца толькі з вялікай літары. Мы ж аддаём перавагу ў выбары напісання вялікай літары займенніку другой асобы “Вы”. Хіба гэта не нацыянальная асаблівасць народа, якая выражаецца ў мове?
Так склалася, што вялікая літара аказваецца асаблівай, так бы мовіць,”моцнай” літарай, бо яна выдзяляе слова з шэрагу іншых і можа надаць яму спецыфічнае гучанне. Гэта спецыфіка праяўляецца і на працягу стагоддзяў. Напрыклад, у атэістычны савецкі час слова Бог згубіла сваю выключнасць і было падпарадкавана агульнаму напісанню з малой літары, аднак сёння яно набыло іншае ўспрыманне. У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” адзначаецца: з вялікай літары пішуцца найменні найвышэйшых божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Саваоф, Алах, Яхве, Шыва, Вішну; Госпад (Гасподзь), Усявышні, Уладыка Нябесны, Усемагутны Бог, Святая Тройца, Бог Айцец, Бог Сын, Божы (Боскі) Сын, Бог Дух Святы, Святы Дух, Прасвятая Тройца, Божая (Боская) Маці, Прачыстая Уладычыца Нябесная, Прасвятая Дзева Марыя, Царыца Нябесная, Месія.
У роднай мове вялікая літара часта адыгрывае духоўна-эстэтычную ролю і, вобразна кажучы, з’яўляецца барометрам жыцця. Што адбываецца ў жыцці, тое адбіваецца і на мове.
Прасочваючы дынаміку развіцця чалавецтва, можам канстатаваць, што эвалюцыя даіндустрыяльнага грамадства, дзе ўмовы жыцця людзей вызначаліся адносінамі з прыродай, у індустрыяльнае, дзе вызначальнае месца ў жыцці займала тэхніка, у ХХІ ст. абазначана грамадствам інфармацыйным, дзе інфармацыйныя тэхналогіі сталі дамінуючымі ў жыццезабеспячэнні чалавека. Колазварот інфармацыйнай дзейнасці чалавека стаў настолькі непрадказальным, што спарадзіў у часткі грамадства страх перад будучыняй. “Шок будучыні”, “футор шок”, “выклікі часу”, “эмержэнтная эвалюцыя”, “тэхналагічная сінгулярнасць”, “нанатэхналагічная катастрофа” і іншыя ўстойлівыя словазлучэнні сімптаматычна перадаюць адчуванне сучасніка ў свеце нана- і інфатэхналогій.
Да пэўнага часу эфект “футор шоку” мела слова інтэрнэт. Яно настолькі хутка ўвайшло ў наша жыццё, што інтэрнэт пазначыў сабой амаль усе сферы чалавечай дзейнасці. Таму яго напісанне, напрыклад, па-руску і па сёння выклікае шмат дыскусій.
Інтэрнэт (з англ. Internet, ад Interconnected Networks) — аб’яднаныя сеткі, глабальная тэлекамунікацыйная сетка інфармацыйных і вылічальных рэсурсаў. Калі сёння мы ўжываем гэтае слова, то хутчэй за ўсё маем на ўвазе сусветнае павуцінне і даступную ў ім інфармацыю, а не саму фізічную сетку. Адсюль існуе разнабой у напісанні.
Лічыцца, што напісанае слова internet з малой літары абазначае проста аб’яднанне сетак (англ. interconnected networks) праз маршрутызацыю пакетаў даных. У гэтым выпадку не маецца на ўвазе глабальная інфармацыйная прастора. Аднак крыніцы паказваюць, што ў неангламоўным або нетэхнічным асяродку гэтыя паняцці не адрозніваюцца.
Расійскі прафесар Уладзімір Лапацін адзначае: “Интернет — хоть и самая распространенная и, естественно, общеизвестная информационная сеть, но далеко не единственная. Существуют, в частности, ОТИК (Общероссийский технический информационный канал), сеть ТИКОРП (Телекоммуникационная информационная корпорация), сеть “ТВ — Информ”, сеть Инфострим — все они являются в настоящее время действующими и носят глобальный характер. Перспективны также сети VSAT (меньшего масштаба, но тоже работающие на основе спутниковых каналов связи; в частности, у нас VSAT-сеть развертывается в качестве корпоративной сети, способной охватить все регионы России) и сеть RUNNet, созданная в рамках программы “Университеты России” и тоже основанная на спутниковых каналах связи. И хотя все названные информационные сети гораздо менее известны и популярны, чем Интернет, они достаточно обширны и автономны. Наличие таких сетей ни в коем случае не позволяет считать Интернет   нарицательным    на-званием информационной сети. Следовательно,   это    слово необходимо   по-прежнему   писать с прописной буквы” (http://www.inetprofy.ru/component /content/article/8-2009-07-23-15-44-29/52——lr).
Апошнім часам такая рэкамендацыя не вытрымліваецца. Яшчэ ў 2000 годзе часопіс “Інтэрнэт” пачаў шырокамаштабную кампанію па ўкараненню свайго варыянта напісання — интернет. Было абвешчана, што з 20-га нумара рэдакцыя пераходзіць на напісанне слова з малой літары. Рэдакцыю падтрымалі інфармацыйнае агенцтва Algorithm Media, кампанія Art. Lebedev Group, “Algorithm Group”, “РОЦИТ”, “Кантэнт-лабараторыя”, “Вэбпланета” і інш. Некаторыя расійскія выданні і парталы лічаць, што імя ўласнае сусветнага павуціння стала агульным і пішуць “интернет” з малой літары. Да іх адносяцца, напрыклад, “Коммерсантъ”, Яндэкс і інш.
Паводле акадэмічнага рускага арфаграфічнага слоўніка, падрыхтаванага пад кіраўніцтвам таго ж У.У.Лапаціна, напісанне интернет з малой літары выкарыстоўваецца ў якасці першай часткі складаных слоў і пішацца праз злучок: интернет-зависимость, интернет-пространство і інш.
У “Правілах беларускай арфаграфіі  і  пунктуацыі”,  зацвер-джаных Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года, слова “інтэрнэт” ва ўсіх выпадках пішацца з малой літары. Гэтаму ёсць абгрунтаванне. Слова “інтэрнэт” стала ўспрымацца як электронны сродак сувязі, від СМІ. Яно мае высокую частотнасць ужывання, што таксама ўплывае на напісанне гэтага слова. Такі ж лёс чакае і назвы айчыннай і рускамоўнай частак сусветнай сеткі інтэрнэта — байнэт, рунэт, якія належаць да нацыянальных даменаў.
Падсумоўваючы ўступ у даволі складаную і аб’ёмную тэму пра напісанне вялікай і малой літар у роднай мове, адзначым: у “Правілы” (1959) унесена даволі шмат карэктываў і новых прадпісанняў. Пра што пагаворым у наступную суботу.

Зваротная сувязь

— Добры дзень! Ёсць пытанне. Як пішацца назва краіны — В’етнам ці Ветнам. У дыктоўцы, якую пісала дачка, пяцікласніца гімназіі, было гэтае слова. Настаўніца ўсім знізіла адзнаку за апостраф. Дзякуй. Ірына, г.Мінск

— І ў “Правілах” (1959), і ў “Правілах” (2008) ёсць наступная норма. Апостраф пішацца пры асобным вымаўленні зычных з наступным галосным: у сярэдзіне слова пасля губных б, в, м, п, ф, заднеязычных г, к, х, зубных д, т і дрыжачага р перад літарамі е, ё, і, ю, я: б’ецца, вераб’і, В’етнам, інтэрв’ю, сям’я, Дзям’ян, Камп’ен, куп’ё, куп’істы, п’юць,  саф’ян, Пракоф’еў, Пракоф’евіч, Мантэг’ю, Лук’ян, Х’юстан, Аж’е, Ч’япа, Буш’е, Д’еп, бар’ер, надвор’е, Грыгор’еў, Юр’еў, Мар’іна Горка.

— Добры дзень, скажыце, калі ласка, ці можна казаць мажліва або ўсё ж магчыма? Дзякуй. Супрацоўніца бібліятэкі БДУ

— У роднай мове ў адпаведнасці з кантэкстам і стылістычнай афарбоўкай могуць ужывацца магчыма, мажліва, як мага, як можна. Нейтральным у стылістычным сэнсе лічыцца слова магчыма.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter