Вядомая беларуская фотамастачка Алена АДАМЧЫК вярнулася з Барселоны

Лісты да Бунюэля

Вядомая беларуская фотамастачка Алена АДАМЧЫК нядаўна вярнулася з Барселоны...
Вядомая беларуская фотамастачка Алена АДАМЧЫК нядаўна вярнулася з Барселоны, дзе разам з дачкой Ядвігай ладзіла выставу. Факт адметны, падзея неардынарная – нельга сказаць, што нашы майстры свае ў мастацкай прасторы еўрапейскіх краін. Так што выдалася добрая нагода сустрэцца з Аленай, пагаварыць пра жыццё і творчасць.

Творчасць Алены АДАМЧЫК —  гэта сувязь з вялікімі продкамі.

— Пакуль большасць нашых фотамастакоў мараць арганізаваць выставу ў Беларусі, вы з поспехам выстаўляецеся ў Польшчы, Літве, Францыі, цяпер вось у Іспаніі. У чым сакрэт? Можа, у вас ёсць агент?

— Я сама сабе агент. Шмат працую, часта езджу па розных краінах. Ніякіх сакрэтаў. Дапамагаюць знаёмствы, у тым ліку і такія выпадковыя, як з іспанскім мастаком Мануэлем Блеса.

— Раскажыце, як вы з ім пазнаёміліся?

— Я вельмі люблю Барселону. Недалёка ад яе ёсць невялікае мястэчка, дзе Сальвадор Далі святкаваў свой мядовы месяц. Там вельмі прыгожы стары горад, у ім, дарэчы, жыў мой натуршчык, які з`ехаў у Галівуд. Я хадзіла па адной з вуліц, шукала якую-небудзь даўніну для здымак. Натрапіла на незвычайны дом, зазірнула ў акно і ўбачыла вялізную колькасць антыкварыяту. Гаспадар заўважыў маю цікавасць, запрасіў у студыю. Так мы і пасябравалі. Мануэль родам з Арагона, ён вельмі любіць тамтэйшую культуру, таму і прапанаваў зрабіць сумесны праект, прысвечаны Луісу Бунюэлю.

— Раскажыце больш падрабязна пра выставу і падрыхтоўку да яе.

Ядвіга — не толькі правая рука Алены, але і мадэль.— Мы з Мануэлем ужо рабілі сумесную выставу. Пасля яе ён прапанаваў паехаць да яго на радзіму, пазнаёміцца з месцамі Луіса Бунюэля. Гэты рэжысёр мне вельмі падабаецца, ён пакінуў значны след у кінематографе, лічыцца родапачынальнікам сюррэалізму ў кіно. Ён разам з Сальвадорам Далі зрабіў фільм «Андалузскі сабака». Цікавы факт: збіраючыся на прэм`еру, Бунюэль набраў цэлыя кішэні камення, каб, калі публіка будзе яго асвістваць, ён мог ім кідацца. Але публіка ўспрыняла на ўра.

Мы з Ядвігай спецыяльна прыляцелі ў Іспанію на Семана Санту — гэта самае  цікавае свята, на якое я марыла трапіць некалькі гадоў. У Перадвелікодны тыдзень каталікі выходзяць на вуліцу ў незвычайных уборах — капюшоны, у якія хаваюць твары, сімвалізуюць грэшнікаў, якія каюцца. Вельмі экспрэсіўнае шэсце. Цікавы і барабанны бой, калі ўвесь дзень стукае практычна ўсё насельніцтва, некаторыя нават да крыві разбіваюць рукі. Чаму нам такое было цікава? Таму што гэта традыцыі, у якіх вырас Бунюэль, ён выхоўваўся ў каталіцкай гімназіі. У сваіх успамінах, якія я добра вывучыла, ён пісаў, што ўсе яго сюррэалістычныя фільмы зарадзіліся яшчэ ў дзяцінстве. Апафеозам жа нашага праекта было свята Святой Дзевы Пілар, яе шануюць менавіта ў Арагоне. Гэта вельмі ўражвала.

— Мясцовыя жыхары не былі супраць вашага тут знаходжання?

— Тэрыторыя воб­ласці не выходзіць да мора, там зусім няма турыстаў, і гэта было для нас такім шчасцем. Цікава, што ў нас адразу апазналі прыезджых. Але нас сустракалі на ўрадавым узроўні. Мануэль Блеса — вельмі вядомы мастак, на радзіме ў яго застаўся дом, там яго імем нават названа вуліца.

Нас рады былі бачыць, заўсёды ішлі насустрач. Напрыклад, прадстаўлялі для здымак балкон мэрыі, інакш мы не змаглі б разгледзець барабанны бой. Мама мэра Хуана Рамона Бласка частавала нас сваімі піражкамі, усё было вельмі цёпла.

Галоўнай мэтай было не толькі зняць шэсце, але яшчэ і наведаць культурны цэнтр Бунюэля ў Каландзе, які называецца «Жоўтая жырафа». Адкуль узялася гэтая назва? Аказваецца, гэта радок з вершаў, якія былі напісаны яшчэ адным вядомым сюррэалістам Гіёмам Апалінэрам. Дарэчы, яго карані з Беларусі, прозвішча продкаў — Кастравіцкія. Іспанцы дзівіліся, чаму дзвюм беларускам такая цікавая гэта мясцовасць. 

Але калі мы нагадвалі ім гэты факт з жыцця Апалінэра, усё станавілася на свае месцы. Гэта значыць, існуе нейкая агульнасць культур.

— Не было думак паралельна пазнаёміць іспанцаў і з культурай Беларусі?

— Выстава была тэматычнай, прысвечанай сюррэалізму і Арагону. Але гэта добрая ідэя. Я здымаю каталіцкія саборы ў Беларусі і думаю, што яны будуць цікавыя іспанцам. Не выключана, што на наступнай выставе мы так і зробім.

— Іспанскую выставу ў Беларусі не збіраецеся паказаць?

— Падаецца, што яна магла б выклікаць цікавасць нашых суайчыннікаў.

У час барабаннага бою.— Не магу не спытаць і пра ваш праект Bielaruski. Пяць фотакніг ужо ўбачылі свет. Працяг будзе?

— Працягваю над гэтым працаваць. Зрабіла «Жанчын Еўропы», цяпер захацелася папрацаваць менавіта ў Беларусі. З адной кампаніяй, якая займаецца продажам каштоўнасцей, знайшлі агульную тэму, і цяпер робім новую кніжку, яе рабочая назва «Брыльянт Беларусі». У нас будзе пятнаццаць гераінь, усе яны вельмі цікавыя людзі. Да свята Нараджэння Хрыстова разлічваем скончыць, мяркую, прэзентацыю зробім у Нацыянальнай бібліятэцы.

— Не думалі зрабіць кнігу пра мужчын?

— Не выключана, што будуць «Мужчыны Манака», я здымала там, у тым ліку і прынца Альберта. Хоць жанчыны мне, вядома, бліжэй. Але калі будуць прапановы ад беларускіх мужчын, я вазьмуся і за іх. 

— Усе вашы гераіні кажуць, што вы знаходзіце ў іх загадку, пра якую некаторыя з іх нават самі не ведалі. Як вам гэта ўдаецца?

— У мяне асаблівы погляд на свет — даследчы. Я ж кандыдат біялагічных навук, таму аналізую прыроду, у тым ліку і прыроду чалавека. Мне хочацца як мага больш ведаць пра наш свет. З гэтай прычыны абрала біялогію. Для некаторых пустазелле, што вырасла на дачы, гэта пустазелле і нічога больш, якое трэба вырваць і выкінуць як мага хутчэй і далей. Для мяне ж гэта цэлы свет з яго загадкай. Як пісаў Басэ, подзвіг кветкі ў тым, што яна квітнее непаўторна. Так і з чалавекам: і ў кожнай маёй гераіні свой унутры вялізны свет. Мастак павінен яго раскрыць, інакш не мае сэнсу працаваць.

Наталля СЦЯПУРА

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter