Ліст з 45-га

Гэты трохкутнік — самае каштоўнае, што ёсць у Цыганковых

Дзед Таццяны Цыганковай з Глускага раёна адправіў яго родным за дваццаць дзён да свайго апошняга бою

Гэты маленькі трохкутнік — самае каштоўнае, што ёсць у Таццяны Сяргееўны і яе родных. За семдзясят гадоў папера пажаўцела, чарніла выцвіла. Але адрас чытаецца добра: калгас «Амур», Маславай Надзеі Філіпаўне. Дзеці і ўнукі лічылі, што ніводная з вестак, якія Гаўрыла Мікітавіч дасылаў любімай жонцы і дзецям з фронту, не захавалася. Таму знойдзены ў час генеральнай уборкі ліст стаў для іх сапраўдным падарункам, які сёння яны лічаць сямейнай рэліквіяй.

— Дзед адправіў сваё пасланне 9 студзеня 1945 года з Германіі. А праз дваццаць дзён загінуў. Мы доўга не ведалі аб яго лёсе. Калі я была школьніцай, слала запыты ў розныя інстанцыі. І аднойчы афіцыйны адказ прыйшоў: амаль сорак гадоў таму стала вядома, што Гаўрыла Маслаў пахаваны ў вёсцы Шанталь на тэрыторыі ФРГ, — адзначыла Цыганкова.

Яна беражліва раскрывае трохкутнік, і мы спрабуем разабраць тэкст. Дакладней кажучы, унучка пераказвае напісанае па памяці. «Дзед перажывае за тое, што даўно не атрымліваў лісты з дому. Ціка-віцца, як справы, як дзеці — Сярожка і Вольга. Хвалюецца, каб на сям’ю не наклалі вялікі падатак, таму дасылае дакумент, які дае права яго паменшыць», — удакладняе Таццяна Сяргееўна.

Салдат ні слова не кажа аб сваіх цяжкасцях. А іх на фронце, трэба думаць, было нямала. «Хутчэй за ўсё, шкадаваў сям’ю. Не хацеў, каб родныя турбаваліся», — лічыць Таццяна Сяргееўна.

У даваенныя гады ў Гаўрылы і Надзеі Маславых былі вялікія планы на жыццё. Яны збіраліся шукаць шчасця ў Хабараўскім краі — разам з усім калгасам. Тады нават назву гаспадарцы, якая хацела зрабіць «перадыслакацыю» на Далёкі Усход, далі адпаведную — «Амур». Але вялікаму перасяленню перашкодзіў так званы «маньчжурскі інцыдэнт». А нязвыклае ля нашых шырот імя калгаса засталося. Вялікая рака Амур дала назву яшчэ і самой вёсцы.

— Дзед быў працавіты і таленавіты як цясляр, — працягвае Таццяна Сяргееўна. — Сам пабудаваў дом для сям’і, рабіў мэблю. Ваяваць з фашыстамі пачаў у партызанах. А потым з рэгулярнымі злучэннямі Чырвонай арміі трапіў на фронт.

Яго сыну Сяргею Гаўрылавічу сёння удвая больш гадоў, чым бацьку ў час вайны. Але ён і зараз, калі ўспамінае дзяцінства ці адкрывае кнігу «Памяць» Глускага раёна, куды занесена імя Гаўрылы Маслава, плача. Кажа: ім з сястрой усё жыццё яго не хапала.

— Але ж мы ўсе — шасцёра ўнукаў, дзесяць праўнукаў, тры прапраўнукі — можам ганарыцца сваім дзедам і пра-дзедам, — адзначыла Таццяна Цыганкова. — Ліст, які амаль праз сем дзясяткаў гадоў так нечакана да нас вярнуўся, яшчэ адно сцвярджэнне: памяць мацней за час. І ў ёй больш праўды, чым у любой вайне.

На здымку: ліст з сорак пятага.

Фота: Святлана МАРКАВА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter