Ліст ветэрану

Нагадваем, што “Народная газета” сумесна з РУП “Белпошта” і Рэспубліканскім камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў сувязі праводзіць акцыю-конкурс “Ліст ветэрану”.

Нагадваем, што “Народная газета” сумесна з РУП “Белпошта” і Рэспубліканскім камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў сувязі праводзіць акцыю-конкурс “Ліст ветэрану”. Сваё апавяданне мы прапануем выкласці ў форме ліста ветэрану, якое пажадана праілюстраваць фатаграфіямі і малюнкамі. Дасылайце эсэ на адрас рэдакцыі (“Народная газета” з пазнакай “Ліст ветэрану”, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а, 220013, г. Мінск) або электронны адрас a_yasko@ng.by да 30 чэрвеня 2014 года. Прадстаўляем вашай увазе першага кандыдата на перамогу.

Каханне і маладосць, адабраныя вайной

Я пішу табе, мой дарагі дзядуля! Пішу ў мінулае, у часы ваеннага ліхалецця. Пішу і ведаю, што ты ніколі не прачытаеш гэтыя радкі. А так хочацца, каб ты зразумеў, як я цябе люблю і шаную, як ганаруся табою. І сэрца маё перапаўняе боль за тое, што ты загінуў пад Сталінградам, і мы так і не сустрэліся. Я ведаю пра цябе толькі ад бабулі. Мы часта размаўляем з ёю пра цябе.

Становіцца цяжка на душы ад таго, што я ніколі не пачую ад цябе ласкавых і сардэчных слоў. Але я навучылася размаўляць з табою ў думках. Я часта мару аб нашай сустрэчы, уяўляю цябе статным ваенным, які вяртаецца з вайны. Мы з бабуляй сустракаем цябе на прыпынку. На вачах у яе выступаюць слёзы радасці ад сустрэчы з дарагім і блізкім чалавекам, якога яна чакала ўсё жыццё. Яна чакала і ганарылася табою. Яна кахала... Пакуль ты ваяваў, яна гадавала дзяцей, працавала ў калгасе. Кожны дзень, кожную хвіліну яе не пакідалі думкі пра цябе. У думках, у марах яна размаўляла з табою, прасіла парады і дапамогі. Нават калі ты загінуў, яна верыла, што ты вернешся, прыйдзеш да яе, не пакінеш сваіх малых дзетак. А ты прыходзіў толькі ў сне. Толькі ў сне бабуля магла паскардзіцца табе на сваё гаротнае жыццё. Толькі ў сне ты мог дапамагчы, даць параду.

Прайшлі гады... Але доўгімі зімовымі вечарамі бабуля сумуе, а на вачах у яе — слёзы. Гэта слёзы жанчыны, маладосць якой бясследна прайшла. Жанчыны, якая ўсё сваё жыццё аддала дзецям і ўнукам, якая ўсё жыццё чакала свайго каханага. Сваё нерастрачанае каханне і вернасць яна пранесла праз доўгія гады.

Я вельмі хачу, каб ты, дарагі мой дзядуля, ведаў пра ўсё гэта. Ведаў і ганарыўся сваёй жонкай. Але гэта толькі мары. Ты застаўся недзе там, у дваццатым стагоддзі. Недзе далёка-далёка, дзе грыміць вайна, дзе гінуць людзі, узрываюцца снарады. А мы, твае нашчадкі, жывём у мірнай краіне, без вайны. Жывём для таго, каб памятаць, бо пякучым болем адгукаецца найцяжэйшая з войнаў у сэрцы кожнага чалавека. Мы не можам забыцца пра жахі вайны, смерць і пакуты мільёнаў людзей. Мы памятаем аб гераізме і мужнасці тых, хто змагаўся з ворагам і выратаваў ад фашысцкага нашэсця Радзіму. Мы павінны змагацца за мір — гэта абавязак усіх, хто жыве на зямлі.

Ксенія МАРКЕВІЧ,
студэнтка
3-га курса БДТУ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter