Кіраўнікі самых паспяховых прадпрыемстваў удастоены звання “Чалавек справы”

Лідары бізнесу

Кіраўнікі самых паспяховых прадпрыемстваў удастоены звання “Чалавек справы”. За лідарства ў конкурсе змагалася 130 кандыдатаў. Толькі 12 бізнесменаў сталі лаўрэатамі.



У іх ліку аказаліся тыя, каму ў цяперашніх няпростых эканамічных умовах удалося не толькі ўтрымацца на плаву, але і прыкметна ўмацаваць свае пазіцыі. У спісе пераможцаў гэтага года асабліва вылучаўся госць з Кітая Лі Хайсінь. Ён жа генеральны дырэктар СЗАТ “Кампанія па развіцці індустрыяльнага парку “Вялікі камень”. За яго плячамі больш за 20 гадоў досведу работы ў сферы праектавання і будаўніцтва. На асабістым рахунку 20 інжынерных аб’ектаў у Кітаі, а цяпер маштабны праект у нашай краіне. Лі Хайсінь не ўтойваў, што атрымліваць узнагароду ў Беларусі прыемна. Аднак расслабляцца некалі, наперадзе шмат працы:

— Мая галоўная мэта — развіваць праект “Вялікі камень” на міжнароднай арэне, прадастаўляць якасныя паслугі зацікаўленым прадпрыемствам. Дарэчы, ужо больш за 30 кампаній выявілі жаданне стаць рэзідэнтамі Беларуска-Кітайскага індустрыяльнага парку. У перспектыве “Вялікі камень” павінен стаць паказальным праектам эканамічнага пояса Шаўковага шляху.

Сёлета конкурс “Чалавек справы” быў юбілейным — 20-м па ліку. На ім як ніколі шмат было прадстаўлена высокатэхналагічных, экспартаарыентаваных і імпартазамяшчальных прадпрыемстваў. Сярод іх — ЗАТ “БіСмарт”, вядомай распрацоўкай якога была аплатная сістэма АРІП, Банк БелВЭБ, які падтрымлівае шэраг буйных праектаў, у тым ліку будаўніцтва АЭС у Астраўцы, ТАА “Тытунь-Інвест” і шэраг іншых.

Лепшых з лепшых выбіраў грамадскі рэдсавет бізнес-часопіса “Дело”, у які ўвайшлі аўтарытэтныя прадпрымальнікі, эканамісты, прадстаўнікі міністэрстваў. Узначаліў яго акадэмік, доктар эканамічных навук, прафесар Пётр Нікіценка. Звяртаючыся з прамовай да пераможцаў на цырымоніі ўзнагароджання, ён падкрэсліў, што “людзі справы” — гэта прагрэсіўныя, творчыя і валявыя асобы. Яны не чакаюць дапамогі звонку, абапіраюцца перш за ўсё на ўласныя сілы, цвярозы аналіз рыначных умоў. І галоўнае — любяць сваю работу.

Ірына Судас


Заданне на заўтра


У 2016 годзе галоўнай задачай грашова-крэдытнай палітыкі ў краіне, зрэшты, як і ў годзе цяперашнім, застанецца паніжэнне інфляцыі

Мэта даволі амбіцыйная — індэкс спажывецкіх цэн павінен вырасці менш як на 10 працэнтаў. Гэта было падкрэслена на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе разглядаліся канцэптуальныя асновы прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016 год, Прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым.

— Другая задача — гэта нарошчванне золатавалютных рэзерваў. На дасягненне гэтых дзвюх мэт павінны быць накіраваныя ўсе інструменты нашай манетарнай палітыкі з улікам знешніх і ўнутраных умоў, — расставіў прыярытэты кіраўнік Урада.

Андрэй Кабякоў нагадаў: Мінэканомікі, Мінфін і Нацбанк падрыхтавалі і ўнеслі ва Урад канцэптуальныя падыходы да фарміравання прагнозу бюджэтна-падатковай і крэдытнай палітыкі краіны на 2016 год. Іх рэалізацыя дасць магчымасць, захаваўшы дасягнутую збалансаванасць, перайсці да эканамічнага росту.

— Акрамя таго, цяпер важна правільна вызначыць зыходныя ўмовы, перш за ўсё знешнеэканамічныя, у якіх будзе развівацца наша эканоміка. Досвед мінулых гадоў паказвае, што задача гэта няпростая, сусветная эканоміка мяняецца вельмі хутка, — папярэдзіў Андрэй Кабякоў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter