Кытар — на мытар, або Пакаштуйце шлібабону!

Тамара КАЛЯДА з Валожынскага раёна збірае народныя традыцыі і вучыць дзяцей даваць другое жыццё рэчам

Тамара КАЛЯДА з Валожынскага раёна збірае народныя традыцыі і вучыць дзяцей даваць другое жыццё рэчам

Вёска Дубіна на Валожыншчыне знакамітая сваім своеасаблівым гумарам і дыялектам, а таксама прыхільнасцю да захавання традыцый. У свой час валожынцы нават жартавалі: маўляў, калі надвор’е дрэннае, гэта дубінцы махаюць фуфайкамі, на Валожын хмары гоняць. На самой справе гасцей тут сустракаюць ветліва, прапануюць пакаштаваць “камы” і салату са “шлібабонам”. У незвычайным музеі, створаным у былой сялянскай хаце, я пазнаёмілася з Тамарай Калядой, кіраўніком мясцовага аматарскага аб’яднання “Бацькаўшчына” і дзіцячага гуртка “Другое жыццё рэчаў”. Чалавек незвычайнага лёсу, Тамара Уладзіміраўна збірае этнаграфічныя рарытэты, а таксама вучыць дзяцей ствараць прыгажосць уласнымі рукамі амаль “з нічога”. Сваімі здабыткамі і вынаходніцтвамі яна згадзілася падзяліцца з чытачамі “Сям’і”.

Дом з гісторыяй

Для размовы мы заходзім у хату, дзе размяшчаецца музей мясцовага знакамітага чалавека — настаўніка Васіля Васільевіча Рагеля. Рознакаляровыя кілімы на падлозе, драўляныя лавы і стол пад традыцыйным абрусам, шафа, масіўны куфар і кот, які муркае пад рукой гаспадыні і з цікаўнасцю пазірае на госцю, — музей здаецца жывым і ўтульным нават у халодны восеньскі дзень. У ім для захавання атмасферы не праводзілі электрычнае асвятленне — ёсць газоўка. Менавіта тут часам збіраюцца і старыя, і малыя жыхары вёскі, якіх аб’ядноўвае кіпучая энергія Тамары Уладзіміраўны.

Ураджэнка горада Жодзіна, у юнацтве Тамара скончыла Смілавіцкі тэхнікум і атрымала прафесію пчаляра. Па размеркаванні яе накіравалі ў Валожынскі раён, дзе яна і пазнаёмілася з будучым мужам.

— У Дубіне, калі я выходзіла замуж у 1978 годзе, было прынята да вяселля рыхтаваць шмат вышытых уручную накідак на падушкі, падузорнікаў і ручнікоў, — успамінае жанчына. — Каб падрыхтавацца да вяселля, усю зіму я ў вольны час вышывала крыжыкам і гладдзю, навучыла гэтаму мяне кватэрная гаспадыня, бо ў маіх родных мясцінах такіх звычаяў не было.

За доўгае жыццё, а Тамара Уладзіміраўна ўжо два гады на пенсіі, ёй давялося перажыць некалькі крутых перамен свайго лёсу. Нарадзіла двух сыноў і пайшла працаваць у дзіцячы садок, каб быць бліжэй да дзяцей. Нават паступіла ў педагагічны ўніверсітэт, каб атрымаць вышэйшую адукацыю. Аднак заўчасная трагічная смерць маладога мужа перашкодзіла здзяйсненню гэтай мары.

Рэчы з душой

Тамара Уладзіміраўна заўсёды жыва цікавілася этнаграфіяй, асаблівасцямі мясцовага дыялекту, па магчымасці збірала цікавыя прадметы побыту. Краязнаўствам і этнаграфіяй яна займаецца разам з удзельнікамі аматарскага аб’яднання “Бацькаўшчына”. Клопат гэтага “клуба” — захаванне традыцый і адраджэнне дубінскіх спрадвечных святаў і фэстаў. А Тамары Уладзіміраўне жыхары вёскі часам з дарагой душой перадаюць сапраўды бясцэнныя рэчы. Так, напрыклад, вышытая белая сукенка і зусім не шыкоўныя на сучасны погляд туфлі.

— Калі паглядзець на старыя фотаздымкі 1950—1960-х гадоў у фотаальбомах дубінцаў, то высветліцца, што амаль усе нявесты таго часу ішлі пад вянец у гэтай сукенцы і туфлях, — тлумачыць мне суразмоўца. — “Пракат” сукенкі каштаваў тры рублі.

У калекцыі Тамары Каляды таксама ёсць спадніца-андарак, якой больш за сто гадоў.

Быць патрэбным

Нашыя продкі наогул спрадвеку былі вельмі ашчаднымі гаспадарамі і не выкідалі рэчы, а імкнуліся знайсці ім іншае прымяненне пасля ўжывання. Зараз гэта модны прынцып экалагічнага стылю жыцця, але, як вядома, усё новае — на самай справе добра забытае старое.

— Жахліва, калі ў старасці адчуваеш сябе непатрэбным, — кажа Тамара Уладзіміраўна. — Гэта слушна і для чалавека, і для рэчы, таму мы просім аднавяскоўцаў не выкідаць непатрэбныя рэчы, а прыдумляем ім другое жыццё.

Так і ўзнік гурток для дзяцей “Другое жыццё рэчаў”. Разам са сваімі падапечнымі спачатку Тамара Каляда збірала старыя лялькі і рабіла ім новую вопратку. У новых вязаных сукенках старыя цацкі ператвараліся ў непаўторныя эксклюзіўныя сувеніры.

На розных творчых выставах і кірмашах народных майстроў вырабы дубінскіх хлопчыкаў і дзяўчынак выклікаюць зацікаўленасць нават у замежных гасцей. Дарэчы, захапленне Тамары Уладзіміраўны можна лічыць сямейным. Сапраўды залатыя рукі ў яе старэйшага сына Сяргея, які добра шые, займаецца саломапляценнем, можа змайстраваць патрэбныя прылады. З задавальненнем займаецца творчасцю і ўнучатая пляменніца Тамары Каляды Лізачка Шапуцька.

Слоўнік дубінскіх страў

Калі вы трапіце ў вёску Дубіна, то вам не прапануюць пакаштаваць бульбу.
Для кожнай стравы з гэтага традыцыйнага беларускага прадукту ў дубінцаў ёсць асобная назва. Пацікавімся, чым сілкуюцца на Валожыншчыне.

Камы — тоўчаная бульба, запраўленая шкваркамі.  
Рэзанка — бульба ў мундзірах, перарэзаная папалам.  
Салоніца — абабраная і проста звараная бульба.
Груца — ячневая каша.
Шлібабон — фасоль.
Трускаўкі — клубніцы.  

Загадка ад Тамары Уладзіміраўны на мясцовым дыялекце:

Ішла баба з мытара
І сустрэла кытара.
Кытара — пытарам,
Кытар — на мытар.

На літаратурнай мове гэта гучыць так:

Ішла баба з лазні
І сустрэла ката.
Ката — папругай,
Кот — на лазню.

 

 

 

 

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter