В театре имени М. Горького готовят премьеру по пьесе лауреата Пулитцеровской премии

Квіток на «трамвай»

«Трамвай «Жаданне» — адна з самых вядомых п'ес амерыканскага драматурга Тэнесі Уільямса. За гэты твор Уільямс быў удастоены Пулітцэраўскай прэміі ў 1948 годзе, а ў 1952-м вылучаўся на атрыманне прэміі «Оскар» як найлепшы сцэнарыст за яго адаптацыю для кінаэкрана.
Кадр з фільма «Трамвай «Жаданне»


П'еса вытрымала безліч пастановак на ўсіх кантынентах і да гэтага часу ідзе ў многіх тэатрах свету. У хуткім часе з'явіцца яна і на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага. Рыхтуе спектакль заслужаны дзеяч мастацтваў Валянціна Еранькова:

— Мой спектакль — пра дэфіцыт кахання. Пра тое, што ўсё часцей сёння высакароднае пачуццё непрыкметна саступае месца цынічнаму, бездухоўнаму жаданню. А жаданне без кахання пагібельна для чалавечай душы.

Згодна з сюжэтам п'есы, галоўная гераіня Бланш Дзюбуа прыязджае да цяжарнай сястры Стэлы, якая жыве з мужам Стэнлі ў бедным прамысловым раёне. Бланш паведамляе сястры, што страціла працу і жыць ёй няма дзе і няма за што. Стэнлі, увасабленне прамалінейнасці і грубасці, адразу неўзлюбіў Бланш за прыхільнасць да алкаголю, прытворства і крывадушнасць. Неўзабаве ў Бланш з'яўляецца паклоннік і надзея на замужжа, але Стэнлі, даведаўшыся пра мінулае сваёй госці, разладжвае іх заручыны.

У спектаклі «Трамвай «Жаданне» тэатра імя М. Горкага занятыя заслужаныя артысты Сяргей Чэкерэс і Валерый Шушкевіч, а таксама акцёры Кацярына Шатрова, Іна Савянкова, Юлія Кадушкевіч, Кірыл Нікіцін, Аляксей Качан, Аляксандр Душачкін, Таццяна Кухто. Прэм'ера адбудзецца на Малой сцэне тэатра 27, 29 і 31 кастрычніка.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter