Впервые в Центральном ботаническом саду некоторые растения зацвели в феврале, опередив срок на полтора-два месяца

Квітнеюць і пахнуць!

Гляджу ў каляндар — у акно, у каляндар — у акно… Нешта пайшло не так: ці зіма зусім разленавалася, ці каляндар хлусіць. Надвор’е ў лютым гучна зайграла вясновымі напевамі. Неўзабаве кветкі пускаюцца ў рост, на дрэвах і кустах набухаюць пупышкі. Такога, кажуць спецыялісты Цэнтральнага батанічнага саду Нацыянальнай акадэміі навук, не было ніколі! Карэспандэнт «Р» знайшла на тэрыторыі саду каля 15 відаў квітнеючых ці блізкіх да гэтага раслін.

У магноліі пупышкі ўжо лопаюцца. Значыць, хутка заквітнеюць.

Экскурсія ў вясну

Прымулы, рададэндраны, гамамелісы, хеномелесы (ва ўжытку — айва японская)… Зараз у Батанічным садзе пачынаецца нечаканае цвіценне. І калі не настане пахаладанне, то праз тыдзень-два пачне распускацца і шмат іншых раслін.

Батанічны сад выглядае амаль па-вясноваму. Трава з зелянцой, зямля мяккая, дзе-нідзе можна знайсці ўсходжыя парасткі. Экскурсію па лютаўскай вясне ў садзе мне праводзіць старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі інтрадукцыі драўняных раслін ДНУ «Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі» Міхаіл Рудзевіч.

Міхаіл РУДЗЕВІЧ: «Першымі з рададэндранаў рухаюцца ў рост лістападныя, апошнімі — вечназялёныя».

— Ва ўмовах нашага ўмеранага клімату расліны па чарзе праходзяць два віды спакою: фізіялагічны і вымушаны. У большасці раслін, якія растуць у нас у адкрытым грунце, выхад са стану глыбокага спакою адбываецца прыкладна ў другой палове студзеня. Вымушаны ж спакой з’яўляецца другасным і выкліканы неспрыяльнымі ўмовамі: напрыклад, у зімовы перыяд ім холадна. А зараз надвор’е адносна цёплае. Таму некаторыя расліны і пускаюцца ў рост. Як правіла, яны зацвітаюць, калі надыходзіць актыўная вегетацыя — рух розных сокаў і г.д. Для гэтага патрэбна сярэднесутачная тэмпература не менш за +10 градусаў. Але часам на санцапёку такія ўмовы складваюцца і пры агульных +5 градусах. І тады, ашуканыя такім мясцовым пацяпленнем, некаторыя пупыркі абуджаюцца, — тлумачыць Міхаіл Рудзевіч.



У гэтым годзе шмат першацветных раслін яшчэ чакаюць свайго часу, а вось былыя адстаючыя пайшлі ў рост. Так адбылося і з прымуламі. Ранейшы чэмпіён — прымула звычайная — саступіла прымуле Юліі. Хоць растуць яны на прыблізна аднолькавых па якасці сонцаасвятлення месцах.

— У Юлькі (так ласкава называюць расліну кветкаводы) спачатку «выходзяць» кветкі, а потым — ліставая разетка. Але зараз з гэтым усё ў парадку, — робіць вывад мой экскурсавод. Звычайна расліна квітнела ў красавіку.

Дарэчы, не ўсе пупышкі раслін аднаго і таго ж віду пускаюцца ў рост адначасова. Пакуль адбываецца частковае цвіценне. Тыя, што занялі больш выгаднае месца пад сонейкам, распусцяцца раней, а іх менш удалыя сабраты парадуюць вока пазней. Таму, калі прыйдзе паўнавартасны час для цвіцення, клумбы ўсё роўна будуць прыгожымі.

Зараз у Батанічным садзе пачынаецца нечаканае цвіценне. І калі не настане пахаладанне, то праз тыдзень-два пачне распускацца і шмат іншых раслін.

— Часцей за ўсё памылкова ідуць у рост аднесеныя да кантынентальнага клімату расліны. Там існуе толькі тры пары года: зіма, лета, восень. Вясна ўмоўная: тыдзень-два, — тлумачыць Міхаіл Рудзевіч.

Цвіценне пачалося са студзеня

Крочым далей — і падыходзім да наступнай гатовай да цвіцення расліны. Гэта рададэндран. Дарэчы, від Ледзебура заквітнеў яшчэ ў студзені! 

Гамамеліс ужо часткова заквітнеў.

— Першымі з іх рухаюцца ў рост лістападныя, апошнімі — вечназялёныя. Вось, глядзіце, — паказвае на адну з раслін Міхаіл Рудзевіч, — гэты рададэндран ужо на парозе масавага цвіцення. Пупышкі ажно раскрываюцца! — І сапраўды: на пупышцы, памерам з боб, праз усё «цельца» ідзе расколіна. Значыць, хутка куст заквітнее. А раней «выспяваў» толькі да мая.

Далей пасаджаны вечназялёны рададэндран. Ён невялікага росту, дзесьці па галёнку, але паводзіць сябе вельмі цікава. Лісце прыпаднятае, як купал парасона. 

У гэтым годзе шмат першацветных раслін яшчэ чакаюць свайго часу, а вось былыя адстаючыя пайшлі ў рост. Так адбылося і з прымуламі.

— З ніжняга боку ў яго нібы дзірачкі, праз якія ён «дыхае». Пры неспрыяльных умовах, нізкіх тэмпературах лісце згортваецца, «закрывае» іх. А зараз амаль усё лісце падняў. Вось дык люты! — кажа навуковец.

За некалькі метраў адсюль бачыцца хеномелес, ці, па-простаму, айва японская. У спакойным стане пупышкі цяжка ўбачыць. Яны меншыя за крупіцу. Выдае толькі яркі колер — чырвоны. Зараз жа набухлі, некаторыя амаль гатовы лопнуць і зацвісці. Звычайна куст квітнеў у красавіку — пачатку мая.

Ляшчына раскінула свае завушніцы. Яны ўжо насычаны пылком. Пыляць, калі крыху патрэсці з боку у бок.

Разам з анамальным цвіценнем праходзяць і звычайныя працэсы. Напрыклад, ляшчына раскінула свае прыгожыя завушніцы. Яны ўжо насычаны пылком. Пыляць, калі крыху патрэсці з боку ў бок. Гэта прыгожае відовішча. 

tychko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Виталий ПИВОВАРЧИК