Выдатную пяцёрку салістаў вакальнай групы «Чысты голас» даўно ведаюць і любяць не толькі ў нашай краіне. Яны збіралі аншлагавыя залы ў Расіі і Украіне, Францыі, Іспаніі, Турцыі, Германіі, Польшчы, Партугаліі, ЗША, Індыі, Кітаі... І ўсюды пасля выступлення гледачы падоўгу не адпускалі артыстаў са сцэны, скандзіравалі «брава!» і дзякавалі шквалам апладысментаў.
На іх канцэртах не саромеюцца слёз, а ад іх песень цяплеюць душы. Невыпадкова ў 1996 годзе калектыў у ліку першых быў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне».
Але спыняцца на дасягнутым артысты не збіраюцца. Не ўтойваюць: хочуць, каб іх творчасць была яшчэ больш папулярнай, а калектыў яшчэ больш вядомым і распазнавальным. Да таго ж пашырыць кола слухачоў дазваляе назапашаны цікавы і разнажанравы рэпертуар, творы ў ім — на любы густ і ўзрост.
У сёлетні Год культуры «Чысты голас» рыхтуецца праехаць па краіне з маштабным канцэртным турам «Гэта неба для нас». Дарэчы, назву праекту даў радок з выдатнай кампазіцыі «Неба», з якой група стала фіналістам нядаўняга нацыянальнага адбору на конкурс «Еўрабачанне».
Афіцыйны старт тура — 5 красавіка. У гэты дзень у Мінску адбудзецца канцэрт «#Новы фармат». Зрэшты, пачнецца ўсё яшчэ раней. Ужо 18, 19 і 20 сакавіка сустрэчы з артыстамі чакаюць у Рэчыцы, Жлобіне і Гомелі.
На працягу года, расказала дырэктар групы Святлана Дземядчук, запланавана больш за 50 канцэртаў у буйных і зусім невялікіх гарадах. Першымі праедуць Гомельскую, Брэсцкую і Гро-дзенскую вобласці. А з верасня адправяцца па Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай.
Чым парадуюць? Акапэльныя мужчынскія спевы — у праграме абавязкова. Гэта фішка, канёк, козыр калектыву, тое, што яго ўдзельнікі ўмеюць і любяць рабіць, тое, за што іх любяць гледачы. Але ў кожным канцэрце будзе і шмат іншай музыкі: класічнай, эстраднай, джазавай, рамансавай, народнай. Добра вядомай, папулярнай і новай, сучаснай. Асобная старонка — творы беларускіх аўтараў Валерыя Галаўко, Алега Молчана, Рамана Козырава і іншых, якія пішуць для «Чыстага голасу».
Праект уключае некалькі тэматычных праграм, якія максімальна прадставяць рэпертуарныя і выканальніцкія магчымасці калектыву. Яго ўдзельнікі абяцаюць, што нават тыя, хто добра знаёмы з творчасцю групы, убачаць яе з новага боку, а абыякавым пасля канцэрта дакладна не застанецца ніхто.
У гэтым упэўнены і заслужаны артыст Беларусі Андрэй Пыжык, ён спявае ў «Чыстым голасе» ўжо 23 гады:
— На парозе свайго 25-годдзя група падымаецца ў развіцці на якасна новую прыступку. Абсалютна новую. Праект «Гэта неба для нас» — велізарны скачок наперад. Гэта — новае дыханне для нашага калектыву.
Пра «Чысты голас» нярэдка кажуць: гэта музыка для элітарнай публікі. Самі артысты ўдакладняюць: для публікі, якая разумее, з добрым густам. І такой яны імкнуцца яе выхоўваць кожным сваім выступленнем, няхай гэта будзе выкананне духоўных спеваў, класікі або сучаснай аўтарскай песні, падцягваюць да больш высокага культурнага ўзроўню. Яшчэ з 1991-га, з часу стварэння «Чыстага голасу», яго ўдзельнікамі ўсталявана нябачная абмежавальная «чырвоная лінія», якой яны прытрымліваюцца і якая не дазваляе выконваць усё запар на патрэбу дня. Вось ужо амаль чвэрць стагоддзя гэта правіла выконваецца няўхільна. Глядацкая любоў і прызнанне, колькасць прыхільнікаў пры гэтым толькі павялічваюцца. Ужо даўно праверана і вопытам пацверджана: туды, дзе артысты «Чыстага голасу» выступалі ўпершыню, яны абавязкова прыязджаюць зноў. Таму што іх запрашаюць, клічуць і чакаюць.
Хто ёсць хто?
Тры гады таму прыхільнікі «Чыстага голасу» заўважылі змены ў складзе калектыву. У ім з`явіліся новыя салісты — тэнар Дзмітрый Мінікаеў і бас Юрый Гузіч, сёння ён самы малады ўдзельнік. Старажылы групы — барытон Валерый Прыгун і тэнар Андрэй Пыжык, яны, між іншым, яшчэ і аднакласнікі. З 2001 года ў складзе барытон Акім Тышко. Усе салісты — з кансерваторскай адукацыяй.
Па жыцці — пяць розных мужчынскіх характараў, выхаванняў, звычак, светапоглядаў і меркаванняў. А разам на сцэне — творчая група аднадумцаў і гармонія пяці цудоўных галасоў.
svirko@sb.by