Обзор книг Аркадия Кулешова «Маё пасведчанне» и Уолта Уитмена «Лiсце травы»

Квецень класiчных строф

Аркадзь Куляшоў. Маё пасведчанне. 
Мiнск, Мастацкая лiтаратура, 2019

Рада пагаварыць з вамi пра яшчэ адно выданне з цудоўнай серыi «100 вершаў». На гэты раз ягонымi героямi сталi паэт Аркадзь Куляшоў, якому ў гэтым годзе 105, i мастак ХХ стагоддзя Альгерд Малiшэўскi, вядомы сваiм экспрэсiўным жывапiсам. Карцiны дапаўняюць вершы — у гэтым сэнс серыi, якая па‑новаму адкрывае беларускiх творцаў. 

Аднойчы давялося пачуць на нейкiм фэсце сумную фэнтэзiйную песню сучаснага барда: 

З дзеўчынай развiтваўся юнак, 
Аддаваў яе шляхам, далiнам... 
— Лепш бы млынам стаць... — падумаў так
I зрабiўся на тым месцы млынам.

Аказалася, гэта верш Аркадзя Куляшова, якi памятаўся са школьнай праграмы зусiм iначай. Ёсць, вядома, у лiку лепшай сотнi i «Балада аб чатырох заложнiках», i праграмны твор пра Алесю, што стаў песняй. Ёсць i выпакутаваныя вершы, звернутыя да дарагiх сяброў — Юлiя Таўбiна i Змiтрака Астапенкi, што загiнулi падчас рэпрэсiй: 

Сябры мае! Пад пустак дыванамi
Цi не абрыдла безназоўнасць вам?
Дзе дзверы, што замкнулiся за вамi?
Як вас знайсцi? Якiх пытацца брам?

Ёсць цiкавыя развагi пра паэзiю, якую аўтар параўноўвае з добраахвотнай вязнiцаю цi з ланцугом, якiм прыкуты да пiсьмовага стала, пра славу, што мае прысмак палыну. Нараканнi, што не пiшуцца вершы, таму «Чым зайздросцiць другiм i лакцямi iх расштурхваць — пайсцi ў пастухi?». Карцiны Альгерда Малiшэўскага дадаюць радкам драматычнага каларыту. У звычайных краявiдах — фiласофскiя сiмвалы, вiраванне i супрацьстаянне стыхiй, змаганне колераў. Жывапiс Малiшэўскага параўноўваюць з карцiнамi Iзраiля Басава, яшчэ аднаго мастака, якi ў той час захоўваў своеасаблiвую манеру i не арыентаваўся на шаблоны. 

Уолт Уiтмен. Лiсце травы. 
Мiнск, Мастацкая лiтаратура, 2019

Падчас нядаўняй Мiнскай мiжнароднай кнiжнай выставы‑кiрмашу гэтае выданне прэзентавалася ў музеi Янкi Купалы, дзе разглядалася падабенства творчасцi двух класiкаў: Купалы i Уiтмена. Дарэчы, iх бюсты стаяць побач у парку амерыканскага горада Манро непадалёк ад Нью‑Ёрка. Адметнасць яшчэ i ў тым, што гэта — перавыданне перакладу на беларускую мову самай знакамiтай паэмы Уiтмена «Лiсце травы», якi здзейснiў Янка Сiпакоў у 1978 годзе. На беларускую мову паэзiю Уiтмена перакладалi многiя — ад паэта часоў «Маладняка» Аркадзя Мардвiлкi да сучаснай паэткi Юлi Цiмафеевай. Але перакласцi менавiта «Лiсце травы», твор палiфанiчны, з гульнёй сэнсаў i слоў — задача, за якую возьмецца не кожны. У 1969 годзе Сiпакоў у артыкуле «Вершаруб з доўгай выспы» абгрунтоўваў увагу да паэзii амерыканскага класiка: «Нават з першага погляду вiдно, што той жыццядайнаю крынiцаю, якая напаiла гэтыя радкi, з’яўляецца фальклор», «Уолт Уiтмен не сумняваўся ў велiчы простага чалавека». Пераклад Сiпакова знаўцы ацэньваюць даволi высока: i па багаццi моўных сродкаў, i па дакладнасцi. Ну а ў вартасцi паэмы, якая стала адной з самых знакамiтых твораў свету, пераконваць нiкога не трэба. 

О, песнi, вы не толькi бязлiстыя галiнкi з прытоеным жыццём
(лускаватыя i голыя, нiбыта арлiныя кiпцi),
Можа, у якi‑небудзь шчаслiвы сонечны дзень (хто ведае?)
якой‑небудзь будучай вясны альбо лета на вас
набухнуць пупышкi,
Зазелянее лiсцё, прахалодны з’явiцца цень, сакаўныя 
нальюцца плады —
Яблыкi цi вiнаград, вырастуць новыя магутныя галiны
дрэў, плыне свежае, вольнае i чыстае паветра,
i любоў i дружба расквiтнеюць тады нiбы духмяныя ружы.

Издания для обзора предоставлены книжным магазином «Академическая книга», Минск, пр-т Независимости, 72.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter