Аскохитоз и «ржавчина» хризантем: как инспекторы фитосанитарного контроля проверяют оптовые партии цветов

Кветкi каранцiну

Міжнародны жаночы дзень можна смела называць і днём кветак. Яшчэ да таго, як нашы мужчыны задумаліся над тым, чым парадаваць дам, да першага вясновага свята пачалі рыхтавацца загадзя ўсе, хто мае дачыненне да продажу духмянага тавару. Крамы зрабілі заказы ў пастаў-шчыкоў, а іх спецыялісты па закупцы прыняліся адсочваць лепшыя кветкі на біржы. Паехалі фуры, гружаныя прыгожымі раслінамі, да нас, а тут іх сустрэў фіта-санітарны кантроль: стоп, праверачка. Навошта? 

Узоры падкаранціннай прадукцыі, выкарыстаныя пры правядзенні экспертызы, уласніку не вяртаюцца.

6.00 у горадзе Ханселерсдайк, Нідэрланды. Ужо некалькі гадзін, як не спяць нашы прадстаўнікі пастаўшчыкоў кветак. На галандскай біржы ў гэты ранні час пачынаецца старт аўкцыёну: хто забярэ лепшыя кветкі па добрай цане — залежыць ад хуткасці. Да раніцы неабходна яшчэ і падрыхтавацца: азнаёміцца з магчымымі варыянтамі, зверыць па паперах, якія кветкі і па якім кошце патрэбны беларускім крамам. З Вікторыяй Лямешка, намеснікам дырэктара па знешнеэканамічнай дзейнасці арганізацыі, якая дастаўляе да нас кветкі, звязваемся па тэлефоне пасля таргоў. Чакаем падрабязнасцей. Яна расказвае:

— У Нідэрланды мы з’ездзілі тыдзень таму. Вядома, можна дыстанцыйна купляць на аўкцыёне кветкі, але нам патрэбны добры інтэрнэт і якасць сувязі, якія дазволяць хутка, без тэхнічных затрымак рэагаваць на пазіцыі, што нас цікавяць. Важныя нават долі секунды. Інакш можна або зусім упусціць тавар, або прыйдзецца купляць яго ўтрая даражэй. У Ханселерсдайку знаходзіцца адна з трох самых вялікіх кветкавых біржаў. Тут мы загадзя можам паглядзець якасць тавару, пазнаёміцца з тымі, хто вырошчваў кветкі, хутка купіць, прасачыць, як іх загрузяць і адправяць у Беларусь. 

Не магу не спытаць у Вікторыі: а што ж новага нас чакае ў гэтым сезоне. Яна адразу інтрыгуе: «Вельмі цікавая тэндэнцыя апошнія некалькі месяцаў назіраецца...» Ужо паўгода, калі вы не ведаеце, мода на фарбаваныя чорныя гваздзікі. Во справы… А зараз звыклыя сакавіцкія цюльпаны модна купляць не ў чырвоных, жоўтых і пыльных ружовых тонах, а ў карычневых! Белыя цюльпаны змяшчаюць у спецыяльную фарбавальную вадкасць, пялёсткі ўбіраюць колер — атрымліваецца цікавае карычневае адценне з прыроднымі ўзорамі кветкі. Такія расліны каштуюць у два разы даражэй, іх няшмат. 

— Гэта цяпер самы папулярны трэнд у Расіі і краінах ЕС. Таксама шмат заказаў на сухія кветкі: букеты і галінкі сушанай лаванды, бавоўны, лагурусу... Такія букеты стыльныя, доўга стаяць, — тлумачыць Вікторыя. 

Вядома, нікуды не падзенуцца кветкі традыцыйных колераў і адценняў: нарцысы, гіяцынты, хрызантэмы, гваздзікі, альстрамерыі, азатамнусы і іншыя экзатычныя расліны. Багата руж і цюльпанаў. Самымі таннымі будуць нарцыс, касач і цюльпан. А самыя дарагія — ранункулюсы і півонявідныя ружы.

У выпадку выяўлення заражэння каранцiннымі аб’ектамі раслін прымаецца рашэнне аб забароне ўвозу гэтай партыі ў нашу краіну.

— У гэтым сезоне некаторыя кветкі на біржы трохі падаражэлі, але ў кожным выпадку свая таму прычына. Напрыклад, у Эквадоры некалькі дзён не спыняючыся лілі дажджы, і кветак вырасла менш, чым звычайна. Але гэтыя змены на біржы практычна не адаб’юцца на рознічных цэнах, — дзеліцца падрабязнасцямі Вікторыя.

Адпраўляемся ў Мінскую абласную дзяржаўную інспек-цыю па насенняводстве, ка-ранціне і ахове раслін. У аддзеле каранцiннай экспертызы знаходзіцца лабараторыя, дзе праводзяцца аналізы раслін, якія перамяшчаюцца праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза і па мытнай тэрыторыі саюза. Кожная партыя падкаранціннай прадукцыі, а да яе адносяцца і кветкі, можа быць носьбітам захворванняў, здольных распаўсюдзіцца на іншыя расліны ў нашай краіне. Вядучы аграном, дзяржаўны інспектар Галіна Валадзько тлумачыць:

— Кожная партыя падкаранціннай прадукцыі, якая перамяшчаецца з тэрыторыі адной дзяржавы ў ін-шую, падлягае каранцiннаму фітасанітарнаму кантролю. Той, хто перавозіць прадукцыю, паведамляе, што прыбудзе да нас. Ужо па прыбыцці правяраем яго дакументы, сертыфікаты і праводзім адбор узораў ад розных частак партыі дастаўленых кветак. Узор праглядваем і, калі ёсць нейкія падазрэнні, адпраўляем на экспертызу ў лабараторыю.

Каб пазбегнуць карупцыйнага складальніка, узоры кветак пакуюць у чорны пакет, апячатваюць і кадзіруюць — інспектар, які правярае кветкі, не ведае, хто пастаўшчык, адкуль кветкі. Да таго ж калі на кветцы ёсць шкоднікі — насякомыя, то яны не «выслізнуць» з пакета. 

Паступіў узор — белыя хрызантэмы. Марына Гышцямулце, галоўны аграном-дзяржінспектар аддзела каранцiннай экспертызы, распакоўвае кветкі. Першае, што робіць, — якасна трасе букет над белым лістом паперы. Так шукаюць заходні кветкавы трыпс — гэта насякомае-шкоднік, якое можа быць у бутонах. Калі б яно сядзела ўнутры, то вывалілася б. Пакуль нічога не знаходзім.

Што далей? Спецыяліст візуальна аглядае бутон, затым шукае прыкметы такіх захворванняў, як аскахітоз, белая ржа хрызантэм, і іншых грыбковых інфекцый. Знаходзіцца яны могуць на ніжнім баку лісця. Таму кожны ліст яна здымае з галінкі і аглядае. Калі ёсць пытанні — лісток пад мікраскоп! Няма пытанняў — усё гэта ўтылізуюць , а пастаўшчыку даецца згода на ўвоз тавару. Аб гэтым яшчэ рана. Пакуль агляд: доўгі і пільны. Для дзяўчат тут кветкі не кветкі, а ўзоры. А яны не мілыя дамы, а ахова экалагічнай бяспекі краіны. 

Начальнік аддзела экспертызы Дзмітрый Скаварада
тлумачыць:

— Калі кветкі ўсё ж такі хворыя, то робіцца заключэнне аб гэтым з пацвярджэннем, і прадукт — гэта значыць усю партыю прывезеных кветак — мы адпраўляем або туды, адкуль прывезлі, або ўтылізуем. Раней выяўлялі больш захворванняў раслін: такія кветкі прывозілі з Нідэрландаў, куды з усяго свету яны паступаюць. Але цяпер, калі кветкі апырскваюць спецыяльнымі прэпаратамі, яны радзей хварэюць. Адпаведна, радзей і мы знаходзім заразу, якая магла б трапіць да нас. 

kasel@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter