Кветкi для Максiма

Галоўнай вулiцай Траецкага прадмесця Мiнска ў XVIII стагоддзi была вулiца Траецкая, што ў XIX стагоддзi змянiла iмя на Аляксандраўскую. Нашы сучаснiкi ведаюць яе як вулiцу Багдановiча. Менавiта тут стаяў дом, дзе нарадзiўся будучы класiк беларускай лiтаратуры. Дом не захаваўся да нашых часоў, але вулiцы беларускай сталiцы памятаюць крокi Максiма Кнiжнiка, жалобную гадавiну смерцi якога Беларусь адзначае сёння, 25 мая.
У 1981 годзе на вулiцы Багдановiча з`явiўся помнiк песняру беларускай зямлi, куды кожны год у гэты дзень людзi прыносяць кветкi. Тут жа размешчаны i лiтаратурны музей паэта.
У Мiнску самы лiрычны беларускi паэт правёў зусiм невялiкую частку свайго кароткага жыцця. Максiму не было i года, калi сям’я пераязджае ў Гродна. Жыццёвы шлях паэта пралягае праз многiя гарады, раскiданыя адзiн ад аднаго на многiя сотнi кiламетраў: Гродна, Нiжнi Ноўгарад, Яраслаўль, Ялта. Таму, калi ў 1980 годзе была прынята пастанова аб стварэннi ў сталiцы музея Багдановiча, высветлiлася, што рукапiсаў, эпiсталярнай спадчыны, матэрыяльных сведчанняў жыцця Багдановiча амаль што не засталося. Спадчыну паэта прыйшлося збiраць амаль што па ўсiм Савецкiм Саюзе. Многае прыйшлося аднаўляць па эскiзах i сведчаннях сучаснiкаў Максiма.
I ўсё ж экспазiцыя была створана. Сярод экспанатаў ёсць такiя унiкальныя рарытэты, як нумар газеты “Наша Нiва” (яму амаль што сто гадоў) з першым друкаваным творам Максiма — “Музыка”. У фондах музея i чатыры з 27 вядомых сёння прыжыццёвых выданняў зборнiка вершаў Багдановiча “Вянок” 1913 года выпуску. Тры з гэтых кнiг — з аўтографам Максiма. Беражліва захоўваецца рукапiсная спадчына паэта, празаiка, заснавальнiка беларускай лiтаратурнай крытыкi...
Але ёсць у музеi экспанаты, што настройваюць наведвальнiка зусiм на iншыя думкi, распавядаюць не пра класiка са школьнага падручнiка, а пра чалавека з маладой прагай жыцця, таленавiтага, тонка адчуваючага, адзiнокага... Пажоўклыя фотаздымкi стогадовай даўнасцi: зусiм маленькi хлопчык з мамай, Марыяй Багдановiч. Ён апрануты ў сукенку з карункам — напрыканцы ХIХ стагоддзя так апраналi немаўлят незалежна ад полу. Прыгожы шыракаплечы падлетак. Крыху ганарыстыя прыгажунi пачатку мiнулага стагоддзя, у якiх Багдановiч быў закаханы. Сярод iх — Эмiлiя Шабуня. Гэтая жанчына пражыла 96 год i памерла толькi ў мiнулым годзе. Абарвалася апошняя нiтачка, што цягнулася праз гады ад Багдановiча да нас, жыхароў сучаснай Беларусi...
— У фондах музея ёсць копiя гiмназiчнага атэстата Максiма, але гэты рарытэт амаль не эскпануецца, — расказвае вучоны сакратар Лiтаратурнага музея Максiма Багдановiча Iрына Мышкавец. — Там не вельмi добрыя адзнакi. У савецкiя часы лiчылася, што гэта можа кiнуць цень на светлы вобраз вялiкага паэта. А Максiм быў непаседлiвы падлетак. Любiў паразмаўляць на ўроках, мог, не слухаючы настаўнiкаў, пiсаць вершы цi чытаць... Сёння супрацоўнiкi музея iмкнуцца змянiць у свядомасцi нашых суайчыннiкаў уяўленне пра Багдановiча як пра партрэт са школьнага падручнiка цi бронзавую фiгуру ля опернага тэатра. Максiма традыцыйна пазiцыянiруць як барацьбiта, але яго спадчына — не толькi “Слуцкiя ткачыхi”... Так, гэта волат нашай лiтаратуры, але ж ён быў зусiм маладым хлопцам, звычайным, хоць i вельмi таленавiтым чалавекам з ранiмай душой, якому выпала жыць у нялёгкi час. Усяго 25 гадоў, 5 месяцаў i 16 дзён пражыў ён на зямлi...
Шчаслiвага кахання не выпала на долю самага лiрычнага паэта беларускай зямлi. Быў ён сынам дробнага служачага, абцяжаранага вялiкай сям’ёй, да таго ж быў хворы на страшную, невылечную хваробу — сухоты. Гэта не адзiн раз адштурхнула бацькоў выбраннiц сэрца Максiма. Паэт, як уласцiва маладым, шмат разоў быў закаханы, але ў яго любоўнай лiрыцы пераважаюць змрочныя фарбы.
Ёсць у экспазiцыi музея экспанат, з якiм звязана незвычайная, нават мiстычная гiсторыя. Падчас пажару ў доме Багдановiчаў бацька, Адам Ягоравiч, паспеў выратаваць толькi самае каштоўнае — баул з вершамi сына. Праз некаторы час сям’я вяртаецца на папялiшча, каб паспрабаваць знайсцi хоць што-небудзь з непашкоджанных агнём рэчаў. Адзiнае, што не кранула полымя, гэта рэпрадукцыя карцiны Рафаэля “Сiксцiнская мадонна”, што вiсела над сталом Максiма. З абвугленымi краямi, карцiна — мацi, што прыцiскае да сэрца дзiця — перажыла Максiма амаль што на стагоддзе. I сёння наведвальнiкi музея могуць упэўнiцца на свае вочы: час над ёй не мае ўлады. Лiчачы жанчыну iстотай хутчэй боскага, чым чалавечага свету, Максiм марыў пра шчаслiвую сям’ю, пра тое, каб у яго нарадзiлася дачка. I вельмi пакутаваў ад думкi, што гэта мара нiколi не здзейснiцца. Упершыню чытаючы сябрам паэму “Страцiм-лебедзь”, паэт выпадкова абмовiўся ў апошнiм радку. “Ад усiх цяпер нашчадкi ёсць, ды няма адных — Страцiмавых” — так гучаць фiнальныя радкi. Багдановiч жа сказаў: “Максiмавых”. Паэт памыляўся. Так, трымаць на каленях сваiх дзяцей яму не было наканавана. Але нашы суайчыннiкi, што з алоўкам i аркушам паперы ў руках цi за клавiатурай камп’ютэра iмкнуцца выразiць у паэтычных радках прыгажосць жыцця, — нашчадкi Максiма Кнiжнiка. У 1917 годзе нядоўгi жыццёвы шлях паэта завяршыўся ў Крыме. Пахавалi яго чужыя людзi — бацька даведаўся пра смерць сына, калi пахаванне ўжо адбылося. Але кожны год 25 мая i ў сонечным Крыме, i ў Беларусi людзi нясуць да помнiкаў Багдановiчу жывыя кветкi, святары служаць жалобную панiхiду. А паэзiя Максiма, перасягнуўшы нацыянальныя рамкi, знайшла шлях да сэрцаў людзей самых розных краiн свету.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter