Кветкавы рай Валянціны Ільінчык

ТЫМ не менш пачынаючы з вясны і да позняй восені каля яе двара міжволі спыняюцца машыны і прахожыя — каб сфатаграфавацца ці проста палюбавацца незвычайнай з’явай.

Яе сядзіба — на самым ускрайку Глыбокага. Як сама жанчына жартуе: «Жыву не ў горадзе, не ў вёсцы».

ТЫМ не менш пачынаючы з вясны і да позняй восені каля яе двара міжволі спыняюцца машыны і прахожыя — каб сфатаграфавацца ці проста палюбавацца незвычайнай з’явай.

Чым жа яна так прыцягвае, зачароўвае? Тут усё — і дом, і агарод у 10 сотак — поўнасцю аддадзена кветкам. Іх  тысячы! Замыславатыя чароўныя ўзоры ствараюць розы, агератум, сальвіі, энатэры, флоксы, хрызантэмы, вяргіні… Быццам трапляеш у нейкі кветкавы рай.

Аднак гэта незямная прыгажосць патрабуе не толькі выдатных біялагічных ведаў, але і паўсядзённай напружанай працы. Устае Валянціна ў пяць гадзін раніцы і адразу прымаецца за догляд сваіх плантацый прыгажосці: паліў, праполку, пасадку. Дапамагае ёй дачка Наташа, выхавацельніца дзіцячага садка.

У гэтыя студзеньскія дні ў славутых кветкаводаў Ільінчыкаў зацішша. Але ўжо ў наступным месяцы, у лютым, яны пачнуць высяваць у спецыяльна абсталяваным для гэтага пакоі насенне петуній, сульфіній, герані, бегоній, бальзамінаў... Каб насенне лепш прарасло і расліны не загінулі, усе ночы напралёт будзе тут гарэць святло.

Ёсць у гаспадыні і дзве цяпліцы. Але гэта ўжо на раннюю вясну. І менавіта ў цяпліцах распускаюць бутоны першыя кветкі:

— Раніцай, бывае, на душы кепска, — згадвае жанчына, — а заходзіш у цяпліцу, глядзіш — расцвіла кветачка адна, другая. І зусім настрой мяняецца. Жыць хочацца!

Кветкі Валянціна любіць з дзяцінства. Але ўсур’ёз пачала займацца імі, калі выйшла на пенсію пасля работы на мясакамбінаце. Зладзіла цяпліцу для расады, разбіла клумбы. Дапамагала сястра Зоя, якая на той час жыла ў Латвіі.

— З мяне суседзі смяяліся спачатку, — прызнаецца Ільінчык, — казалі: «Дзівачка нейкая. Камяні сцягвае на агарод. Лепш бы бульбіну якую пасадзіла».

А пасля і самі пачалі вырошчваць кветкі.

Усяляк падтрымліваюць гаспадарку Валянціны мясцовыя ўлады. Яе ўзнагароджваюць граматамі і каштоўнымі падарункамі. А летась старшыня райвыканкама Алег Морхат выпісаў сертыфікат на машыну перагною.

Сваім «ураджаем прыгажосці» Валянціна шчодра дзеліцца з людзьмі: што прадасць, бо трэба ж акупіць затраты, а што і так падорыць. Прадае больш у гаршочках, скрыначках, каб расліна потым добра прыжылася.

— Хто толькі ў нас не быў, — кажа яна. — І з Верхнядзвінска, і Докшыц,  і Шаркаўшчыны!..

Быў такі эпізод. Гляджу, нейкі чалавек усё ходзіць і ходзіць воддаль. Пытаюся ў яго, мо, што трэба? «А ці можна падысці бліжай? Я сам з Татарстана. Свет праехаў, а такога не бачыў!»

Гледзячы на Валянціну, актыўна кветкамі пачалі займацца глыбачане. Стварылі нават клуб кветкаводаў. Сядзібы людзей у вёсках і самім Глыбокім, якое адзначыць сёлета сваё 600-годдзе, сталі куды больш прываблівымі.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Фота аўтара

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter