Кветкі як сэнс жыцця

Учора ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі распачала работу выстава фларыстыкі сталічнай майстрыхі Дзіны Шымук «Вясёлка пачуццяў».

Нездарма прадстаўленыя творы аўтар аб’яднала гэтай назвай. Пачынальніцы беларускай фларыстыкі (а гэта зусім малады від мастацтва, біяграфія якога пачалася ў 80-х гадах мінулага стагоддзя) падуладныя самыя розныя тэмы, якія выклікаюць разнастайныя адчуванні — то настройваюць на лірычную хвалю, то звяртаюць да прагматычных думак. Праз гармонію кветак яна стварае чароўныя нацюрморты, пейзажы, ландшафты і нават космас. І кожная работа здзіўляе незвычайным хараством, непаўторнасцю. Ліст дрэва ператвараецца ў гару ці возера, пялёсткі жоўтага цюльпана — у шыкоўную сукенку прыгажуні, а ружовыя — у велічнае птушынае апярэнне...
Настрой, які ствараюць кветкавыя карціны, ідзе ад асобы аўтара. І па ўсім відаць, што фларыстыка для мастачкі Дзіны Шымук — гэта яе светаўспрыманне, спосаб жыцця, мыслення. За дваццаць гадоў, якія яна прысвяціла працы з кветкамі, створана больш за тры сотні работ, многія з якіх захоўваюцца сёння ў Беларускім фондзе культуры, у фондах Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі. Творы Дзіны Шымук атрымалі шырокае грамадскае прызнанне  на шматлікіх міжнародных выставах у Швецыі, Нарвегіі, ЗША, Францыі, Ізраілі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter