Кветкі ад землякоў

Магілёўскі абласны драмтэатр парадаваў спектаклем «Апошні»

Кветкі ад землякоў атрымаў пасля спектакля ў зале Магілёўскага абласнога драмтэатра гомельскі драматург Васіль Ткачоў

Цудоўным спектаклем «Апошні» парадавалі прыхільнікаў тэатральнай творчасці напярэдадні галоўнага свята беларускай дзяржаўнасці — Дня Незалежнасці — вядомы гомельскі празаік і драматург лаурэат прэміі прафсаюзаў Беларусі 2011 года Васіль Ткачоў і рэжысёр-пастаноўшчык заслужаны артыст Расіі Аляксандр Палкін. Прэм’ера адбылася на сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Жанр абазначаны аўтарам як меладрама: пры стварэнні вобразаў драматург у яркіх абставінах умела раскрывае пачуццёвы свет герояў, эксперыментуючы на тонкай мяжы кантрастаў — дабрыні і зла, любові і нянавісці... Праз няпростыя ўзаемаадносіны дзеючых асоб стваральнікі спектакля даследуюць глыбокія маральна-этычныя праблемы: дэфіцыт клопату, суперажывання і спагады паміж блізкімі людзьмі, якія праяўляюцца ў сучасным грамадстве.

Дзеянне адбываецца ў раённым горадзе N, дзе застаўся апошні франтавік. Сапраўды, час няўмольны да тых, хто пабачыў на свае вочы ўсе жахі вайны і мужна перажыў іх. Як таго б нам ні хацелася, але пройдзе час, і здарыцца так, што з салдатаў той неўміручай перамогі застанецца адзін у цэлай краіне. А пакуль — ткачоўскі Іван Асокін вярнуўся дахаты жывым, хоць і з адчувальнай адмецінай вайны — куляй пад сэрцам. Не думаў і не спадзяваўся, што ў мірным жыцці яму будзе не прасцей, чым там, на перадавой. Пад Магілёвам, Смаленскам, Курскам, Берлінам. Драма разгортваецца пасля таго, як, запрасіўшы былога воіна да сябе, кіраўнік раёна ў знак удзячнасці за здзейсненае ім на ратным полі даў франтавіку белы ліст і папрасіў выкласці на ім свае просьбы. Нешта накшталт той Залатой рыбкі атрымалася: усе, што пажадаеш, выканаем, ты заслужыў. Дзеці Асокіна, якія даўно забыліся на свайго бацьку, празнаўшы пра такую шчодрасць улады, прыбеглі да яго, каб не прамінуць хапнуць тыя нечаканыя даброты...

Няпростыя перыпетыі, што разгортваюцца на сцэне, выклікаюць гледачоў на глыбокі роздум аб сэнсе існавання і складаемых чалавечага шчасця. Шчодрымі апладысментамі адзначылі гледачы таленавітую ігру заслужанага артыста Беларусі Рыгора Белацэркоўскага (ён выканаў ролю Івана Асокіна), а таксама майстроў магілёўскай сцэны Аляксея Цыбіна, Галіны Угначовай, Ірыны Дунчанкі і іншых удзельнікаў спектакля.

Дарэчы, як прызнаецца «Р» аўтар п’есы гомельскі драматург Васіль Ткачоў, пасля заканчэння пастаноўкі ён атрымаў вялікае ўзрушэнне: дадаткам да дружных глядацкіх авацый (а прэм’еры «Апошняга» ў Магілёве прайшлі пры аншлагу. — Аўт.) сталі прыгожыя кветкі ад землякоў, з роднай яму Рагачоўшчыны. Як пазней высветлілася, даведаўшыся пра прэм’еру, група работнікаў дзіцячага дома «Чырвоны араты», што ў Рагачоўскім раёне, заказала білеты і прыехала ў Магілёў.

— Маё пасляваеннае дзяцінства пахла порахам, — згадвае Васіль Ткачоў. — З вайны пашчасціла вярнуцца бацьку, ды і ў роднай маёй вёсцы я не мог абыякава прайсці каля помніка салдату на брацкай магіле чырвонаармейцаў, якія склалі галовы ў баях за нашу зямлю. Усе прозвішчы іх ведаў, як імёны родных. Таму п’есы, што закранаюць тэму подзвігу суайчыннікаў у змаганні з нямецкімі захопнікамі, для мяне асаблівыя, іх нібы прапускаю праз уласнае сэрца. Многія з іх — «Бліндаж», «Пераправа на Казантып» і, канешне ж, «Апошні» — атрымалі сваё сцэнічнае жыццё, «Марш Шульгіна», «Доскі», «Кветкі і тайнае каханне Макізара», веру ў гэта, чакаюць яшчэ сваёй сустрэчы з гледачамі.

Дарэчы, з Магілёўскім драматычным тэатрам у драматурга Васіля Ткачова — сяброўства, праверанае часам. На сцэне гэтага тэатра ў 1985 годзе ён дэбютаваў з п’есай «Сівы бусел». Адметна, што і ў той пастаноўцы галоўную ролю — вяскоўца Фядоса Сталетава — сыграў Рыгор Белацэркоўскі. 130 разоў спектакль ставіўся на сцэне, і не толькі ў Магілёве, але і ў час летніх гастроляў тэатра ў Расіі і ва Украіне. Застаецца спадзявацца, што і ў «Апошняга» жыццё на сцэне будзе такім жа доўгім і паспяховым. Прынамсі, многія шчасліўчыкі, якія пабылі на прэм’еры, у якасці сувеніраў панеслі з сабой праграмкі спектакля, арыгінальна вырабленыя ў выглядзе салдацкага пісьма-трохкутніка. А пакуль п’еса «Апошні» працягвае творчую вандроўку. Яе днямі, праўда пад іншай назвай — «Белы ліст», прыняў да пастаноўкі Усурыйскі драматычны тэатр Паўднёвай ваеннай акругі, рэжысёрам-пастаноўшчыкам выступіў сам кіраўнік названага тэатра заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі Мікалай Сталбаушкін.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter