Кветкі ад Янкі Купалы

Зборнік вершаў “У свеце дабрыні” выдадзены да 100-х угодкаў паэтэсы Эдзі АгняцветЦёплыя, шчырыя, з гумарам і заўсёднай выдумкай – такія ў яе вершы. Лёгка чытаюцца, запамінаюцца, і між радкоў нібы спружынкі мелодый напяты. У тым лёгка пераканацца, гартаючы зборнік “У свеце дабрыні”, што выйшаў да сотых угодкаў паэтэсы. Помніцца, мой сябар-кампазітар Уладзімір Сарокін, ужо нябожчык, з вялікай павагай гаварыў пра Эдзі Сямёнаўну, цаніў дружбу з 80-гадовай паэткай і напісаў на яе творы нямала дзіцячых песень. Вось такі быў у іх “дыялог пакаленняў”…
Зборнік вершаў “У свеце дабрыні” выдадзены да 100-х угодкаў паэтэсы Эдзі Агняцвет

Цёплыя, шчырыя, з гумарам і заўсёднай выдумкай – такія ў яе вершы. Лёгка чытаюцца, запамінаюцца, і між радкоў нібы спружынкі мелодый напяты. У тым лёгка пераканацца, гартаючы зборнік “У свеце дабрыні”, што выйшаў да сотых угодкаў паэтэсы. Помніцца, мой сябар-кампазітар Уладзімір Сарокін, ужо нябожчык, з вялікай павагай гаварыў пра Эдзі Сямёнаўну, цаніў дружбу з 80-гадовай паэткай і напісаў на яе творы нямала дзіцячых песень. Вось такі быў у іх “дыялог пакаленняў”…
Творчую эстафету паэтэса, што выдала амаль 30 зборнікаў, пераймала і ад Янкі Купалы. Кажуць, “кветкавы” псеўданім з’явіўся ў мінчанкі Эдзі Каган якраз з яго блаславення. Зрэшты, сама яна ў аўтабіяграфіі згадвае іншыя кветкі ад класіка. Калі вучылася ў сёмым класе, настаўнік заўважыў яе талент, параіў звярнуцца да Купалы. Паэтка ўспамінала: “Пасля доўгіх ваганняў і сумненняў, я ўсё ж пайшла на Кастрычніцкую вуліцу. Доўга хадзіла па ёй, баючыся пастукаць у запаветную брамку. ...Да мяне выйшаў высокі светлы чалавек, паглядзеў добрымі, праўдзівымі вачыма і папросту запрасіў зайсці ў хату. Помню вялікі круглы стол, на якім ляжала мноства кніг і часопісаў. Янка Купала запытаўся, што чытаюць мае школьныя таварышы і я сама. Параіў старанна вучыцца, чытаць творы Някрасава, Шаўчэнкі, Горкага, Багдановіча... Для паэта на пачатку творчага жыцця вялікае значэнне мае першае, пачутае ад старэйшага, добразычлівае слова, – яно акрыляе, падтрымлівае веру ў свае сілы. ...На развітанне Янка Купала нарэзаў букет ружаў. Ніколі ў жыцці потым я не бачыла такіх дзівосных ружаў. Калі вярталася дадому, мне здавалася, што кожны сустрэчны ведае: я нясу букет, падораны Янкам Купалам!”
У ваенную пару Эдзі Агняцвет жыла ў Ташкенце, і другі класік спрычыніўся да яе лёсу. Чытаем у аўтабіяграфіі: “Сапраўдным бацькам у час вайны з’явіўся для мяне Якуб Колас. Сваімі клапатлівымі, цёплымі адносінамі ён падтрымаў мяне ў самыя цяжкія хвіліны жыцця”. “Пляменнік Эдзі Сямёнаўны, Бахціяр Бахціяраў, перадаў у “Вясёлку” дзённік паэтэсы з тых часоў, – днямі дзяліўся навіной галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”, пісьменнік Уладзімір Ліпскі. – Яна піша, напрыклад, як разам з Коласам выступала ў шпіталях у 1942 годзе – чытала вершы. Вельмі цікава!”
З часопісам для дзяцей “Вясёлка” ў паэтэсы было вельмі моцнае сяброўства, і ў зборніку “У свеце дабрыні” сабраны амаль сто яе вершаў, змешчыных у выданні: ад 1957 да 1999 года. Прычым з тымі малюнкамі розных мастакоў, як было ў “Вясёлцы”. Выданнем зборніка, дарэчы, распачата адметная серыя “Бібліятэка часопіса “Вясёлка” – гэта сумесны праект рэдакцыі і выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter