Кветак сціплыя фарбы

У Батанічным садзе пройдзе чэмпіянат краіны па фларыстыцы

Чэмпіянат краіны па прафесійнай фларыстыцы пройдзе ў Цэнтральным батанічным садзе 16—17 мая.

Тэма спаборніцтва «Вобразы. Эмоцыі. Асацыяцыі» звязана з Міжнародным днём біялагічнай разнастайнасці, які святкуецца

22 мая і сваімі мерапрыемствамі прыцягвае ўвагу людзей да праблем аховы дзікай прыроды. Васьмярых удзельнікаў з Беларусі, Расіі і Эстоніі чакае тры заданні. Спачатку яны ўпрыгожаць лаўку на алеі клёна серабрыстага, затым змайструюць сэрца з кветак.

— У канцы спаборніцтва фларысты створаць «букеты для зоркі», якія ў апошні дзень конкурсу гледачы ўбачаць на дэфіле мадэляў, — расказвае загадчыца сектара інфармацыйна-асветніцкай работы Цэнтральнага батанічнага сада НАН Алена Сакурэнка. — Адбудзецца таксама і выступленне эстрадных выканаўцаў. Прыйсці на конкурс фларыстаў можа кожны, купіўшы традыцыйны ўваходны білет у сад.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter