Чаму ў Мінскай вобласці не выкарыстоўваецца больш за 700 дзяржаўных жылых памяшканняў

Кватэры зачакалiся гаспадароў

Двухпакаёвая кватэра ў новабудоўлі ў райцэнтры, блакаваны дом у вёсцы і жылое памяшканне ў Мінскім раёне. Што іх аб'ядноўвае? Тое, што яны пустуюць, i доўгі час. У цяперашнi момант толькі ў Мінскай вобласці больш за 700 дзяржаўных жылых памяшканняў чакаюць сваіх жыхароў. Чаму ў іх не заязджаюць навасельцы і што для гэтага трэба зрабіць, даведвалася карэспандэнт «Рэспублікі».

ФОТА З АРХІВА КДК МІНСКАЙ ВОБЛАСЦІ

Метры да запатрабавання

На праблему пустуючага жылля звярнулі ўвагу спецыялісты Камітэта дзяржкантролю. Вынікі, якiя яны зрабiлi пасля праверкi, прызнаюся, уразiлi.

— У Мінскай вобласці да пачатку года выяўлена 721 пустуючае жылое памяшканне, — удакладняе лічбы намеснік начальніка ўпраўлення кантролю дзяржаўнай уласнасці і выкарыстання зямель Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці Марына Платко. — Праблема не толькі ў тым, што яно запатрабавана. А ў тым, што ўтрымліваецца такое жыллё ў нездавальняючым стане. За яго захаванасцю ніхто не сочыць. Хоць гэта — прамы абавязак мясцовых уладаў.

У той жа час, у райцэнтрах чарга на жыллё ёсць. У тым жа Любанскім раёне на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў знаходзяцца больш за тысячу чалавек, з іх 84 — у гарадскім пасёлку Урэчча. У былым ваенным гарадку ёсць некалькі жылых памяшканняў, якія прастаіваюць без справы. Як у аднапавярховым доме на чатыры кватэры па адрасе: Урэчча, 97. У трох жывуць людзі — гэта відаць па пластыкавых шклопакетах і акуратна абгароджаным дворыку. У адной з кватэр гуляе вецер. Суседства, скажам, малапрыемнае. Халодная сцяна ў сумежным жыллi, адкрыты доступ для розных асоб. Хоць у пустым жыллі, а такога ў раёне 132 адзінкі, маглі б жыць сем'і.

Ёсць дзяржаўнае жыллё, якое не засяляецца гадамі. Марына Платко прыводзіць прыклад Валожынскага раёна. Там дзве кватэры пустуюць з 1988 і 1990 гадоў. Шчыра кажучы, цяжка ўявіць, у што яны ператварыліся без належнага догляду. Праўда, кватэры гэтыя на балансе дарожна-будаўнічага прадпрыемства.

Барысаў і раён. Тут без жыхароў стаяць 120 жылых памяшканняў. У спісе незаселенага жылля ёсць і новае. Пры тым, што ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў — больш за 12 тысяч сямей. Зразумела, што засяленне ў гэтую сотню кватэр сітуацыю не выратуе. Але чарга на жыллё стане карацей.

Мясціны з пустуючым жылфондам можна пералічваць доўга. Мінскі, Вілейскі, Пухавіцкі раёны. У Мінскім, напрыклад, незаселеная амаль сотня жылых памяшканняў.

Затраты на ўтрыманне

— Выяўляем пустуючы жыллёвы фонд і выносім рэкамендацыі аб яго засяленні ўласніку жылля, — удакладняе Марына Платко. — Выкананне рэкамендацый адсочваем.

З-за чаго такая пільная ўвага праблеме? Жыллё стаіць, есці яно не просіць. Хаця тут як паглядзець. Па-першае, пустыя кватэры могуць быць запатрабаваныя. Па-другое, на іх абслугоўванне трацяцца даволі вялікія сродкі. Тым больш што шматлікія ў даволі жаласным стане. Некаторыя дамы, напэўна, прасцей знесці, чым рамантаваць. Але факт застаецца фактам. Іх трэба ўтрымліваць, а гэта страты для балансатрымальніка. У тым жа Барысаве ўтрыманне пустуючага жылфонду за тры гады абышлося ў больш за 36 тысяч рублёў. Па пяці раёнах вобласці і ў Жодзіна выдаткі на ўтрыманне пустуючага жылфонду ў 2015—2018 гадах склалі 76 тысяч рублёў.

Часам пустуючае жыллё выглядае так звонку
Фота з архіва КДК Мінскай вобласці

Здаўшы такое жыллё ў арэнду штомесяц, дзяржава нават з аднапакаёвай кватэры зарабіла б 20—50 рублёў, упэўнена спецыяліст. Плюс камунальныя паслугі не прыйшлося б аплачваць за кошт дзяржавы.

Прыняць па фактычным стане

У Мінскім абласным выканаўчым камітэце аб свабодных жылых памяшканнях ведаюць. Спецыялісты не пярэчаць: іх трэба выкарыстоўваць па прызначэнні. Усяго ў вобласці 13 758 жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання. З іх не заселена 298 памяшканняў камунальнай раённай уласнасці. Менавіта на такія могуць прэтэндаваць тыя, хто стаіць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў. Лічбы прыводзіць намеснік начальніка ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінскага аблвыканкама Вольга Кавецкая.

Галоўная праблема ў тым, што жыллё камерцыйнага выкарыстання павінна адпавядаць спажывецкім якасцям. У Жыллёвым кодэксе выразна прапісана: жылое — гэта прызначанае для пражывання грамадзян памяшканне, якое ацяпляецца і з натуральным асвятленнем, адпавядае санітарным нормам, правілам і гігіенічным нарматывам і іншым тэхнічным патрабаванням. Інакш у яго нельга засяляць людзей. Свабодныя жылыя памяшканні, у большасці сваёй перададзеныя ва ўласнасць раёнаў з рэспубліканскай уласнасці па фактычным стане, маюць патрэбу ў рамонце. Фінансы на іх бягучы рамонт выдзяляюцца са спецыяльнага рахунку аблвыканкама. На гэты спецрахунак паступаюць сродкi, атрыманыя ад прадастаўлення жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання. Арганізацыяй работы па зборы і пералічэнню сродкаў у вобласці займаюцца райвыканкамы, Жодзінскі гарвыканкам і ўпаўнаважаныя арганізацыі. І 90 працэнтаў грошай, якія паступілі, ідуць на набыццё і будаўніцтва жылых дамоў, а таксама рэканструкцыю капітальных будынкаў пад жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання. Астатнія 10 працэнтаў накіроўваюць на бягучы рамонт вызваленых жылых памяшканняў. Не так шмат, як хацелася б. Але прапорцыі гэтыя вызначаны заканадаўча. Дарэчы, калі свабоднае жылое памяшканне будзе не запатрабавана, то ўкладваць грошы ў яго рамонт ніхто не будзе. Мэтазгоднасць бягучага рамонту прызнае спецыяльная камісія, створаная са спецыялістаў райвыканкамаў.

І ўсё ж, незаселеныя дзяржаўныя дамы і кватэры не закінутыя. На іх бягучы рамонт са спецрахунку аблвыканкама ў 2016 годзе накіравана амаль 95 тысяч рублёў. У мінулым годзе — больш за 150 тысяч рублёў. Гэта значыць, што парадак у гэтай сферы хоць і павольна, але дакладна наводзіцца.

misnik@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter