Калі б нам прапанавалі сёння карту напояў беларусаў, скажам, трохсотгадовай даўнасці, мы не на жарт здзівіліся б

Квасок на пасашок

Калі б нам прапанавалі сёння карту напояў беларусаў, скажам, трохсотгадовай даўнасці, мы не на жарт здзівіліся б

Вядома, мы не ўбачылі б там модных сёння махіта ці бэйлісу, але разнастай­­насць прадстаўленых напояў нас адназначна ўразіла б. Квас, кісель, сыта, збіцень, кляновік, крупнік, крамбамбуля... і нават кава!

Але найбольш папулярнымі напоямі на тэрыторыі Беларусі былі квас, мёд і піва. Квас, дарэчы, згадваецца яшчэ ў “Аповесці мінулых гадоў”, напісанай Нестарам у пачатку XII стагоддзя. Часцей за ўсё яго гатавалі з жытняга хлеба, жытняй (часам пшанічнай, аўсянай, ячменнай) мукі, жытняга і ячменнага соладу. Але праяўлялі продкі беларусаў і вынаходлівасць — варылі квас з мёдам, хрэнам, лісцем чорнай парэчкі і нават з буракоў! Гатавалі квас таксама на кляновым і бярозавым соку.

А колькі разнастайных напояў было на аснове мёду! Прасцей за ўсё варылася медавуха. Усё, што было неабходна для яе, — гэта вада, мёд і дрожджы. Збіцень таксама гатавалі з мёдам, толькі яшчэ з дабаўленнем спецый і траў — карыцы, кардамону, мускатнага арэха, імбіру, лаўровага ліста. Пілі збіцень гарачым, асабліва ў халодныя дні — і каб сагрэцца, і каб абараніць сябе ад прастуды.

З мёдам, спецыямі і травамі, праўда, на аснове гарэлкі, гатаваўся і крупнік. Традыцыйна яго падавалі гарачым у маленькіх кубачках. Але ў сялянскіх дамах яго пілі прама са шклянак або вялікіх драўляных лыжак.

На аснове мёду гатавалі і спецыяльныя абрадавыя напоі. Да прыкладу, сыту, якая абавязкова прысутнічала на памінальным стале. Існавалі і іншыя абрадавыя напоі. Напрыклад, на куццю варылі аўсяны кісель, на Купалле — кулеш з ягад, жытняй мукі і мёду. Пілі беларусы таксама бярозавікі і кляновікі, кампоты з ягад і, як гэта ні дзіўна, каву!

Як расказвае беларускі культуролаг Сяргей Харэўскі, каву на тэрыторыю Беларусі прывезлі ўдзельнікі Венскай бітвы, якая адбылася ў верасні 1683 года. Войскі германскіх князёў і Рэчы Паспалітай пад камандаваннем польскага караля і вялікага князя літоўскага Яна III Сабескага разбілі армію Асманскай імперыі, якая асадзіла Вену, і тым самым палажылі канец захопніцкім войнам асманцаў у Еўропе. Акрамя перамогі, боку, на якім ваявалі беларусы, дасталіся і ўсе багацці турэцкіх войскаў. Сярод іх аказаўся абоз з васьмю тонамі кавы і рознымі прыстасаваннямі для яе прыгатавання. Так і з’явілася кава на тэрыторыі Беларусі. Перанялі беларусы і назву напою. Турэцкае kahve гучыць па-беларуску як “кава”.

Міла Голуб
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter