100 гадоў таму Казімір Малевіч намаляваў свой знакаміты «Чорны квадрат»

Квадратны юбілей

100 гадоў таму Казімір Малевіч намаляваў свой знакаміты «Чорны квадрат». Мастак прадставіў яго ў 1915 годзе на выставе «0,10», дзе размясціў працу на самым прыметным месцы, у так званым чырвоным куце, дзе звычайна вешаюць іконы. Інтэлектуальны прарыў, здзек над гледачом, чорная дзірка, знак новай эры, партал у іншае вымярэнне, вароты пекла, пачатак усіх формаў, абраза ўсёй гісторыі мастацтва, новы культурны код. Здаецца, у гісторыі жывапісу проста няма іншага прыкладу, калі праз сто гадоў пасля напісання карціны пра яе працягваюць так востра, так непрымірыма спрачацца.



Спецыялісты па творчасці Ма­левіча змаглі вызначыць дакладны дзень нараджэння «Чорнага квадрата» — 8 чэрвеня па старым стылі, або 21 чэрвеня — па новым. Але гісторыя яго з`яўлення не зусім стандартная — сеў, намаляваў...

У 1913-м піцерскія футурысты — кампазітар Міхаіл Мацюшын, паэты Велімір Хлебнікаў і Аляксей Кручаных — запрасілі свайго сябра Малевіча аформіць іх эксперыментальную оперу «Перамога над Сонцам». Ён распрацаваў дэкарацыі і касцюмы для пастаноўкі ў футурыстычным стылі (ад лац. futurum — «будучыня»), выкарыстоўваючы камбінацыі геаметрычных фігур. Назва оперы — алегарычны выраз зацьмення. У гэтай з`яве спрадвеку бачылі дрэннае прадвесце, але аўтары оперы вызначылі станоўчы сэнс: перамогу новага свету над старым, навукі і тэхнікі — над прыродай, розуму — над стыхіяй. 



Вясной 1915-га Мацюшын папрасіў Малевіча падрыхтаваць эскізы сваіх дэкарацый для выдання брашуры пра футурыстычную оперу. У час працы над імі мастака азарае: ён зафарбоўвае на палатне іншыя абстрактныя фігуры, накладваючы чорны квадрат, і такім чынам рэалізуе ідэю зацьмення Сонца. Светлая акантоўка па баках квадрата — сонечныя промні. 

Адным канцэптуальным ходам Малевіч рассунуў рамкі палатна да меж космасу. Чорны квадрат, крыж і круг — фундаментальныя сімвалы — ён абвясціў трыма кітамі новай абстрактнай плыні ў жывапісе, супрэматызму (ад лац. supremus — «вышэйшы»), якая адкрывае касмічную эру. 

Усяго «Чорных квадратаў» Малевіча — чатыры, і ўсе яны захоўваюцца ў Расіі. Першы знаходзіцца ў Трацякоўскай галерэі. Другі з`явіўся праз сем гадоў для біенале ў Венецыі. Ён вісіць у Рускім музеі ў Піцеры. Трэці варыянт — дакладнае паўтарэнне першага. Ён напісаны ў 1929-м для персанальнай выставы Малевіча ў Трацякоўцы. А чацвёрты «квадрат» мог быць створаны ў 1932 годзе. Даведаліся пра яго выпадкова ў 1993-м, калі ў Самары малады чалавек (гавораць, сваяк Малевіча) прынёс у банк палатно ў заклад за крэдыт. Карціну ацанілі ў 250 тыс. долараў, а праз нейкі час яе выкупілі для «Эрмітажа» за 1 млн долараў.

Дарэчы

У канцы 1920-х — пачатку 1930-х «Чорны квадрат» знаходзіўся ў пастаяннай экспазіцыі Трацякоўскай галерэі, але пасля артыкула ў газеце «Праўда» ўвесь авангард апынуўся па-за законам. У 1936-м усе працы трапілі ў фондасховішча і 50 гадоў не паказваліся. Зноў выстаўляць «Чорны квадрат» пачалі ў сярэдзіне 1980-х. 

Святлана ЮРАШОВА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter