Строительство начинается с геологических испытаний

Квадракоптары над абноўленымі масівамі

РУП «Белгіправодгас» — базавы інстытут па праектаванні водагаспадарчага і меліярацыйнага будаўніцтва. Амаль паўтары сотні яго спецыялістаў займаюцца пошукам і праектаваннем аб’ектаў меліярацыйнага, водагаспадарчага, гідратэхнічнага, рыбагаспадарчага і дарожнага будаўніцтва, а таксама перспектыўным праектаваннем, водным добраўпарадкаваннем населеных пунктаў, вырашэннем розных экалагічных праблем.

Дырэктар Алег БАЦЮШКА, інжынер-гідролаг першай катэгорыі Андрэй КОЗЫРАЎ і намеснік галоўнага інжынера Васіль МАЁРЧЫК. 

Амаль за сем дзесяцігоддзяў дзейнасці па праектах спецыялістаў інстытута асушана звыш за 2,5 мільёна гектараў беларускіх балот, пабудаваны арашальныя сістэмы, рыбныя гаспадаркі, вяслярны канал міжнароднага значэння, адноўлены Аўгустоўскі канал, якому амаль два стагоддзі. Пабудавана некалькі гідраэлектрастанцый, праведзена дэмаркацыя дзяржаўнай мяжы з Літвой і Латвіяй.

Багаты пакет заказаў у калектыва на выкананне геалагічных работ і сёлета. І заробкі на прадпрыемстве адпаведныя. Па выніках мінулага года ў сярэднім на аднаго працуючага яны перавысілі 1100 рублёў у месяц.

Дырэктар Алег Бацюшка адзначае: акрамя дзяржзаказу па інвентарызацыі абноўленых зямель і правядзення геадэзічных даследаванняў меліярацыйных аб’ектаў інстытут выконвае шэраг іншых геадэзічных паслуг. На тэрыторыі Любанскага і Салігорскага раёнаў вядуцца даследаванні для распрацоўкі дакументацыі па водаадводу. На месцы калійнага радовішча заўважна прасеў грунт, і ўзнікла неабходнасць адводу грунтовых вод ад навакольных вёсак. На праектуемых польдэрах плануецца ўстаноўка помпавых станцый. Цікаўлюся ў Алега Анатольевіча: на якіх яшчэ аб’ектах задзейнічаны спецыялісты інстытута?

— Пасля завяршэння праектнай дакументацыі па дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы з прыбалтыйскімі рэспублікамі нашы супрацоўнікі трэці год займаюцца праектаваннем беларуска-ўкраінскага памежжа. Праектныя работы пачалі з тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Фінансуе работы еўрапейская супольнасць. Але ўсё ж асноўны напрамак дзейнасці калектыву — выкананне дзяржзаказу па абслугоўванні меліяраваных зямель.

Даследаванні глебы праводзяць начальнік геатэхнічнай лабараторыі Данута КРЫВЕЦ і інжынер першай катэгорыі Людміла ДРОБАВА.

— А якой вам бачыцца перспектыва дзейнасці інстытута?

— І надалей у першую чаргу бу­дзем даследаваць абноўленыя масівы для падтрымання іх належнага стану. Вялікую ўвагу выкарыстанню меліярацыйнага фонду рэспублікі надае Кіраўнік дзяржавы. Пытанні эфектыўнасці абноўленых зямель разглядаліся нядаўна ў Маскве на міжнароднай нарадзе, прысвечанай 75-годдзю прыняцця праграмы шырокамаштабнай меліярацыі ў былым Саюзе. У апошнія дзесяцігоддзі паўстала праб­лема ўтрымання вільгаці. Асабліва гэта тычыцца поўдня рэспублікі. Паступова змяшчаюцца кліматычныя зоны. Беларускае Палессе па клімату стала адпавядаць цэнтральнай частцы Украіны.

У праектах выкарыстання абноўленых плошчаў імкнемся захоўваць гідратэхнічныя збудаванні, прызначаныя ўтрымліваць вільгаць. Асноўная іх частка пабудавана паўвека таму, і нарматыўны тэрмін выкарыстання вычарпаны.

У нашых праектах скарачаюцца памеры адкрытай сеткі меліяраваных зямель. Такія каналы патрабуюць дадатковых затрат на эксплуатацыю: ачышчэнне ад заілення, абкошванне расліннасці. Пашыраем тэрыторыі з падземным пракладваннем труб. Па рэкамендацыі спецыялістаў Інстытута меліярацыі прапануецца ўстаноўка закрытых полімерных калодзежаў. Для двухбаковага вод­нага рэгулявання ўсталёўваецца аўтаматычнае ці механічнае прыстасаванне. Гэта дае добры эканамічны эфект. Імкнемся максімальна ўкараняць такое тэхнічнае забеспячэнне.

— Навука не стаіць на месцы. Спецыялісты пры распрацоўцы праектаў, пэўна, прапануюць новаўвядзенні. Якія?

— Раней у меліярацыйных праграмах прыярытэтнай была рэканструкцыя аб’ектаў, цяпер — выкананне рамонтна-эксплуатацыйных работ. Прыемна адзначыць: за апошнія гады значна скарацілася колькасць плошчаў у нездавальняючым стане. Пры распрацоўцы праектаў імкнемся максімальна зніжаць контурнасць палёў. Для правядзення геалагічных даследаванняў маем самае сучаснае тапаграфічнае абсталяванне: ротары, квадракоптары і іншыя прыстасаванні.

У нас захавалася багатая гістарычная база, што дазваляе больш дакладна праводзіць пошукавыя работы. Але самы маштабны занятак — інвентарызацыя меліярацыйных аб’ектаў. Нізкаўрадлівыя плошчы па рашэнні мясцовых улад пераводзяцца ў разрад іншага карыстання. Амаль на працягу двух дзесяцігоддзяў малаэфектыўныя плошчы не спісваліся. Летась нашы спецыялісты правялі інвентарызацыю. На аснове гэтых даследаванняў  вобласці падрыхтавалі дакументы для прыняцця Урадам рэспублікі рашэнняў па спісанні нізкапрадукцыйных меліяраваных зямель.

Па-баявому настроены калектыў інстытута працаваць далей. Прыемна адзначыць, што ва ўмацаванні харчовай небяспекі краіны ёсць і доля працы нашага дружнага калектыву.

— Алег Анатольевіч, напярэдадні прафесійнага свята, да якога супрацоўнікі «Белгіправодгаса» маюць самае непасрэднае дачыненне, дазвольце пажадаць новых працоўных здзяйсненняў!

subbat50@mail.ru

 Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter