9 лістапада мая родная Градзянская школа ў Асіповіцкім раёне святкуе свой стогадовы юбілей
У ТОЙ час, калі я вучылася, класамі былі драўляныя хаткі — настаўніцкая, буфет, бібліятэка, майстэрні, дзе станкі і верстакі — для хлопчыкаў, для дзяўчынак жа — швейныя машынкі. Мае першыя настаўнікі — Аляксандр Ланеўскі, Аляксандр Варывончык, Аляксандра Горская, Еўстафій Цвырко, Валянціна Рубіс, Ніна Фінкевіч. Шкада, нікога з іх не засталося. Вечная ім памяць...
Вёска наша тады была вялікая. Шмат моладзі, таму і вучняў было шмат. Кожны год набіралі па два класы: «А» і «Б». Ды па 27—30 чалавек у кожны. Хадзілі да нас у школу і дзеці з суседніх вёсак: з Лазовага, Асаўка, Каменіч.
Мы і вучыліся старанна, і працавалі на школьным доследным участку. Вырошчвалі гародніну, збіралі яблыкі ў школьным садзе. Да святаў ладзілі ў вясковым клубе вечарыны разам з дарослымі! Ну а Новы год быў асаблівым святам! З дапамогай старэйшых стваралі касцюмы да балю-маскараду. І кожны год журы адзначала лепшыя з іх. Пераможцаў узнагароджвалі алоўкамі, цікавай кніжкай, шакаладкай. Колькі было радасці! Гэта цяперашніх дзетак нічым не здзівіць. А мы ўмелі радавацца кожнай дробязі...
Зараз у Градзянцы — двухпавярховая цагляная школа. Такая прыгожая! Нават ёсць актавая і спартыўная залы, і дырэктар Ганна Валасевіч — маладая, прыгожая, энергічная жанчына. Адна бяда — амаль няма вучняў. Па пяць-шэсць чалавек у класе. Вымірае вёска. І што рабіць? Ад крыўды хочацца крычаць уголас. Родная мая школа! Я жадаю, каб нешта змянілася. І ты жыла доўга-доўга, яшчэ не адно стагоддзе! Бо без цябе асірацее вёска, як маці. Я віншую цябе, мая школа, са святам! І дарую табе свой сціплы верш.
Храм навукі...
Я помню вёску нешчарбатай
І астравок драўляных хатак —
Дзяцінства храм і храм навукі,
Куды мы беглі без прынукі.
Партфелі неслі і чарнілкі,
Рабілі першыя памылкі,
Але вучыліся старанна
У гэтых доміках драўляных
Пісаць, лічыць і жыць сумленна.
Калі настаўнік ставіў «дрэнна»,
Каторы вучань плакаў нават,
Бо бацька рэмнем «кратаў» памяць.
...Прамчаўся час. Мы пасталелі,
Нібыта птушкі, у свет зляцелі.
А сёння школе 100 гадоў!
Падумаць — цэлае стагоддзе!
Бацькоў вучыла і братоў
Паміж сабою жыць у згодзе.
Дый не драўляная ўжо, новая —
Цагляная, двухпавярховая!
Спартыўная ёсць зала, актавая!
Квітней, дзіцячых мар Галактыка!
Ад сэрца шчырага віншую
Дзяцей, настаўнікаў, тэхнічак.
І, як паэтка, вам дарую
З радкоў букет свой невялічкі.
Упэўненых, сябры, вам крокаў
І поспехаў на ўсіх уроках!
Лёля БАГДАНОВІЧ, былая вучаніца Градзянскай СШ, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік літаб’яднання «Натхненне» г. Барысава