Праскоўя Жалезная не змяняе традыцыйныму ткацтву ўжо 70 гадоў

Кужэльных намітак сувой

У ГАНЦАВІЧАХ 20 гадоў таму  пачалі збіраць калекцыю да будучага Дома рамёстваў. У той час у гэтую працу актыўна ўключылася раённае аматарскае аб’яднанне — клуб майстроў народнай творчасці «Багач». Ля вытокаў гэтага праекта стаяла Праскоўя ЖАЛЕЗНАЯ (на здымку) з вёскі Люсіна — самая знакамітая на ганцавіцкай зямлі ткачыха, вышывальшчыца і вязальшчыца. Усе работы Праскоўі Піліпаўны незвычайныя, адмысловыя, самабытныя. Але больш за ўсё захапляюць не толькі яркія вышыванкі, а яе тканыя вырабы: посцілкі, ручнікі, наміткі (спецыяльныя галаўныя ўборы для замужніх жанчын). Іх, бадай, за ўсё сваё жыццё майстрыха выткала не адзін кіламетр. І калі б раскруціць кужэльны сувой танюткага палатна Праскоўі Піліпаўны, то беласнежнай сцяжынкай не адзін раз можна было ахінуць яе родную вёску Люсіна.


МЫ засталі цудоўнага майстра за працай. З парога Праскоўя Піліпаўна прыгадвае:

— За кросны села ў семігадовым узросце. Тады і выткала сваё першае палатно. 3 часам набіла руку, і пачалі атрымлівацца больш тонкія палотны і наміткі. Цяжэй і адказней было ткаць наміткі, таму што яны з’яўляюцца не толькі побытавым атрыбутам, але і нясуць у сабе пэўны сакральны сэнс.

Бабуля Праскоўя ідзе да шафы, адчыняе дзверцы, а там — сувоі кужэльных намітак акуратненька ляжаць на паліцы. Ткала яна іх доўгімі зімовымі вечарамі на розныя жыццёвыя прычыны, радасныя і сумныя. Варажыла-шчыравала Праскоўя Піліпаўна над кужэльным палатном, каб кожная намітка выйшла адметная, з асаблівым узорам, з адмысловай энергетыкай.

Праскоўя Жалезная паказвае палатно, на якім нібыта выбіты чырвонымі ніткамі ўзор, і сапраўды ён у нечым падобны на лаву ці лаўку: “Паглядзіце, на гэтай намітцы вытканы ўзор, які ў нашай вёсцы чамусьці называюць «лаўка». А вось наступны ўзор  — «жучок», а ёсць яшчэ «маскоўчык» і «сарока». 

Жанчына пачынае прыгадваць сваё далёкае дзяцінства, калі, павязаўшы на галаву намітку, жанчыны-жнейкі ішлі зажынаць жыта ў полі, ладзілі старажытны абрад зажынак. Першыя залацістыя снапы спелага і духмянага збожжа перавязвалі паяскамі, на якія нанізвалі ключы, а затым дарылі гаспадыні поля, а сноп збожжа ўручалі гаспадару.

Ні адна важная ці лёсавызначальная падзея ў жыцці чалавека не абыходзілася без намітак і паясоў. У сваты ішлі — абавязкова з сабой бралі паясок і намітку. Далікатным кужэльным палатном абвязвалі на вяселлі сватоў, намітку дарылі бабцы-павітусе, калі нараджалася дзіцятка. Намітка суправаджала чалавека і ў яго апошні шлях. У Люсіне, дарэчы, яшчэ і сёння захавалася старажытная традыцыя апускаць труну ў магілу менавіта на намітцы.

З сумам майстрыха дадае, праводзячы паралелі паміж мінулым і сучасным:

— Зараз ужо многае страчана і забыта. Людзі перасталі сустракацца, размаўляць, сталі замкнутымі і чэрствымі. Якія вясёлыя і спеўныя раней ладзіліся вячоркі! Не было ні электрычнасці, ні тэлефонаў, ні тэлевізараў ды камп’ютараў, затое якія мы тады былі шчаслівыя. Збяромся ў каго-небудзь у хаце. На коміне альбо на стале гарыць-тлее лямпа, а мы сядзім вакол яе. Адна дзяўчына вяжа, другая вышывае, трэцяя прадзе ку- дзелю… А святы як раней адзначалі, не тое, што сёння. Варта толькі Купалле прыгадаць. Моладзь з нецярпеннем чакала чароўнай купальскай ноч- кі. Хлопцы загадзя нарыхтоўвалі хмызняк, зрэзвалі сухую яліну, якую ставілі ў сярэдзіне вог- нішча. Яліна павінна быць сукаватая, бо на яе, нібыта ўпрыгожванне, навешвалі адмысловыя маністы са старых лапцяў, ці стопнікаў, як кажуць у нашай вёсцы. Затым на грудках, на беразе Цны, палілі купальскі касцёр, праз які скакалі, спявалі, а потым дзяўчаты пускалі на ваду вянкі — варажылі на свайго суджанага. А яшчэ майстравалі лялькі — Ведзьмака і Ведзьму, якіх потым спальвалі ў кастры.

Слухаючы, з якім захапленем Праскоўя Піліпаўна расказвае пра старадаўнія традыцыі, становіцца зразумела, чаму  перавагу яна аддае менавіта старажытнаму майстэрству ткацтва, а ні вышыўцы і вязанню. Ткацкі станок, які яшчэ да вайны змайстраваў сваяк Праскоўі Жалезнай, бабулька захоў- вае як дарагую сямейную рэліквію. Хаця, як прызнаецца майстрыха, у апошні час кросны не снуе, над палотнамі не шчыруе: хваробы з гадамі ўсё часцей нагадваюць пра сябе. Бабуля Праскоўя 12 жніўня гэтага года адзначыць свой 77 дзень нараджэння. Затое з вялікай ахвотай узімку, калі паменшае сялянскіх клопатаў, тчэ яна свае дзівосныя паяскі- абярэгі, якія з задавальненнем дорыць родным і блізкім. «Большую палавіну сваіх работ параздавала, — прызнаецца рукадзельніца. — Лепшыя ручнікі і вышыўкі — тром нявесткам і ўнукам. А вось нядаўна вышыла падушачкі для дзвюх маленькіх праўнучак».

Дарэчы, сын Праскоўі Піліпаўны Юрый, які жыве ў Санкт-Пецярбургу, пераняў ад маці прагу да рукадзелля, яшчэ ў дзяцінстве навучыўся ткаць і вязаць. Сваім майстэрствам ткацтва Праскоўя Піліпаўна ахвотна дзеліцца з усімі жадаючымі. 

СЦЕЛЕЦЦА бялюткі сувой палатна, аздоблены старажытным арнаментам, распісаны сакральнымі ўзорамі, якія днямі і вечарамі ткала люсінская майстрыха — чараўніца Праскоўя Жалезная. Тонкі, далікатна выбелены кужаль напоўнены энергіяй сонца і зямлі, а яшчэ гаючым цяплом нястомных рук вясковай рукадзельніцы.

Кацярына ЯЦУШКЕВІЧ

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter