Щедрый вечер - время примет и ритуалов

Куцця з каўбасой

Па народнай традыцыі ўвечары 13 студзеня святкавалі другую Багатую, Мясную, або Шчодрую, куццю. У гэты вечар было прынята накрываць багаты стол, які павінен быў забяспечыць прыбытак на працягу ўсяго года. Падавалі каўбасу, сальцісон, грэцкія бліны, сыр, масла, грыбную поліўку, мочаныя яблыкі, квашаную капусту, ягадныя кісялі. Каронная страва — засмажаная або звараная свіная галава — сімвал дабрабыту і пладавітасці. Даўней нашы продкі абавязкова забівалі кабанчыка перад Калядамі — «каб Каляды не гневаліся ды далі на ўсё добры ўраджай, а на гавяду харошы прыплод».


Не абыходзілася вячэра і без абрадавай кашы — куцці. Фалькларысты Янка Крук і Аксана Катовіч успамінаюць цікавую традыцыю. Калi каша падыходзiла, чыгунок вымалi з печы i правяралі яго. Калi ён трэснуў, а каша вылезла з яго або асела, значыць, быць бядзе. Такую пасудзіну выкідвалі. А вось поўны чыгунок, наадварот, прадказваў сям’і шчасце. Часам гаспадыня клала ў прыгатаваную кашу пярсцёнак. Лічылася, калi яго на пачатку вячэры зачэрпне гаспадар, то ўвесь год сям’я будзе жыць багата.

Дзеля дабрабыту і шчасця ў хаце праводзілі і іншыя рытуальныя дзеянні. Палілі старыя мётлы і венікі — лічылася, што тады карова будзе даваць шмат малака. Запальвалі васковую свечку, каб пчолы радавалі мёдам. Кармілі курэй куццёй на разасланым абрусе, каб «прывязаць» іх да дома. У некаторых мясцінах існавала і такое дзіўнае правіла. У Шчодры вечар трэба было штосьці ўкрасці ў свайго суседа, але раніцай гэта ўкрадзенае неабходна было вярнуць. Калі чалавека ніхто не лавіў за гэтым сімвалічным злачынствам, то, лічылася, яго гаспадарцы нішто не пагражае цэлы год. Калі ж адбывалася наадварот, то прадказвалі, што гаспадарку напаткаюць крадзяжы і ўкрадзенае так і не вернецца.

У гэты вечар распачыналася шчадраванне. Калядоўшчыкі ішлі ад хаты да хаты, віншавалі гаспадароў са святам, жадалі здароўя, сямейнага дабрабыту, добрага ўраджаю. У пэўных рэгіёнах аўтэнтычныя калядныя абыходныя абрады право­дзяцца і сёння. Адзін з такіх — абрад «Шчадрэц» у вёсцы Рог Салігорскага раёна. Шчадраванне тут адбываецца з удзелам традыцыйных маскіраваных персанажаў — «казы», «жураўля», «каня», бабы і дзеда з унікальнай берасцяной маскай.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter