«Куточок мылый бырыже хай Бог»

РАСКАЗВАЮЦЬ, што назва гэтага самабытнага калектыву пайшла з лёгкай рукі мужоў яго ўдзельніц. Жонкам часта даводзілася ездзіць на канцэрты, і, не бачыўшы іх доўга дома, мужчыны аднойчы жартам сказалі: «Валацугі». Быццам бы з таго часу народны тэатр гумару, гульні і песні з аграгарадка Хмелева Жабінкаўскага раёна так і называецца — «Хмелеўскія валацугі».

За 12 гадоў свайго існавання лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь калектыў «Хмелеўскія валацугі» з Жабінкаўскага раёна тройчы пацвердзіў званне «народны»

РАСКАЗВАЮЦЬ, што назва гэтага самабытнага калектыву пайшла з лёгкай рукі мужоў яго ўдзельніц. Жонкам часта даводзілася ездзіць на канцэрты, і, не бачыўшы іх доўга дома, мужчыны аднойчы жартам сказалі: «Валацугі». Быццам бы з таго часу народны тэатр гумару, гульні і песні з аграгарадка Хмелева Жабінкаўскага раёна так і называецца — «Хмелеўскія валацугі».

Кіраўнік папулярнага калектыву Наталля Дырман з усмешкай заўважае: «Можа, яно так і ёсць на самай справе». Ужо 12 гадоў разам з сяброўкамі выступае Наталля  на шматлікіх канцэртах у сваім раёне і далёка за яго межамі. За гэты час яны тройчы пацвердзілі ганаровае званне «народны», а нядаўна былі адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у захаванне і прапаганду культурнага і духоўнага здабытку беларусаў, за вялікую работу ў адраджэнні абрадаў і народнага мастацтва. Жанчыны прызнаюцца: атрымаць такую высокую ўзнагароду ад кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі для іх вялікі гонар.

— Толькі ў мінулым годзе мы далі звыш 50 канцэртаў, калі не лічыць юбілейных урачыстасцей, удзелу ў калядных ды іншых абрадах, — распавядае Наталля Дырман. — Стараемся данесці да нашых гледачоў самабытны мясцовы дыялект, вясковы гумар, цікавыя назіранні, жартаўлівыя і сур’ёзныя песні. Мяркуючы па тым, што людзям гэта падабаецца, сваю справу мы робім някепска.

Таццяна Грышчук, дырэктар Хмелеўскага Дома культуры, на базе якога створаны самабытны калектыў, адзначае, што мясцовыя жыхары ад яго выступленняў у захапленні. Людзі ганарацца, што іх вёску не толькі ў сваёй краіне, але і за яе межамі праславілі «Хмелеўскія валацугі». Дасягненні тэатра гульні, гумару і песні сапраўды ўражваюць. У яго ўдзельнікаў свой творчы почырк, усе канцэртныя праграмы, нумары ствараюцца аўтарамі, і публіка прымае іх надзвычай цёпла. Некалькі гадоў таму на абласным конкурсе «Берасцейская забаўлянка» артыстаў з Хмелева расчуленыя гледачы доўга не хацелі адпускаць са сцэны. За ўдзел у гэтым свяце калектыў быў узнагароджаны Ганаровай граматай Брэсцкага абл-

выканкама. Не ад’язджаюць без узнагарод «Хмелеўскія валацугі» і з абласнога фестывалю «Спораўскія жарты», які штогод праходзіць у Бярозаўскім раёне. Тут іх заўсёды вельмі чакаюць, бо ведаюць, што кожнае новае выступленне будзе арыгінальным і непаўторным.

Народны тэатр з Хмелева станавіўся фіналістам нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу аматарскіх музычных калектываў мастацкай самадзейнасці абласцей «Песні маёй краіны», выступаў са сваімі нумарамі на канале АНТ у праграмах «Контуры», «Наше утро», удзельнічаў у ток-шоу «Выбор», падбадзёрваў у час музычных перапынкаў гульцоў інтэлектуальнага клуба «Что? Где? Когда?». Некалькі гадоў назад разам з фальклорным калектывам вёскі Дзяменічы Жабінкаўскага раёна «Хмелеўскія валацугі» выпусцілі кампакт-дыск «Куточок мылый бырыже хай Бог». Творы, якія ўвайшлі ў яго, напісаны на мясцовым дыялекце, які адлюстроўвае шмат адметнасцей не толькі гаворкі, але і быту тутэйшых людзей. А цяпер да выпуску рыхтуецца новы дыск «З Хмэлёва мы! Здрасте!». У ім артысты народнага тэатра гумару, гульні і песні «Хмелеўскія валацугі» падрыхтавалі нямала прыемных сюрпрызаў для сваіх паклоннікаў.

Александр КУРЕЦ, «БН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter