Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У традыцыйнай штогадовай добраахвотнай акцыі “Тыдзень лесу-2017” паўдзельнічалі прадстаўнікі розных этнааб’яднанняў Беларусі

Куточак роднай зямлі

Старшыня Івянецкага аддзела Саюза палякаў на Беларусі Станіслаў Бурачэўскі жартуе: “Жыццё ў мяне склалася: дом свой — сам пабудаваў, дрэва, дый не адно, пасадзіў, дачка  падарыла цудоўнага ўнука”. Якраз для любімага ўнучка пасадзіў дзядуля каля хаты экзатычнае дрэва катальпу. Крона ў яго раскідзістая, шырокая — будзе добра пясочніцу ад сонца ўкрываць. Шмат у дбайнага гаспадара на ўчастку розных відаў яблынь, груш, сліў, алычы. Ёсць і маліна, і агрэст. Вельмі любіць разводзіць ён ружы...

Пра непаўторную прыгажосць беларускіх лясоў вядома далёка за межамі краіны

“Сапраўды цуд: усё расце, квітнее, зелянее, — прызнаецца Станіслаў Іванавіч. — Глядзіш — і душа радуецца”. Наводзіць парадак на зямлі, упрыгожваць родны куток, упэўнены ён, — клопат кожнага з нас. Вось і ў рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу-2017” удзельнічаў Станіслаў Бурачэўскі не ўпершыню. Ужо ў шосты раз кіраўнікі, прадстаўнікі розных нацыянальна-культурных аб’яднанняў Беларусі, пад эгідай апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, высаджваюць дрэвы ў ваколіцах Івянца.

Начальнік аддзела па справах нацыянальнасцяў апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Сасновіч кажа: “ Працавалі мы гэтым разам у Ракаўскім лясніцтве Валожынскага лясгаса. Былі прадстаўнікі нямецкага, польскага, рускага, татарскага, чувашскага нацыянальна-культурнага аб’яднанняў. Усяго — чалавек 12. І сумеснымі намаганнямі высадзілі каля 5 тысяч саджанцаў елкі”.

Кіраўнік Міжнароднага аб’яднання чувашоў “Атал” Генадзь Аляксандраў прызнаецца: “Хоць рукі ад мазалёў некалькі дзён пасля балелі, ды ўсё роўна задаволены: добрую справу зрабілі”.

У папярэднія гады дружная інтэрнацыянальная каманда ўжо высаджвала сосны, елкі, бярозы, а летась у мінскім гадавальніку — бэз. “Цікава было б паглядзець на тыя нашыя першыя сасонкі, што высадзілі ў 2012-м ля вёскі Каралеўшчына пад Івянцом, — кажа Станіслаў Бурачэўскі. — Відаць, вялікія ўжо выраслі. Буду праязджаць міма — абавязкова сфатаграфую, здымкі ўсім разашлю”. А ў тым, што дрэвы тыя добра прыжыліся, ніхто з удзельнікаў штогадовых добраахвотных акцый не сумняваецца.

Працуе Станіслаў Бурачэўскі

“Працуем заўсёды ў добрым настроі, — кажа Аляксандр Сасновіч. — Дружна, весела! І карысную справу робім, і адзін пра аднаго больш даведваемся. Здзівіла сёлета мяне кіраўніца аб’яднання нямецкай культуры “Масты” Вольга Штокман. Чалавек, зразумела, ужо ва ўзросце... Але колькі ні прапаноўваў ёй сваю дапамогу, адмаўлялася. А працавала на роўных, дый нас яшчэ падганяла”.

Дарэчы, сёлетняя акцыя “Тыдзень лесу-2017” — незвычайная: юбілейная, дзясятая па ліку. Прысвячалася яна аднаўленню лясоў, якія былі пашкоджаны стыхійнымі бедствамі. Праводзілася ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Добраахвотнікі высаджвалі дрэвы, закладвалі памятныя алеі, скверы, прыводзілі ў парадак месцы адпачынку ў лесе. У “зялёным” тыдні паўдзельнічалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, прадстаўнікі міністэрстваў энергетыкі, надзвычайных сітуацый, замежных спраў, сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, спорту і турызму, памежнага і следчага камітэтаў, Нацбанка і многія іншыя.

Беларуская зямля яшчэ больш папрыгажэла, і вока радуюць маладыя дрэўцы... Паводле дадзеных Мінлясгаса, на плошчы 25,5 тысяч гектараў ідуць у рост новыя лясы. Болей за 5 тысяч гектараў лесу паса-джана сёлета на тых тэрыторыях, па якіх прайшоўся леташні ўраган.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 18 (3522), чацвер, 18 мая, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter